Агратурызм, гандаль, нарыхтоўка драўніны, прыдарожны сервіс. Якія магчымасці для індывідуальных прадпрымальнікаў ёсць сёння на вёсцы ў нашым рэгіёне? У чым асаблівасці, плюсы, мінусы іх дзейнасці? Ці прыносіць прыбытак вясковае індывідуальнае прадпрымальніцтва?

Кансультант Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва ў вёсцы Камарова на Мядзельшчыне Эдуард Вайцяховіч лічыць, што асноўнае адрозненне паміж сельскім і гарадскім прадпрымальніцтвам – рынак. У горадзе – рынак для тавараў і паслуг ёсць. Там, па словах мужчыны, грошы растуць на асфальце. А вось у вёсцы гэты рынак трэба будаваць.

– Чаму моладзь з’язджае ў горад? Бо няма альтэрнатывы ў выбары працы. А калі б яна была, маладыя людзі  не ехалі б так лёгка з родных мяцін. Ды і бацькі б падумалі, ці варта дзіцяці наймаць кватэру і стаяць за станком у незнаёмым горадзе, калі ёсць добрая праца ў вёсцы.

Агратурызм і бізнес-інкубатар – для развіцця вёскі

Традыцыйна лічыцца, што асноўная праца ў вёсцы – гэта сельская гаспадарка. Аднак у такую няпростую галіну хочуць ісці не ўсе. Ды і вёска – гэта не толькі сельская гаспадарка. Таму у свой час у Камарове сталі займацца агратурызмам.

Камарова стаіць на бойкім месцы, на стыку трох абласцей – Мінскай, Гродненскай і Віцебскай. Побач – мяжа з Літвой. Добрыя магчымасці для развіцця сельскага турызму.

– Мы купілі хутар, адрамантавалі яго, –  адзначае прадпрымальнік, – Але не імкнуліся да нейкіх новаўвядзенняў. Новае – не значыць лепшае. Таму стараліся захаваць больш ад даўніны. Гэта цяпер цэняць ва ўсім свеце.

Штогод у Камарове збіраюцца майстры, якія могуць праявіць сябе як прадпрымальнікі. Фота з архіва РГ.

Штогод у Камарове збіраюцца майстры, якія могуць праявіць сябе як прадпрымальнікі. Фота з архіва РГ.

Добраўпарадкавалі стары парк. У 2005 годзе ён стаў лепшым у краіне па выніках пятага Рэспубліканскага экалагічнага форуму. Яшчэ ў пачатку 2000-ых гадоў энтузіясты стварылі метадычны дапаможнік па развіцці сельскага турызму.

У гэтым накірунку робяць шмат. Аднак, па словах мужчыны, хочацца большай зацікаўленнасці і захаплення з боку вяскоўцаў.

Эдуард Вайцяховіч упэўнены: чалавек можа зрабіць шмат. Проста яму патрэбна падтрымка: матэрыяльная, маральная, адукацыйная. І тут павінен дапамагчы бізнес-інкубатар. Яго хочуць стварыць у былым графскім доме.

Па словах прадпрымальніка, час, калі бізнесоўцамі станавіліся толькі бандыты з сувязямі, даўно прайшоў. Цяпер патрэбен памяркоўны працавіты прадпрымальнік. А для гэтага з чалавекам трэба працаваць.

Эдуард Антонавіч шмат ездзіў за мяжу. Бачыў нямецкія вёскі з насельніцтвам 700 чалавек, дзе паспяхова працавалі прадпрыемствы і рэстараны. Узнікла пытанне: чаму мы не можам так?

Бізнес-інкубатар павінен стаць мадэллю структуры вёскі. Ён дапаможа людзям арганізаваць вытворчасць, дасць памяшканні, забяспечыць мясцовых жыхароў ведамі па эканоміцы і прадпрымальніцтву.

Прадпрыемства ў вёсцы, лічыць Эдуард Антонавіч, – гэта інструмент для яе жыцця і развіцця.

Аднак праект пакуль не зарэгістравалі. У бліжэйшы час прадпрымальнікі чакаюць камісію з Мінаблвыканкама.

Кава і абед у кафэ ля дарогі

Прадпрымальніца з Вілейшчыны Тэрэза Сяліцкая займаецца прыдарожным сервісам. Досвед працы невялікі – яе кафэ адчынілася год таму. Разам з ёй працуюць сын і нявестка. Таму бізнес лічыцца сямейным.

