Гэтым летам новы энцыклапедычны даведнік “Беларускія народныя музычныя інструменты” выйшаў  у друк і з’явіўся ў продажы.

Акрамя таго, што гэта ілюстраваны даведнік, які раскажа пра багацце і разнастайнасць беларускіх народных музычных інструментаў, пра гісторыю іх стварэння, пра тое, хто іграе, вырабляе і калекцыянуе гэтыя інструменты. 

чытачам ён бу­дзе яшчэ цікавы тым, што ў ім узгадваюцца музыкі, майстры, калекцыянеры з Мала­дзечна, Вілейкі, Мядзела, Смаргоні і іншых гарадоў.

Да даведніка прыкладзены музычны дыск, каб у чытачоў была магчымасць пачуць, як гучыць той ці іншы інструмент.

У рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты” даведнік прынёс музыка-мультыінструменталіст выкладчык Сяргей Ярук.

– Мне патэлефанаваў складальнік кнігі, былы намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, – расказвае Сяргей Ярук. – Папрасіў  напісаць сваю біяграфію і даслаць некалькі здымкаў.

Кнігу, як прызнаецца Сяргей, ён толькі пачаў вывучаць. 

– У першым раздзеле  распавядаецца пра музычныя інструменты, на якіх ігралі нашы продкі: цымбалы, дуды, гармонікі. У прынцыпе, для мяне няма нічога новага. Адзінае, што  тут можна ўбачыць выявы і прачытаць пра такія музычныя інструменты, як шархуны, кляшчоткі, варган. Вось што цікава, – адзначае Сяргей, – вельмі шмат музыкаў, якія іграюць на старадаўніх музычных інструментах, паходзіць менавіта з цэнтральнай Беларусі.

У даведніку асобныя артыкулы прысвечаныя гарманісту Барысу Харэвічу, вядомаму калекцыянеру музычных інструментаў, кіраўніку этнатрыа “Тройца” Івану Кірчуку.

У раздзеле “народныя майстры” можна знайсці звесткі пра Івана Карнея, смаргонскага майстра смычковых інструментаў, Міхаіла Гайдукевіча, маладзечанскага майстра па вырабе гармонікаў, Мікалая Судніка, вілейскага майстра па рамонце і вырабе гармонікаў, пра мядзельскага народнага майстра Мікалая Шастаковіча.

У даведніку расказваецца пра найбольш значныя фестывалі народных інструментаў, што ладзяцца ў нашай краіне.

Дапоўненае выданне музычным дыскам.

– Мне самому дзіўна, што музыка ў маім выкананні трапіла ў гэты дыск, – прызнаецца Сяргей. – Але гэта нечаканасць прыемная. Цяпер сваім вучняў, якім выкладаю музыку ў Лебедзеўскай школе, буду расказваць, што іх выкладчык увайшоў у гісторыю.