У маёй невялікай роднай вёсачцы на Случчыне яе называлі Ганулькай.
А мянушка такая прыляпілася да бабы Ганны з-за яе малога росту і худзенькага, як у дзяўчынкі, складу.

Ганулька сама была сіратою. Ды і замуж выйшла за такога ж беднага хлопца, як сама.

Хату згарусцілі маленькую наводшыбе сяла. Затое дзетак яны пакляпалі ажно шасцёра. Можа, іх было б і больш, ды забралі Рыгора на вайну, з якой ён вярнуўся паранены на адной назе. Хварэў доўга і памёр.

Пагаравала Ганулька, паплакала, але рукі не апусціла. Як магла змагалася, гадавала  дзетак, вучыла іх дабрыні, спагадзе.

Дапамагала і людзям: каму парадай, каму словам, каму прыкладам. Яе паважалі за добры характар, цёплыя адносіны да людзей. Дзе толькі сілы знаходзіліся ў такой малой, танклявай жанчыне.

Аднойчы прыслалі ў нашу вясковую школу двух настаўнікаў: мужа і жонку. Было ў іх чацвёра дзяцей. Ніхто з вяскоўцаў не хацеў браць на кватэру шэсць чалавек: каму такая арава патрэбная. А Ганулька ўзяла іх у сваю шпакоўню. Казалі суседкі, што там рабілася. Гэта ж не жартачкі – дзесяць дзяцей.

А жыццё ішло. Гадаваліся дзеці. А з імі і клопаты. Малодшага сына Ганулькі дзеці дражнілі Фрыцам. А хлопчык не ведаў чаму. Ён нерваваўся, кідаўся ў бойку з крыўдзіцелямі.

А сакрэт выдала кума, якой Ганулька аднойчы расказала пра сваю таямніцу. Як кажуць, кума куме, а тая – на ўсё сяло. І ўжо ўсе даведаліся, адкуль узяўся гэты высокі рудавалосы сынок яе. А калі дайшла праўда да хлопчыка, дапытваўся ад маці, адкуль ён узяўся.

А праўда была такая. У час вайны ў іх хаціну ўварваўся нямецкі салдат. На вачах у дзяцей ён згвалціў гэтую малую, як дзіцёнка, жанчыну. Калі даведалася, што цяжарная, плакала, валасы на сабе рвала.

А каб пазбавіцца ад дзіцяці, розныя зёлкі піла, падымала цяжкія рэчы.
А яно хоць бы што. Прычапілася і нарадзілася.

Пачуўшы ад маці праўду, хлопчык пачаў спакойна адносіцца да крыўдзіцеляў. Больш цярпліва насеў на вучобу, школу скончыў амаль на выдатна. А пасля ўніверсітэта стаў дырэктарам школы.

Былога дырэктара, які некалі жыў у Ганульчынай хаце, перавялі ў Мінск. Калі яго дзеці спраўлялі вяселлі, то заўсёды клікалі Ганульку. Аднак яна ў сталіцу не ездзіла, саромелася. Думала, там такія адукаваныя і прыгожыя людзі. А што яна?

Усе дзеці Ганулькі вывучыліся, займелі свае сем’і і жыллё. Кожны, асабліва на зіму, клікаў матулю да сябе. Але яна рэдка ездзіла да дзяцей надоўга. Любіла, калі летам яны ўсе збіраліся ў яе хаце. Было шумна і весела. А яна ціха сядзела на ўслончыку і глядзела на гэтую араву. Радавалася ды сцірала хусцінкай няпрошаную слязу.

Ёй думалася, што дзеці яшчэ малыя, што ім патрэбны догляд і дапамога. Прыгадвала Рыгора. Шкадавала, што не дажыў да таго часу, каб змаглі яны разам палюбавацца на сваіх птушанят.

Дзеці з сем’ямі ў хаце не змяшчаліся і ладзілі застолле ў садзе. Унукі ўсё дапытваліся ў бабулі, як яна з вялікай сям’ёю некалі магла жыць у такой маленькай хаце. У адказ яна толькі ўсміхалася, думала пра сваё і маўчала.

Ганулька была шчаслівай.