“Не хачу пакідаць Беларусь,” – не раз чуў дзед Іван такія словы ад унука Эрэна. Хлопчык жыве ў Турцыі. Але кожнае лета прыязджае ў Ілью да бабулі з дзядулем. Кажа, тут яму падабаецца.

У жыцці так склалася, што жыхарка нашага аграгарадка Вікторыя Сак, адпачываючы ў Турцыі, пазнаёмілася з мясцовым юнаком. Маладыя людзі ўпадабалі адзін аднаго і пабраліся шлюбам.

Нарадзіліся дзеці: хлопчык Эрэн і дзяўчынка Ачэлія. Штогод летам матуля разам з малымі наведвае родную Ілью. Тут і бацькоўскі дом, і прырода, і мясцовыя жыхары палюбіліся маленькім гасцям з замежнай краіны.

Эрэну ўжо сем гадоў. Ён выдатна размаўляе і па-руску, і па-турэцку. А за летнія месяцы папаўняе моўны запас і беларускімі словамі.

Ачэлія таксама размаўляе на дзвюх мовах. А дакладней, вучыцца размаўляць. Бо яшчэ зусім малая.

Сям’я Сакаў жыве на вуліцы Моладзевай. Тут асабліва шмат дзятвы. І гэта даспадобы Эрэну, які нічым ад вясковых хлапчукоў не адрозніваецца. Хіба што скура ў яго больш загарэлая.

У Ільі хлопчыку сапраўдная вольніца. Здараецца, што і матулі, і бабулі з дзядулем цяжка адшукаць і даклікацца яго на абед ці вячэру. Ад беларускай ежы дзетак-замежнікаў проста не адарваць.

Ды час бяжыць. Пара збірацца ў школу.

Днямі праводзіць Эрэна ў другі клас у родны Мармарыс сабраліся юныя жыхары вуліцы Моладзевай. Яны зладзілі невялікі канцэрт на пляцоўцы ля дома Сакаў.  Маленькія артысты чыталі вершы, танчылі, спявалі, паказвалі сцэнкі.

 Гучалі руская, беларуская, турэцкая мовы. У прысутных бабуль і дзядуль свяціліся вочы радасцю.

Называўся канцэрт “Бывай, лета!”. У ім удзельнічалі Ліза і Ваня Паўлюкевічы, Ілля Траццякоў і Соф’я Траццяк, Ульяна і Арсеній Камко, Стася Радаванавіч.