– Калі дом толькі будаваўся, – расказвае жыхарка дома № 5 Ганна Сарока, – нам наогул абяцалі, што ад гаражэй, што па вуліцы Касманаўтаў, пры ўездзе ў наш двор паставяць слупкі, каб двор быў не праязным. Але будоўля завяршылася, на дарозе паклалі асфальт. І пры ўездзе ў двор паставілі знак “Галоўная дарога”.

Дзіцячая пляцоўка, расказвае Ганна, месціцца якраз на скрыжаванні двух дарог: адна вядзе з Магістральнай на Касманаўтаў, другая – у двары.

 

– На нашай дзіцячай пляцоўцы гуляюць дзеткі такога ўзросту, якім ужо нецікава корпацца ў пясочніцы пад наглядам мам і бабуль. Яны гуляюць у даганялкі, ездзяць на роварчыках, ганяюць мяч. І колькі разоў ужо замірала сэрца, калі раптам той мячык каціўся ў бок дарогі.

Жыхары параіліся і вырашылі звярнуцца ў ДАІ з просьбай пакласці ў двары “ляжачага паліцэйскага”, а пры з’ездзе з вуліцы Магістральнай усталяваць дарожны знак “Жылая зона”, які б нагадваў кіроўцам, што тут хуткасць не павінна перавышаць 20 км/г.

У ДАІ патлумачылі, што на просьбу жыхароў яны адказалі ў 10-дзённы тэрмін. Аднак, просьбу разгледзелі не на карысць жыхароў і іх дзяцей.

У адказе ДАІ напісана, што ў двары няма неабходных умоў, каб усталяваць штучную няроўнасць.

У пункце 13.3. СТБ “Тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху” сказана: штучныя няроўнасці варта ўжываць на участках канцэнтрацыі ДТЗ аўтамабільных дарог агульнага карыстання і вуліц населеных пунктаў, а таксама іншых участкаў, якія могуць быць аднесеныя да небяспечных для дарожнага руху: пазначаных пешаходных пераходах, на якія маюцца выхады на праезную частку з дзіцячых устаноў, масавага адпачынку, гандлёвых цэнтраў, уездаў у тую зону, дзе праводзяцца работы, пад’ездаў да скрыжавання з галоўнай дарогай і падобных участкаў.

– Можа, яно і так, але чаму ў ДАІ не падумалі, – працягвае Ганна Сарока, – што непадалёк ад нашага двара месціцца дзіцячы садок № 24. Так, яго вароты выходзяць на вуліцу Вялікі Гасцінец, але таты, што прывозяць дзяцей на машынах, паркуюцца ў нашым двары. Вы б бачылі, які тут натоўп каля 8 раніцы!

Праз двор на Магістральнай цяпер вельмі зручна ездзіць на вуліцу Касманаўтаў.

– А там гаражы, СТА і шынамантаж. Чым не месца правядзення прац? У мяне адчуванне, што кіроўцы, пасля таго як забяруць сваю машыну з рамонту, ладзяць тут у двары тэст-драйв, толькі маторы равуць.

Дарэчы, працягвае жанчына, ёсць у двары і “свая” машына, якую пазнаюць здалёк.

– Ездзіць тут адзін малады кіроўца на прыгожым “Фольксвагене”. Дык мы ад Магістральнай чуем, што ён набліжаецца. Дзяцей тады трымаем абедзвюма рукамі.

Пры гэтым, па словах ДАІ, гэта і так зразумела, што тут жылая зона і ўсталяванне дадатковых знакаў не патрабуецца.

– Я не разумею толькі аднаго, няўжо ўладам шкада асфальту, каб пакласці тут гэтую штучную няроўнасць, – кажа Ганна Сарока. – Магчыма тады нам, бацькам, не прыйшлося б складаць графік дзяжурства на дзіцячай пляцоўцы. І не пляваць кожны раз праз левае плячо, паўтараючы выраз: “Пакуль не загрыміць, мужык не перахрысціцца”.