Першую зіму перажылі ў глінянай хатцы, а потым перабраліся на хутар – у драўляны дом за кіламетр ад вёскі.

Юлія і Канстанцін сустракаюць на парозе і вядуць у хату. Абстаноўка хутчэй спартанская: два пакоі, пасярэдзіне – вялікая печка. Просты вясковы дом. Можа быць, гараджанам усё здасца занадта сціплым. Але гэтая сям’я са сталіцы адчувае сябе тут вельмі камфортна. Юля кажа, што менавіта да такой прастаты і імкнулася. А яшчэ сям’я хацела развіваць сельскую мясцовасць.

“Для інваліда ў вас няма адмысловых умоў пражывання”

Муж і жонка некалі вырашылі заняцца агратурызмам, запрашаць да сябе не толькі турыстаў, але і валанцёраў. Аграсядзіба Вінакуравых “Памяна” ўдзельнічае ў міжнароднай праграме WWOOF independence. А з 2014 года з’яўляецца членам арганізацыі “Адпачынак у вёсцы”. Сям’я нават паспела паўдзельнічаць у тэлевізійным шоў “Мой бізнес” на канале ОНТ.

– І выйгралі карову, – смяецца Юля.

Дзяцей гаспадароў, Артура і Вераніку, мясцовыя органы апекі прызналі ў сацыяльна небяспечным становішчы. Праўда, потым гэты статус з сям’і быў зняты, але Юля з      Канстанцінам палічылі рашэнне ўладаў няправільным і падалі на іх у суд.

– Усё пачалося прыкладна два гады таму, – распавядае Юля. – Зараз ўспамінаецца са смехам, але тады было страшнавата. Справа ў тым, што ў сваю першую цяжарнасць я спраўна хадзіла па дактарах, здавала ўсе аналізы, а дзіцятка нарадзіўся з ДЦП. З другім дзіцем я вырашыла сітуацыю адпусціць і спакойна праходзіла без усялякіх абследаванняў да 24 тыдня. Тым больш мы пераязджалі ў вёску, не да таго было. Але падумала: трэба ўсё ж такі на ультрагукавое даследванне пайсці ў мясцовую кансультацыю. Прыйшла, а там сталі на мяне крычаць, што я “няўлічаная”. Маўляў, такая адзіная ў іх. І, вядома, патэлефанавалі ў сацыяльныя службы. Тыя прыехалі без папярэджання. Я іх сустракаю вось у хустцы, доўгай спадніцы. Не памятаю ўжо, ці то ў агародзе капалася, ці то свіней карміла.

Мясцовыя чыноўнікі агледзелі дом і з’ехалі. А потым, кажа Юля, высветлілася, што дзяцей прызналі ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

– Пра тое, што нас паставілі на кантроль, мы даведаліся пазней. А з дакументамі азнаёміліся наогул праз паўтара месяца. Мне казалі, што дома няма ўмоў для пражывання з дзіцём-інвалідам. А якія спецыяльныя ўмовы павінны быць у вёсцы для дзіцяці з такой формай ДЦП? Сын дрэнна трымае галаву, не ходзіць, не размаўляе. Наўрад ці нешта зменіцца ў яго стане, жыві ён у горадзе ці ў вёсцы. Галоўнае – ён з намі, і мы пра яго клапоцімся.

Фота tut.by.

Фота tut.by.

Сям’я не пагадзілася з наданнем ёй статусу сацыяльна-небяспечнай. І Юля села за вывучэнне дакументаў.

– З папер мы даведаліся, што гэты статус  для сям’і, аказваецца, на карысць. Аднак шматлікія сем’і проста не разумеюць гэтага: успрымаюць яго як пакаранне. Плюсы і праўда знайшліся. Апынуўшыся ў сацыяльна-небяспечным становішчы, сям’я можа разлічваць на дапамогу спецыялізаваных службаў. Напрыклад, у нас усё было кепска з печкай: МНС выпісала прадпісанне, і нам яе паправілі за кошт бюджэту. Я ведаю яшчэ пра адзін падобным выпадак. Маме з Мінскай вобласці дапамаглі паклеіць шпалеры. І гэта сапраўды плюс. Але ў большасці выпадкаў што адбываецца? Бацькоў запалохваюць, што адбяруць дзяцей. Па-сапраўднаму з такімі сем’ямі павінна праводзіцца праца. Мне здаецца, спачатку павінны выклікаць на размову – так званы савет прафілактыкі, – а ўжо потым ставіць у сацыяльна-небяспечнае становішча. Аднак людзям гэтага не кажуць. Незразумелыя і многія вызначэння камісіі: напрыклад, антысанітарыя. Што гэта? Паняцце ёсць, але што маецца на ўвазе пад ім, кожны разумее па-свойму.

Непрыбраныя ложкі і брудны посуд

У метадычках на сайтах устаноў адукацыі можна прачытаць, на што павінны звяртаць увагу работнікі органаў апекі, калі прыходзяць да вас у хату. Ёсць распрацаваныя алгарытмы выяўлення дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А таксама памяткі, на што звяртаюць увагу сацыяльныя работнікі. Напрыклад, на пах ў кватэры: затхлы, алкаголю, цыгарэтнага дыму, мачы. Павінны зафіксаваць, што дома агульны хранічны беспарадак: бруд, павуцінне, раскіданыя рэчы. А таксама дрэнны стан кватэры: пашкоджанне ўваходных дзвярэй, абарваныя шпалеры, разбітыя вокны, старая мэбля, люстры без плафонаў.

