На адкрыцці свята рыцары і дамы ў шляхетных строях вынеслі гербы 23 гарадоў, у якіх праходзіла свята ў розныя гады. У гэтым шэрагу быў і герб Смаргоні. Тут рэспубліканскі Дзень пісьменства адзначылі ў 2009 годзе.

Для гасцей зладзілі выставы “Сучасная беларуская кніга”, “Прэса Беларусі”, “Мастацтва кнігі”, “Добрую кнігу – дзецям”. Арганізавалі сустрэчы з пісьменнікамі, канцэрты. Працаваў сапраўдны друкарскі двор 16 стагоддзя. І ўсюды была прадстаўленая творчасць нашых землякоў.

Сваёй радзімай паэтка Іна Фралова лічыць вёску Шыпкі на Вілейшчыне.

Сваёй радзімай паэтка Іна Фралова лічыць вёску Шыпкі на Вілейшчыне.

Паэтка Іна Фралова вяла літаратурную імпрэзу на пляцоўцы “Слова пісьменніка”. “Я – шыпкоўская,” – заўсёды кажа жанчына на сустрэчах з чытачамі.

Хоць нарадзілася яна ў сталіцы, сваёй радзімай лічыць вёску Шыпкі на Вілейшчыне. Тут Іна Фралова гадавалася ў бабулі з дзядулем. Тут пазнаёмілася з паэтам Міколам Шабовічам. Ён працаваў тады ў мясцовай школе настаўнікам беларускай мовы. Шыпкоўскія краявіды натхнілі жанчыну на першыя вершаваныя радкі. Сёння ў Шыпках лецішча паэткі.

На выставе - кніга Ніны Рыбік з Астраўца. Фота Аксаны Ярашонак.

На выставе – кніга Ніны Рыбік з Астраўца. Фота Аксаны Ярашонак.

На свяце пісьменства яна прэзентавала ўласную кнігу “Белы бераг”. Прагучалі вершы, прысвечаныя родным Шыпкам.

Вілейка і Валожын – на свяце пісьменства

Cвае творы на святочных пляцоўках чыталі Віктар Кажура з Вілейкі і  Валянціна Гіруць-Русакевіч з Валожына. Пісьменніца ўжо неаднойчы удзельнічала ў рэспубліканскім свяце пісьменства. Кажа, ёсць з чым параўнаць, бо была ў мінулыя гады і ў Заслаўі, і ў Шчучыне.

Паэтка з Валожына Валянціна Гіруць-Русакевіч віншуе лаўрэата нацыянальнай літаратурнай прэміі Сяргея Клімковіча.

Паэтка з Валожына Валянціна Гіруць-Русакевіч віншуе лаўрэата нацыянальнай літаратурнай прэміі Сяргея Клімковіча.

– Шмат цікавых пляцовак. Усюды нешта адбываецца. Людзі радуюцца, што ў іх горадзе праходзіць такое значнае свята. Асабліва спадабаліся прэзентацыі новых кніг, ­– падзялілася Валянціна Гіруць-Русакевіч. ­– Шкадую толькі пра тое, што так і не змагла абысці ўсе пляцоўкі.

Родную Вілейку ў сваіх вершах прадставіла Бажэна Мацюк (Ганушкіна). Былая вучаніца Віктара Кажуры цяпер працуе настаўніцай роднай мовы ў сталічнай гімназіі. А яшчэ яна паэтка, спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Не першы раз у рэспубліканскім свяце ўдзельнічаў віляйчанін Уладзімір Цанунін. Ён парадаваў гледачоў уласнымі вершамі і песнямі пад гітару на прэзентацыі кнігі паэта Уладзіслава Цыдзіка. А таксама паспеў сустрэцца са сваімі былымі аднагрупнікамі, якія жывуць у Рагачове.

Віктар Кажура з былой вучаніцай, паэткай Бажэнай Мацюк. Фота Аксаны Ярашонак.

Віктар Кажура з былой вучаніцай, паэткай Бажэнай Мацюк. Фота Аксаны Ярашонак.

Віктар Шніп наведаў рагачоўскі музей. З усіх экспанатаў, прызнаўся пісьменнік, асабліва ўразіў вялікі старадаўні човен. Дасканалы, як творы Караткевіча.

