Некалі, у сярэдніх класах школы, на ўроку “музыка і спевы”мы дружна выводзілі:

Родны мой горад, любоў мая,

Казка кахання чароўная,

Ты, калі ласка, чакай мяне

З кожнай дарогі, са шляху растайнага.

Спявалі з асаблівым натхненнем і задавальненнем не толькі таму, што песня файная. Большасць з нас ведала: аўтарам слоў з’яўляецца наш зямляк, ураджэнец Смаргоншчыны, паэт, журналіст, член Саюза пісьменнікаў, а сёння яшчэ і палітык Уладзімір Някляеў.

Ітак, Смаргонь. Чарговая цікавая кропка на літаратурнай карце нашага рэгіёна.

У Смаргонскім гістарычна-краязнаўчым музеі вам раскажуць пра літаратурнае жыццё краю.

  • Пачнуць, магчыма, са звестак пра бібліятэку магнатаў Зяновічаў, вядомую з 16 стагоддзя.
  • Напэўна, згадаюць імя Андрэя Волана. Гэта філосаф і публіцыст, які ў 16 стагодзі купіў маёнтак Солы на Смаргоншчыне. Сённня там жыве паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мар’ян Дукса. Сёлета ён атрымаў рэспубліканскую літаратурную прэмію з апаэтычны зборнік “Птушка вечнасці  душа”.

Помнік мядзвежай акадэміі ў Смаргоні. Фота by.holiday.by.

Помнік мядзвежай акадэміі ў Смаргоні. Фота by.holiday.by.

  • У вёсцы Жодзішкі ў калегіуме езуітаў у 18 стагоддзі быў школьны тэатр, тэксты для спектакляў якога пісалі мясцовыя настаўнікі паэтыкі і рыторыкі.
  • Згадаем Міхаіла Клеафаса Агінскага (1765 −1833). Ён праславіўся не толькі як дыпламат і кампазітар. Але і як аўтар мемуараў.
  • У 1749 годзе маёнтак Кушляны набыў Антон Багушэвіч, прапрадзед Францішка Багушэвіча (1840 – 1900). Тут прайшло дзяцінства паэта. У Кушлянах ён атрымаў пачатковую адукацыю ў хатніх настаўнікаў. Адсюль паехаў вучыцца ў Віленскую гімназію, а затым у Пецярбуржскі ўніверсітэт.
  • Вершы Кушлянам прысвяцілі паэты Данута Бічэль-Загнетава, Мар’ян Дукса, Алесь Пісьмянкоў. Сёння ў вёсцы працуе музей Багушэвіча, якім загадвае паэт Алесь Жамойцін.
  • У 19 стагоддзі багатае літаратурнае жыццё было ў маёнтку Дабраўляны. У 1818 годзе яго набыў архітэктар Адам Гюнтэр (1782–1854). Пры ім Дубраўляны сталі асяродкам культуры. Частымі яго гасцямі былі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Ходзька, Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля. Паэт Сыракомля пасадзіў тут на памяць клён.
  • У маёнтку нарадзілася і жыла польская пісьменніца Габрыэля Пузына (1815–1869).
  • Фальварак Крыстынопаль, які сёння не існуе, належаў бацьку Адама Гурыновіча – паэта-дэмакрата 19 стагоддзя. Тут Адам збіраў фальклор.
  • У Войстаме ў родавым склепе на мясцовых могілках пахаваны Ігнат Ходзька, польскі празаік, паэт, мемуарыст, яго дачка Станіслава, унук Лявон.
  • Смаргонь – радзіма габрэйскіх пісьменнікаў Ахарона Кабака і Аўрама Суцкявера. Апошні памёр ў 2010 годзе ў Ізраілі.
  • У горадзе нарадзіліся карэспандэнт газеты “Наша Ніва” Ян Сініцкі і паэт, празаік, драматург Майсей Кульбак. Гэтыя дзеячы  тварылі ў пачатку 20 стагоддзя.
  • У Смаргоні ў гарбарнай майстэрні працаваў пісьменнік Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч).

Помнік Францішку Багушэвічу ў Смаргоні. Фота belarustourism.by.

Помнік Францішку Багушэвічу ў Смаргоні. Фота belarustourism.by.

  • Вёска Арляняты дала нашай літаратуры адразу чатыры таленавітыя асобы з прозвішчам Станкевіч. Адам (1892 – 1949) – літаратуразнавец, публіцыст, выдавец. Станіслаў (1866 – 1964) – выдавец, паэт. Яшчэ адзін Станіслаў (1907 – 1980) – крытык, грамадскі дзеяч, публіцыст, паэт. І Янка (1891 – 1976) – мовазнавец, перакладчык.
  • А з вёскі Шутавічы паходзяць два літаратары з адным прозвішчам. Віктар Шутовіч (1890 – 1960) – публіцыст і драматург, і Янка Шутовіч (1904 – 1973) – літаратуразнавец і выдавец.
  • У Крэве ў час Першай сусветнай вайны ваявалі рускія пісьменнікі Міхаіл Зошчанка і Валянцін Катаеў.
  • Зарудзічы – радзіма Алеся Салагуба (1906 – 1934) і Паўла Савоські (нар. у 1941).
  • У вёсцы Вётхава ў 1934 годзе нарадзіўся Арсень Ліс – фалькларыст і літаратуразнавец, доктар філалагічных навук.
  • З Лылойцяў паходзіць паэт і журналіст Артур Цяжкі (1943 – 1984).
  • Лаўрэатка прэміі Цёткі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ала Клемянок сёння паспяхова сумяшчае паэтычны, музычны і журналісцкі таленты. Яна працуе ў смаргонскай раённай газеце.
  • У 2009 годзе ў Смаргоні адбылося рэспубліканскае свята –  Дзень беларускага пісьменства.

