Чаму маладыя мастакі адмовіліся ад сталічнага бамонда на карысць Вілейкі, як жывецца керамістам з маленькім сынам і ў чым сакрэт, як пражыць сям’і, у якой і муж, і жонка творцы.

Двор Веры і Уладзіміра вылучаецца тым, што адразу відаць: свежая будоўля. За цагляным домам гонар гаспадароў – двухпавярховая майстэрня. Аддзелка яшчэ не закончаная, але ёсць месца для працы. Маладыя людзі даказалі, што калі моцна нешта хацець, нават асабістую майстэрню, гэтага дасягнуць можна.

Напрыклад, толькі цяпер, праз пяць год пасля пераезду і пасля асноўных работ па майстэрні прыйшла чарга пракладаць каналізацыю. Як лічаць гаспадары, кожны выбірае сам, што яму важней – выгоды ці здзяйсненне мары. Пра свае поспехі Вера і Уладзімір распавялі карэспандэнту “РГ”.

 

Вера Каўзановіч і Уладзімір Матораў жанатыя пяць год. Ажаніліся, калі ўжо пераехалі ў Вілейку. Тут яны стварылі сям’ю, тут арганізавалі керамічную майстэрню “Zolak”. Сыну Сцяпану тры гады, пачаў хадзіць у садок. Падчас нашай размовы хлопчык гуляе з глінянымі вырабамі і іншымі рэчамі ў майстэрні.

Чаму з’ехалі з Мінска

Вера: Там мы знікалі. Губляецца сэнс: тое, што ты робіш, ты робіш для таго, каб быць у Мінску. Аплаціць жыллё, аплаціць майстэрню, і не хапае часу на сябе.

Я вырасла ў Вілейцы, і для мяне гэта сваё, арганічнае асяроддзе. Нам падабаецца, адчуваем сябе камфортна, тут – мы гаспадары свайго жыцця. Мы вырашаем, чым займацца, не залежым ад кватэр, нас не паглынае горад. Наадварот, будуем творчыя планы.

Уладзімір: У Мінску я здымаў майстэрню ў падвале 9-павярховага дома. Яе часта затаплівала. Раніцай прыходзіш на працу, адчыняеш дзверы, а там – паааахі! Выклікаеш службы, чакаеш, пакуль прыедуць. Летам блохі скакалі. Аднойчы зайшоў у белай майцы, праз нейкі час глянуў – яна ўся чорная, у блохах.

Пасля вучобы тры гады жылі ў Мінску. Вера працавала два гады ў вілейскім доме рамёстваў па размеркаванні, а пасля год дызайнерам у Мінску.

Вера: З часам зразумелі, што ты сам фарміруеш асяроддзе, а не Мінск. А мінская стомленасць толькі шкодзіць творчасці.

Будоўля

Уладзімір: У Вілейку пераехалі ў 2011 годзе. На месцы майстэрні была гаспадарчая пабудова, хацелі яе перарабіць. Але будаўнікі сказалі, што лепш паставіць цалкам новы будынак.

Вера: Тут не было нічога, акрамя паловы разбуранага дома. Гэтая палова засталася мне ад бабулі, а ў другой палове быў проста прытон. Ён згарэў, частка дома выгарэла.

Каробку будавала брыгада, а астатнія працы рабілі самі. Вова стаў і тынкоўшчыкам, і плітачнікам. Складана, вядома. Яшчэ не дапрацавана, але сяброў ужо запрашаем, не чакаем, калі будзе цалкам гатова.

Пачалі ў двары будаваць майстэрню з тым разлікам, што першы паверх для керамікі, а другі – мастацкі.

Мы адначасава і працягваем будаваць мастэрню, і працуем у ёй.

Як прыйшлі да творчасці

Уладзімір: Нарадзіўся я ў Магілёве. Не скажу, што было звышскладана пераехаць у Вілейку. Тут была перспектыва пабудаваць майстэрню.

Пасля школы не хацеў вучыцца там, дзе ёсць фізіка і матэматыка, таму пайшоў у Магілёўскі каледж мастацтваў. Там і захапіўся керамікай.

У 2002 годзе паступіў ва Універсітэт культуры. Там была выкладчык Тамара Васюк. Асоба цікавая, з якой былі складаныя адносіны. Творчыя людзі могуць быць неадэкватнымі, дык вось яна такая, але ў добрым сэнсе. Там, ва ўніверсітэце разам вучыліся і пазнаёміліся з Верай.

Вера: Я займалася ў Эдуарда Мацюшонка, а рыхтуючыся да паступлення едзіла займацца ў Маладзечна да Анатоля Акуліка. Ён падрыхтаваў ён мяне так, што я паступіла з першага разу пры конкурсе 15-20 чалавек на месца.

А пачалося ўсё з таго, што выхавальніца ў дзіцячым садку сказала: “Ваша дачка малюе лепш за ўсіх”, маці паўсміхалася. А я працягвала маляваць. Мой брат стаў музыкантам, вядомы пад імем Андрэй Старбластэр, учора прыехаў з Масквы, дзе выступаў на канцэрце.

А мама Зоя Каўзановіч працуе дырэктарам у Цэнтры падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў. У дзяцінстве малявала, але паступаць пабаялася. Бацька Аляксандр працуе электраманцёрам.

Кераміка і акварэль

Вера: Ва ўніверсітэце пазнаёмілася з выкладчыкам Уладзімірам Рынкевічам, які адкрыў мне космас акварэлі. Я валодаю базай, тэхнікай, маю мастацкі густ, і гэта дазваляе мне дапамагаць мужу з керамікай. Але гэта не матэрыял майго жыцця. Ім для мяне стала акварэль.