–  Дзякуючы святкаванням Дня беларускага пісьменства я маю магчымасць выбірацца з дому за сотні кіламетраў і бачыць Беларусь такой, якой яна ёсць на самой справе. А Беларусь наша прыгожая і людзі працавітыя! ­­– падзяліўся сваімі ўражаннямі Віктар Шніп.

Літаратурная прэмія за лепшы паэтычны твор “паехала” ў Смаргонь

У межах свята заўсёды ўручаюць Нацыянальную літаратурную прэмію за лепшы паэтычны, празаічны і літаратуразнаўчы твор. І сёлета ў нашага рэгіёна ёсць падстава для гонару.

Смаргонец Мар'ян Дукса (злева) – лаўрэат Нацыянай літаратурнай прэміі з сябрам, пісьменнікам Яўгенам Хвалеем.

Смаргонец Мар’ян Дукса (злева) – лаўрэат Нацыянай літаратурнай прэміі з сябрам, пісьменнікам Яўгенам Хвалеем.

Прэмію за лепшы паэтычны твор атрымаў Мар’ян Дукса. Яго ўзнагародзілі за зборнік вершаў “Птушка вечнасці – Душа”. Паэт нарадзіўся на Мядзельшчыне, а цяпер жыве ў Солах Смаргонскага раёна.

З экрана на галоўнай сцэне літаратурныя эксперты – навукоўцы, пісьменнікі, выдаўцы – раілі маладым людзям чытаць вершы Янкі Купалы, п’есы Дуніна-Марцінкевіча.

Кнігі нашых землякоў. Фота Аксаны Ярашонак.

Кнігі нашых землякоў. Фота Аксаны Ярашонак.

А дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў пажадаў кожнаму беларусу мець на кніжнай паліцы зборнік вершаў “Вянок” Максіма Багдановіча. Нагадаем, што паэту ў свой час даваў натхненне фальварак Ракуцёўшчына на Маладзечаншчыне.

Гісторыя касцюма ад Кастуся Цыбульскага

На галоўнай сцэне свята спяваў ураджэнец Маладзечаншчыны Кастусь Цыбульскі. А ўдзячныя гледачы адзначалі і моцны голас, і прыгожы касцюм нашага земляка.

Кастусь Цыбульскі (злева) і Уладзімір Цанунін абмяркоўваюць дэталі выступлення.

Кастусь Цыбульскі (злева) і Уладзімір Цанунін абмяркоўваюць дэталі выступлення.

– Сцэнічнаму вобразу надаю асаблівае значэнне, –  прызнаўся пасля спявак. – Калі ты ўжо выходзіш на сцэну, то павінны быць яркім, запамінальным для гледача.

Касцюм Кастуся Цыбульскага мае асаблівую гісторыю. Мужчына расказаў, што на апошнім фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне звярнуў увагу на аднаго спевака. У яго была вельмі прыгожая сцэнічная вопратка. Пасля выступлення Кастусь Цыбульскі запытаўся, адкуль такі касцюм. Аказалася, што вопратку для сцэны спеваку шые яго маці.

Паэт звярнуўся да жанчыны з просьбай пашыць касцюм, і яна пагадзілася.Пасля даслаў ёй свае памеры і праз некаторы час атрымаў тое, што жадаў. Не было нават ніводнай прымеркі.

Песню “Я жадаю вам, жадаю” на словы Кастуся Цыбульскага на адкрыцці свята праспяваў Анатоль Ярмоленка.

На шматлікіх кніжных выставах побач з творамі іншых беларускіх пісьменнікаў можна было пагартаць і набыць кнігі нашых землякоў: Віктара Шніпа, Міколы Шабовіча, Ніны Рыбік, Адама Мальдзіса, Мар’яна Дуксы.

Своеасабліва “папрысутнічаць” на свяце змог і Уладзімір Някляеў. Юныя спявачкі з сямейнай студыі “Lemari” падарылі ўсім песню “Родны горад” на словы паэта са Смаргоншчыны.

Дзяўчынкі расказалі, што ў іх рэпертуары шмат песень на беларускай мове. Аднак “Родны горад” адна з самых любімых і ў іх, і ў публікі.