Ад 24 жніўня экспазіцыі Вілейскага краязнаўчага музея можна ўбачыць у інтэрнэт-прасторы.

Цяпер музей прадстаўлены ў рэспубліканскім праекце “Музеі Беларусі з БЕЛКАРТ”. Стваральнікі папулярызуюць музейную справу ў рэспубліцы і знаёмяць людзей з культурнай спадчынай краіны.

Старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава была вельмі задаволена прапановай арганізатараў. Яна лічыць праект захапляльным і карысным. Не выходзячы з дома, можна “прагуляцца” па музейных залах.

Супрацоўнікі музея ўпэўнены, што ад удзелу ў праекце ў іх стане больш наведвальнікаў. Людзі пазнаёмяцца з экспанатамі ў інтэрнэце і, магчыма, захочуць убачыць іх у сапраўднасці. Тым больш, што музей прадстаўляе вельмі каштоўныя экспанаты. Сярод іх калекцыі шкла і маляваных дываноў, якія выстаўляліся ў розных гарадах Беларусі.

Віртуальныя наведвальнікі змогуць даведацца пра гісторыю музея і мерапрыемствы, якія ладзяць яго супрацоўнікі. Ёсць магчымасць даведацца аб праектах “Дзве вайны – памяць адна” і “Тыдзень калекцыянера”, якія ў кастрычніку прадставяць на Міжнародным форуме “Музеі Беларусі” ў Магілёве.

– У віртуальных музеях цікава “пабываць” музейным работнікам, каб пашырыць уласны досвед,  –  кажа Вольга Коласава. – А падарожнікам такі праект дапаможа выбраць, куды лепш паехаць у вандроўку.