Нагадаем, калі раней на адной і той жа машыне аўтамабілісту даводзілася выязджаць за межы ЕАЭС (да 2014 года – Мытнага саюза) часцей, чым адзін раз у 8 дзён, то яму трэба было заплаціць пошліну на паліва. Яна залежыла ад пастаянна ставак экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты.

Абмежаванні на вываз паліва былі ўведзеныя пасля дэвальвацыі беларускага рубля ў 2011 годзе. Кошт паліва ў Беларусі ў адносінах да валют моцна знізіўся. Каб не дапусціць вываз яго за межы краіны і дзеля “стабілізацыі абстаноўкі ў пунктах пропуску праз дзяржмяжу Беларусі”, ўлады прынялі шэраг абмежаванняў.

Раніцай AUTO.TUT.BY адправіўся ў пункт пропуску “Каменны Лог”, каб высветліць, ці з’явіліся чэргі з легкавых аўтамабіляў на літоўскім напрамку.

Каля 7:00 траса Е28 каля Мінска была шчыльна загружаная легкавушкамі і грузавымі аўтамабілямі. А вось выехаўшы ў Ашмянскі раён – фінішную прамую, якая вядзе да мяжы, мы ехалі па практычна пустой дарозе, зрэдку абганяючы аўто чацвёртага рэгіёну.

У 8.30 пад’язджаем да чаргі з цягачоў. Грузавікоў не шмат: ад канца чаргі добра праглядаецца ўязны шлагбаўм. А вось легкавікоў у чарзе ў гэты час было ўсяго 5.

– Гэта не чарга. Зараз машыны пад’язджаюць да шлагбаўма, кіроўца атрымлівае талон на ўезд у нашых супрацоўнікаў. Пасля накіроўваецца на пашпартны і мытны кантроль. Машыны амаль не затрымліваюцца, – распавядае Юрый Курта, намеснік начальніка аддзялення пагранічнага кантролю “Каменны Лог”.

Фота tut.by.

Фота tut.by.

Мяркуючы па нумары рэгіёну, усе пяць машын прыехалі з Мінска і Мінскай вобласці. Адна з іх – сярэбраная Peugeot 406. У ёй ехала вясёлая кампанія. Пяцёра хлопцаў скінуліся на паліва і зялёную карту і едуць у Вільню – пагуляць, зайсці ў крамы, папіць піва, а заадно знайсці сабе еўрапейскіх дзяўчат. Аб адмене з 1 верасня абмежаванняў па перасячэнні мяжы хлопцы ведаюць.

 – Гэта вельмі добра! Цяпер стопудова будзем матацца ў Еўропу часцей, – усміхаецца кіроўца Яўген. – У нас на два тыдні зялёная карта, таму разы два дакладна яшчэ з’ездзім. Калі б яшчэ адмянілі гэтыя абмежаванні па вазе і кошту тавару, было б наогул выдатна!

На Volvo ў Літву ехалі двое мужчын “па справах”. Яны таксама ведаюць пра тое, што ездзіць у Еўропу зараз можна часцей за адзін раз у 8 дзён.

– Нам усё роўна. Мы часта ездзім у Вільню ў камандзіроўку. Можам хоць кожны дзень сабе гэта дазволіць, – кажа кіроўца Сяргей. – Але для нас тое, што людзі змогуць ездзіць за мяжу часта, – дрэнна. Чаргі ўтвараюцца, прыйдзецца доўга чакаць афармлення.

А вось мінчуку Валерыю, які ехаў з Мінска ў Каўнас да сябра, ад новаўвядзенняў на мяжы “ні горача ні холадна”.

– Я не часта езджу ў Еўропу. Месяц таму быў у Польшчы, і ў мяне засталася страхоўка. Таму вырашыў прыяцеля наведаць. А калі ў наступны раз рвану, сказаць не магу, не ведаю.

– Якія яшчэ абмежаванні адмянілі? Не чулі … – здзівіліся раварысты, якія ездзяць з Ашмянаў у Вільню практычна кожны тыдзень. – На роварах нам зручна, хутка, танна і забаронаў ніякіх. Затарымся ў краме, а ўвечары дадому вернемся.

Перыядычна да пункта пропуску пад’язджалі дарагія паліраваныя прэміум-аўтамабілі. Але доўга яны не затрымліваліся: з-за адсутнасці чаргі адразу праязджалі далей. Не знайшлося і тых хто вывозіць паліва, каб зарабіць на курсавой розніцы.

– Ой, ды ніхто амаль палівам зараз не займаецца, – разгаварыўся з намі дальнабойшчык. – Хіба што які-небудзь барыга. У Літве дызель каштуе каля 1 еўра, у Беларусі – 0,6 еўра. Розніца 40 цэнтаў. Што гэта за камерцыя такая?

Фота tut.by.

Фота tut.by.

Зрабіць высновы пра тое, ці паўплывала неяк зняцце абмежаванняў па вывазу паліва за межы Беларусі, не могуць і мытныя службы – заўчасна.

– Прайшло толькі 10 гадзін з моманту адмены абмежаванняў. У нас нічога не змянілася – як было, так і засталося, – сказаў Мікалай Сафронаў, начальнік мытнага паста “Каменны Лог”. – Злосных “палівавозаў” мы не бачым. Бывае, што нехта з літоўцаў вязе паліва для сябе. Яны самі кажуць: нам хапае два разы на месяц заліць поўны бак.

Мытнік перакананы, што зараз людзям займацца перавозам паліва для перапродажу неактуальна. Хоць і параіў пацікавіцца гэтым пытаннем яшчэ і ў літоўскіх мытнікаў. Там “палівавозаў” вызначаюць вельмі лёгка.

– У Літве існуе правіла чацвёртага ўезду. Калі машына або чалавек выязджае ў Літву часцей чатырох раз у месяц, ён абавязаны задэклараваць абсалютна ўсё, што вязе, – ад паліва да пачкі цыгарэт – і аплаціць за гэта пошліну.

Аднак не ўсе літоўцы гараць жаданнем заліваць у бак свайго аўтамабіля таннае беларускае паліва.

– Небяспечнае ваша паліва для новых машын, – перакананы каўнасец Валдас. – Я раз у месяц бываю ў Беларусі і ніколі не заліваю паліва на вашых АЗС. Запраўляліся толькі ў Літве і іншых еўрапейскіх краінах. Усё таму, што неяк па дарозе ў Украіну залілі ў Мінску салярку. Так ледзь-ледзь да Львова даехалі: усё фільтры забіліся. Прыйшлося фірмовы сэрвіс у Украіне шукаць і мяняць расходнікі.

Ад’язджаючы ад беларуска-літоўскай мяжы, мы заўважылі, што невялікая чарга, не больш за 10 машын, перад святлафорам ўсё ж з’явілася.

 – Гэтыя машыны пройдуць хутка. Зараз тут усё ў межах нормы для будняга дня, а што будзе далей – час пакажа, – сказаў напрыканцы Юрый Курта.