Уладзімір Някляеў    

Уладзімір Някляеў нарадзіўся ў 1946 годзе ў Смаргоні. Паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч, лаўрэат шэрагу прафесійных і дзяржаўных узнагарод за літаратурную дзейнасць. Намінант на Нобелеўскую прэмію (2011).

Дзіцячыя гады правёў у вёсцы Крэва. У 1962- 1966 гг. вучыўся ў Мінскім тэхнікуме сувязі. Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Займаўся на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Завочна скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973).

Працаваў у выданнях “Знамя юности”, “Тэатральны Мінск”, “Літаратура і мастацтва”.

З 1978 – старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1987 –  галоўны рэдактар часопіса  ”Крыніца”.

Сябар Саюза пісьменнікаў СССР,  беларускага ПЭН-цэнтра.

З 1998 па 2001 – старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Выступае з вершамі ў перыядычным друку з 1970 года. У 1976 годзе выдаў першы зборнік паэзіі    “Адкрыццё”. Аўтар паэтычных кніг “Вынаходцы вятроў”, “Знак аховы”, “Мясцовы час”, “Наскрозь”, “Дрэва болю”, “Галубіная пошта” і многіх іншых.

Аўтар тэкстаў шматлікіх папулярных песень.

Літ-парада ад Уладзіміра Някляева

Калі пісаць, дык толькі так пісаць,

Як бліскавіцу доўжыць бліскавіцай,

Як з вены ў вену кроў пераліваць…

Пісаць, як спавядацца і маліцца.

Фота bankoboev.ru.

Фота bankoboev.ru.

***

На мох зялёны   жоўтае лісцё.

Бялюткі снег   на рыжую салому.

І ў гэты ясны час, адчуўшы стому,

Спакойна я кажу сабе самому:

Мне ёсць чым апраўдаць маё жыццё.

Не тым, што жыў, любіў… Зусім не тым.

І без мяне жылі, любілі ў свеце.

Не тым, што ў свеце застануцца дзеці,

Не тым, што калі дзьмуў сцюдзёны вецер 

На ім стаяў і выстаяў на ім.

А чым тады? А тым, што, колькі мог,

Не паміраў, не гледзячы на стому,

А сніў і сніў жыццё!.. І, можа быць, збярог

Калі не ўсё, чаго не сніць нікому,

Дык хоць бы тое, што казаў мне Бог

Пра снег, пра мох, пра лісце, пра салому.

Фота livemaster.ru.

Фота livemaster.ru.

***

 Ветраны ранак апошняга дня лістапада.

 Першыя подыхі неасмялелай зімы.

 Далеч наперадзе…

 Сцены і лесвіцы ззаду.

 Не азірайся, каханая: гэта не мы!

 Гэта не нас даганяе па лесвіцах здрада,

 Гэта не мы сярод сцен, як з нямою нямы,

 Гэта не з намі нянавісць засела ў засаду, –

 Ты не палохайся, любая: гэта не мы…

 Гэта ў пару, калі мёдам набраліся соты,

 Згаслі маланкі, бязладна грамы адгулі,

 Раптам над ранкам,

 над ветрам,

 над снегам з лістотай

 Прывіды нашы, спалохаўшы нас, праплылі.

Фота schelkunov.livejournal.com.

Фота schelkunov.livejournal.com.

 

***

Я марыў даць радасць матулі

І бацькава шчасце знайсці,

А потым

             па вёсцы

                          у белай кашулі

Апошнім парадам прайсці.

Ды позна!.. Парваліся лёскі

Між імі і мной! –

          І ў жыцці

               Адно засталося

                             па вёсцы

У белай кашулі прайсці. 

Дзяніс Бурко

Дзяніс Бурко нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску. Мае карані з-пад вёскі Крэва, што на Смаргоншчыне.

Вучыўся ў ліцэі імя Якуба Коласа. Працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Сустваральнік відэапраекта “Litara-A” па папулярызацыі беларускай літаратуры.

Фота be.wikipedia.org

Фота be.wikipedia.org

Крэва

Крэва – ты гераічнае.

Крэва –ты рамантычнае.

Крэва – ты векапомнае.

Ты – жывая крыніца.

Ты – божае месца.

Ты – казка.

Ты – песня.

Ты – бардаўскі кліч.

Ты – душа Беларусі.

Цябе я люблю!

І здрадзіць табе мяне

не спакусяць.

Фота psyh-olog.ru

Фота psyh-olog.ru

Любоў

На гэтым грэшным свеце

І ў небе, над зямлёй,

Адно усіх яднае,

І то адно – Любоў!

Любоў не знае злосці,

Не ведае граху

І церпіць ўжо без меры

За ўсіх і за адну…

Быць верным той Любові

І той Любоўю жыць –

Вось мэта існавання:

Жыццём Любоў дарыць!

Фота gadecky.ru

Фота gadecky.ru

Падзяка

             Прысвячаю сястрычцы Насці.

Удзячны я за разуменне,

За прамяні гарачых слоў.

За памяць і за летуценні,

Якія дорыш сэрцу зноў.

Твае лісты, бы з волі

 весткі,

Навіны звыклага жыцця.

Тут для мяне,

як на прадвесні,

Прыемны шчэбет салаўя.

Пайду куды ці застануся

У свеце клопатаў,

надзей –

Ты для мяне апорай

будзеш,

Маёй падтрымкай

у нудзе.