Сітуацыю, якая склалася эксперты тлумачаць шэрагам абставінаў.

Перш за ўсё, стандартным для многіх прадпрыемстваў наборам “валютныя ваганні – адсутнасць заказаў – закрэдытаванасць”.

Маладзечанскі раён – тэрыторыя прамысловая. Таму калі ліквідавалі некалькі прадпрыемстваў, а астатнія правялі аптымізацыю, колькасць работнікаў зменшылася на 1572 чалавекі.

Адбілася на статыстыцы і тое, што мясцовыя жыхары спешна пачалі страхавацца ад статусу “ўтрыманца”, становячыся на “беспрацоўны” ўлік.

Менавіта ў мінулым годзе ў раёне адбылося масавае вяртанне мужчын, занятых на заробках у Расіі.

Мясцовыя ўлады тэрмінова пачалі шукаць выйсце. Штотыдзень на планёрках у раённай адміністрацыі працадаўцы паведамлялі пра вакансіі, шукалі магчымасці ўладкаваць неўладкаваных.

У красавіку – 50 свабодных месцаў, у жніўні – 300

“Бывала, пачыналі размову з таго, што варыянтаў няма. А падумаем разам, глядзіш, пару вольных месцаў знойдзем”, – кажа намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Актанаровіч.

Паралельна ў службе занятасці адсочвалі, наколькі аператыўна абнаўляецца інфармацыя пра вакансіі, кожную бралі на кантроль, правяралі, куды пераразмеркаваны людзі пасля аптымізацыі штата.

Арганізацыйныя меры далі вынік: калі ў красавіку гэтага года наймальнікі паведамлялі пра 50 свабодных месцаў, то да 1 жніўня колькасць заявак дасягнула 300.

У пачатку лета крывая беспрацоўя пайшла на спад. У асноўным дзякуючы таму, што буйныя прадпрыемствы зноў пачалі працаваць. Па дадзеных райвыканкама, на сёння з 41 суб’екта гаспадарання 80% працуюць вышэй за ўзровень мінулага года. Маладзечанскі завод металаканструкцый яшчэ паўгода таму працаваў дрэнна. А сёння выконвае заказы Калінінградскай вобласці, Германіі, працуе на індустрыяльны парк “Вялікі камень”.

У раёне патрэбны выхавальнікі, цырульнікі, бармэны

Беспрацоўным знайсці працу ў рэгіёне нескладана. Іншае пытанне – якую. Ёсць попыт на выхавальнікі дзіцячых садкоў, бармэнаў, афіцыянтаў, цырульнікаў, аўтаслесараў. А вось заяўкі на месцы кіроўцы, грузчыка, падсобніка зачыняюцца зачыняюцца за адзін дзень.

Што тычыцца зарплаты, яна невялікая – 300 рублёў. Хіба што муляр 5-6-га разраду можа зарабляць амаль 500 рублёў.

Усяго да канца года мясцовыя ўлады хочуць стварыць 850 новых працоўных месцаў. Пачнуць сваю дзейнасць каля 20 ужо зарэгістраваных прадпрыемстваў.

Ёсць невялікія інвестпраекты. Напрыклад, беларуска-іранская фарэлевая гаспадарка ў Радашкавічах.

Ёсць рэзерв і ў перападрыхтоўцы. “Мы прапануем вучыцца на кіроўцу пагрузчыка, электрагазазваршчыка, прадаўца, майстра па манікюры. У гэтым годзе ўпершыню адправім людзей на навучанне па спецыяльнасці “абвальшчык мяса” – выконваем заказ аднаго прадпрыемства. Варыянтаў шмат, – распавяла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама Таццяна Мучынская. – Грошы на гэтыя праграмы выдзелены. Думаю, чалавек 200 да канца года мы вывучым”.

Сёння ў Маладзечанскім раёне ўзровень афіцыйнага беспрацоўя складае 1,68%. На ўліку знаходзяцца 1016 чалавек. Вядома, яшчэ рана казаць пра поўнае рашэнне праблемы. Аднак прычын для аптымізму ўсё ж больш, чым для хандры. Тэндэнцыі на рынку працы ў рэгіёне вызначаюцца добрыя. І хочацца, каб маладзечанцы пра гэта ведалі.