Нашы аднагрупнікі арганізавалі творчую групу, і разам займаемся ўвасабленнем творчых задум, ладзім пленэры. Абрала канцэпцыяй вандраваць па мясцінах мастакоў. Напрыклад, да юбілею Напалеона Орды ездзілі па месцах, звязаных з яго імем.

У Беларусі ёсць пэўны застой у мастацтве, гэта тычыцца не толькі акварэлі. Мы развіваемся вельмі паступова. За мяжой бушуе канцэптуальнае мастацтва, якое выйшла на першы план – не існуюць працы асобна ад канцэпцыі. Мы яшчэ жывём акадэмічнымі прынцыпамі – малюем, тое, што бачым, каб было прыгожа. І ў выніку атрымліваем мастацтва для мастакоў.

Уладзімір: Вера ладзіць у Мінску ў прыватнай студыі майстар-класы па акварэлі. На іх прыходзяць гаспадыні, людзі, якія хочаць паспрабаваць сябе ў мастацтве або творчыя людзі, якія хацелі б навучыцца новай тэхніцы.

Пра грошы і мастацтва

“РГ”: У сям’і абодва займаюцца творчасцю, мастацтвам. Гэта для сям’і фінансавая трагедыя?

Уладзімір: У нас ніколі не было вялікай прагі да грошай. Мы задаволеныя тым, што маем.

Вера: Жыццё такое, якім мы яго ўспрымаем. Шчаслівы не той, у каго шмат грошай, а той, у каго ёсць патрэбнае. Жыць мастацтвам дастаткова складана, але мы разумеем, для чаго гэта трэба. Мы будуем унутраны камфорт, шукаем сябе як асоб. І мэта наша – пошук унутранай гармоніі. Таму імкнуцца зрабіць нацяжную столю мы не будзем, калі можна сэканоміць, абмежаваўшыся драўлянай. І шпалеры з шаўкаграфіяй браць не будзем, калі сцены можна проста пафарбаваць.

“РГ”: Вы зарабляеце толькі са сваёй творчасці?

Уладзімір: Летам ездзім па фэстах з керамікай. Здаем тавар у крамы на продаж. Праз інтэрнэт прымаем замовы. Так і зарабляем. Напрыклад, да нас прыехаў прадпрымальнік з курортнага пасёлка Нарач і заказаў серыю сувеніраў. Распрацавалі ідэю, вырабілі і аддалі яму на продаж.

Вера: Прадаваць акварэль больш складана. У спецыялізаваных крамах могуць ісці. Але акварэль для продажу павінна быць адаптаванай.

“РГ”: З продажу прац вы займаліся будоўляй дома і паставілі майстэрню?

Вера: Майстэрню так, а з домам дапамагалі бацькі. Мы вывезлі шэсць прычэпаў смецця.

Гаворым з калегамі – у большасці майстэрні няма. Працуюць хто на кухні, хто на балконе. Гэта была звышзадача – майстэрня. І мы проста кінуліся ў будаўніцтва. А потым стаміліся і зразумелі, што трэба зрабіць перапынак. Магчыма, цяпер мы б за такое і не ўзяліся. Трэба выкарыстоўваць момант, калі ёсць жаданне штосьці зрабіць.

Са Сцяпанам часта выязджаем на прыроду, бяром на плэнеры – возім ад года. Часам спрабуе ляпіць чарвячкоў. Наша дзіця жыве жыццём бацькоў. У маіх знаёмых дзеці не ведаюць, што такое лес, і ніколі не бачылі кароў. Сцёпа ўжо ведае літары і лічыць да ста.

Як атрымліваюцца вырабы з керамікі

Уладзімір: У кар’еры Гайдукоўка ля Радашкавічаў купляем гліну – шэсць тон. Два дні фасуем у мяшкі і носім у паветку. Пасля патрэбную колькасць трэба замачыць. Затым праз сіта працадзіць – атрымаецца шлікер, падобная па кансістэнцыі да кашы вадкая гліна. Каб з ёй можна было працаваць, трэба заліць у гіпсавыя формы. Гіпс усмоктвае лішнюю вільгаць. Калі раніцай заліць у формы, то вечарам можна даставаць.

Пасля можна скруціць шарык, кінуць на ганчарнае кола і зрабіць, напрыклад вазу. На ганчарным коле я ствараю форму. Затым вырабу трэба сохнуць каля 4-5 дзён. Пасля ставіцца ў печ і пры тэмпературы каля 900 градусаў абпальваецца. Дзень абпальваецца, і яшчэ дзень стыне. За гэтым ідзе дадатковая апрацоўка – малачэнне, абвар, васкаванне і іншыя.

Мы працуем у традыцыйнай тэхніцы, і ніякіх фарбаў не наносім. Выкарыстоўваем пчаліны воск, адбіткі лісцікаў, якія збіраем са Сцяпанам.

У Беларусі даволі шмат керамістаў, у гэтая канкурэнцыя ўзмацняе нас. А між сабой мы не канкуруем, давяраем адзін аднаму як мастакі.

Вера: Нам нашмат прасцей з-за таго, што мы выдатна разумеем адзін аднаго, і разумеем, што хочам ад жыцця і ад партнёра. У адзіночку мы б такі шлях не пераадолелі. Людзі часам баяцца марыць і ставіць сабе высокія мэты. Не трэба баяцца, трэба прыняць рашэнне ісці да жаданага. Часта людзі не ўсведамляюць, што здольныя зрабіць так многа. Мая мара, майстэрня, здзейснілася.

На другім жывапісным паверсе.

На другім жывапісным паверсе.