Людзі, што жывуць у Нарочы на Вілейшчыне, не хацелі б застацца без аддзялення “Беларусбанка”.

Па словах мясцовых жыхароў, у вёсцы аддзяленне працуе тры разы на тыдзень. Аднак ставіцца пытанне аб тым, каб яго зачыніць. Кіраўніцтва лічыць яго непрыбытковым.

Калі яго сапраўды зачыняць, жыхары Нарачы і іншых навакольных вёсак застануцца без банкаўскага абслугоўвання.

Пачуўшы такую навіну, людзі пачалі абурацца.

23 жніўня ля Нарачанскага сельсавета зладзілі сход па гэтым пытанні. Жыхары крытыкавалі кіраўніцтва вёскі, калгаса і банка.

Старшыня Нарачанскага сельсавета Анатоль Бяганскі распавёў, што праблема сапраўды ёсць. У Нарочы жыве 860 чалавек. Укладчыкаў у аддзяленні толькі 80. Але банк патрэбны людзям. Там плацяць за камунальныя паслугі і здымаюць наяўныя грошы.

У вёсцы ёсць толькі інфакіёск. Банкаматы, кажа старшыня, ставяць у населеных пунктах, дзе жывуць 2000 і больш чалавек. Па словах Анатоля Бяганскага, кіраўніцтва банка паабяцала, што да пачатку 2017 года аддзяленне будзе працаваць.

– Аддзяленне ўжо пяць год не прыбытковае. Ад яго толькі страты, – кажа кіраўнік Цэнтра банкаўскіх паслуг №632 філіяла №601 “Беларусбанка” Аляксандр Шырочын. – Увесь гэты час мы шмат працуем, каб неяк павысіць прыбытковасць гэтага аддзялення. Аднак станоўчых вынікаў няма.

Па словах кіраўніка Цэнтра, філіял пакуль не будуць зачыняць. Каб неяк паменшыць страты, скарацілі колькасць працоўных дзён.

Ад 1 жніўня аддзяленне працуе з кліентамі тры дні на тыдзень.