Журы Літаратурнай прэміі Сярэдняй Еўропы Angelus абвясціла шорт-ліст з 7 фіналістаў 2016 года. Сярод асноўных прэтэндэнтаў – польскі пераклад рамана Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”.

Спіс фіналістаў апублікаваў афіцыйны сайт прэміі. Сярод прэтэндэнтаў, акрамя беларуса Някляева, – Варуян Васганян, Мацей Гэн, Крыстына Сабаляўскайтэ, Крыстыян Тэадарэску, Альвідас Шляпікас, Анна Янка.

Імя пераможцы будзе агучана падчас традыцыйнай штогадовай урачыстасці 15 кастрычніка ў музычным тэатры “Capitol” у Вроцлаве. Узнагарода – 150 тысяч злотых (38,7 тыс. даляраў ЗША) і статуэтка аўтарства Эвы Расана.

Раман Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” быў уганараваны Літаратурнай прэміяй Ежы Гедройца ў 2013 годзе.