Анастасія Сяліцкая, творчы дырэктар кафэ, распавяла, што першы год працы быў няпросты. Магчыма, кажа жанчына, мы вельмі шмат хацелі. А можа, каб людзі жылі крыху лепш, яны б часцей заходзілі ў кафэ і ахвотней развітваліся з грашыма.

У прыдарожным кафэ на Вілейшчыне можна паабедаць і папіць кавы. Фота afisha.ngs.ru.

У прыдарожным кафэ на Вілейшчыне можна паабедаць і папіць кавы. Фота afisha.ngs.ru.

Кадры знайшлі ў бліжэйшых вёсках.

­  – Кастынг не праводзілі, – жартуе жанчына, – аднак сумоўе зладзілі.

Афіцыянткамі працуюць вясковыя дзяўчаты. Повар – таксама мясцовы жыхар, але па нацыянальнасці рускі. Некалі ён пераехаў на Вілейшчыну з Казахстана. Доўгі час працаваў у адным з вілейскіх рэстаранаў.

Сама Анастасія дзеля адкрыцця кафэ скончыла курсы барменаў-афіцыянтаў. А свякроў да пенсіі працавала загадчыкам гаспадаркі, таму неабходныя веды ў яе былі.

У выхадныя наведвальнікаў больш. Гэта людзі, якія едуць з Мінска, Пастаў да бацькоў або адпачываць. У буднія дні мясцовыя жыхары або людзі, што прыязджаюць па працы, заходзяць паабедаць ці папіць кавы.

У планах прадпрымальнікаў – зрабіць кафэ больш прывабным для дзяцей. Сёння ўжо ёсць дзіцячыя сталы, крэслы, дошка для малявання. А хочацца дзіцячую сценку і горкі.

У справе сваёй, кажа Анастасія, яны не расчараваліся. Людзям падабаецца кафэ. У Кнізе скаргаў і прапаноў часта з’яўляюцца запісы з падзякай ад задаволеных кліентаў.

Ад індывідуальнага прадпрымальніка да прыватнага прадпрыемства

Прадпрынімальніцкай дзейнасці Алены Сцепановіч з Ільі 20 год. Жанчына займаецца гандлем. Сёння мае некалькі магазінаў на Вілейшчыне. Справу пачыналі разам з мужам. Цяпер у магазінах працуюць сын Яўген і нявеска Іна.

– Пачыналі мы ў 1990-ыя гады. Мяне звольнілі з працы цырульніцы, якую я вельмі любіла. Таму прадпрымальніцтва было ледзь не адзінай магчымасцю выжыць.

Спачатку жанчына сама працавала прадаўцом ва ўласным магазіне. Аднак шмат часу патрабавалі адміністрацыйныя справы, дастаўка тавараў.

На працу запрасілі прадаўцоў – мясцовых жанчын. Асноўныя патрабаванні да іх – сумленнасць і камунікабельнасць.

Напачатку, прызнаецца прадпрымальніца, было шмат праблем: праверкі, пратаколы, прыпыненне дзейнасці. Былі часы, што хацелася кінуць гэтую справу. Аднак аптымізму надавалі ўдзячныя пакупнікі.

Паступова справы наладжваліся. Асартымент тавараў пашыраўся. Людзі, якія прыходзілі набываць прадукты, пыталіся пра пакеты, пральны парашок, накрыўкі.

Пачалі прывозіць гаспадарчыя тавары, касметыку, парфуму. А шампуні і фарбы для валасоў жанчыне заўсёды былі цікавыя. Яшчэ з тых часоў, калі была цырульніцай. Цяпер для гігіенічных сродкаў працуе асобны магазін.

Пакупнікі  – мясцовыя жыхары, дачнікі, мінчане. Цяпер жыхары сталіцы  часцей пачалі ездзіць на Нарач, на Вілейскае вадасховішча. Таму іх таксама можна часта сустрэць у магазіне. А навучэнцы аграрнага каледжа і школьнікі набываюць тут пісьмовыя прылады.

У апошнія гады, заўважае жанчына, працаваць больш спакойна і стабільна:

– Цяпер мы не проста індывідуальныя прадпрымальнікі. Мы – прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. А гэта – зусім іншыя патрабаванні і адносіны. Сёння я даю працу ў вёсцы васьмі прадаўцам. Ва ўсіх – сем’і, дзеці. І з гэтым трэба лічыцца.