Фота tut.by.

Фота tut.by.

Увагу звернуць на антысанітарныя ўмовы на кухні: брудны і біты посуд, харчовыя адходы, пустыя бутэлькі ад спіртных напояў, недакуркі цыгарэт. Калі дома ўбачаць непрыбраныя ложкі, брудную пасцельную бялізну, а ў дзіцяці не будзе свайго асобнага месца, то гэта таксама мінус. Адзначаць недагледжаных хатніх жывёл, адсутнасць ежы, дзіцячых кніг і цацак, а таксама неабходнай мэблі для адзення дзіцяці  і інш.

– Што такое антысанітарыя, нам не патлумачылі. Тым не менш 11 чэрвеня 2014 года савет па прафілактыцы і безнагляднасці непаўналетніх Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра прызнаў нашага старэйшага сына-інваліда Артура ў сацыяльна небяспечным становішчы. А 29 жніўня такое ж рашэнне было прынята ў дачыненні да нашай на той момант 10-дзённай дачкі Веранікі.

З усім гэтым бацькі былі не згодныя. Спачатку яны пісалі скаргі прадстаўнікам савета, потым – у мясцовы аддзел адукацыі, спорту і турызму, а крыху пазней падалі на органы апекі ў суд Смаргонскага раёна.

Фота tut.by.

Фота tut.by.

– У дакументах мы паказалі, што дзеці выхоўваюцца ў поўнай сям’і. Мы актыўна ўдзельнічаем у іх жыцці. Таксама звярнулі ўвагу суда на тое, што не ўжывалі спіртныя напоі, вядзём здаровы лад жыцця і маем вышэйшую адукацыю. У нас ва ўласнасці два дамы ў вёсцы, ёсць аўтамабіль. Што тычыцца таго, што мы нібыта грэбуем элементарнымі санітарнымі нормамі, то, на наш погляд, гэта няпраўда. У нас ёсць пральная машына, ёсць прыбіральня, а таксама гарачая і халодная вада. Мы прасілі суд адмяніць рашэнне савета прафілактыкі, – кажа Канстанцін.

У выніку суд першай інстанцыі ў задавальненні скаргі сям’і адмовіў. Аднак устанавілі парушэнні, якія дапускалі работнікі сацыяльна-педагагічны цэнтра. Напрыклад, яны своечасова не азнаёмілі бацькоў з рашэннямі савета, а таксама з індывідуальным планам абароны іх правоў і законных інтарэсаў.

Адмовіў праз нейкі час і абласны суд. Аднак з сям’і статус быў зняты.

 – Атрымліваецца, зараз да вас прэтэнзій ніякіх няма?

 – Цяпер – не. Але бяда ў тым, што ў любых дакументах застаецца вось гэты запіс: у 2014 годзе дзеці былі прызнаныя ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Як і раней, мы не    згодныя з тым рашэннем савета. Цяпер рыхтуем дакументы ў Вярхоўны суд. Гэта ўсё трошкі расцягнулася: вялікая гаспадарка, мала часу. За два гады мы займелі карову, коз, свінак. Быў у нас конь, але прадалі. Зараз заняліся арганічнай гаспадаркай. Але справу мы проста так не пакінем.

Праблем з сям’ёй цяпер няма

– На дадзены момант асаблівых праблем у сям’і няма. Мы, як і за любой іншай сям’ёй, за імі прыглядаем. Вядома, былі пэўныя пытанні, але цяпер яны знятыя, – распавёў TUT.BY начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама Ігар Шчасны. – Любыя рашэнні ў дачыненні да дзяцей прымаюцца не проста так і не адным чалавекам: працуюць камісіі і спецыяльны савет.

– Калі дзяцей прызнаюць у сацыяльна-небяспечным становішчы, – гэта значыць, што іх адразу могуць забраць з сям’і?

– Канешне, не. Алгарытм працы з любой сям’ёй, калі ёсць нейкія пытанні да яе, наступны: спачатку так званае педагагічнае суправаджэнне. Далей глядзім, як сям’я рэагуе на заўвагі і прапановы.

Калі дынаміка станоўчая, то мы з сям’ёй сустракаемся ў рамках якіх-небудзь акцый і ўсё. Калі дынаміка адмоўная, тады савет па прафiлактыцы безнагляднасцi i правапарушэннях непаўналетніх можа прыняць рашэнне аб прызнанні сям’і ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Але і ў гэтым выпадку дзяцей ніхто адбіраць не будзе. Галоўная задача –пакінуць дзіця ў сям’і. На гэта накіраваныя ўсе сілы.

Статус можа “вісець” над сям’ёй досыць доўгі час. Там пачынаецца ўжо праца, дзе актыўна ўзаемадзейнічаюць педагогі, медыкі і іншыя спецыялісты. Калі ўсе яны рана ці позна прыходзяць да высновы, што для дзіцяці ўсё-такі небяспечна заставацца ў сям’і, то ставіцца пытанне аб абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетняга. І толькі пасля гэтага раённай камісіяй можа быць прынята рашэнне аб канфіскацыі дзіцяці. Але і ў гэтым выпадку мы не перастаём ўзаемадзейнічаць з сям’ёй. І калі бачым, што сям’я прымае меры і стварае ўмовы для нармальнага пражывання дзяцей, то дзіця можа быць вернута бацькам. У практыцы нават былі такія выпадкі, калі дзіця забіралі два разы. І яшчэ раз паўтараю: галоўная задача на ўсіх этапах – пакінуць дзіця ў роднай сям’і.