Работнікі Следчага камітэта Беларусі святкуюць сваё прафесійнае свята 12 верасня.
А напярэдадні святкавання свайго пяцігоддзя запрасілі карэспандэнта ў госці, каб расказаць пра свае будні і паказаць, дзе працуюць, апазнаюць і вядуць допыт следчыя Маладзечанскага раённага аддзела Следчага камітэта.
Сёння ў камітэце працуюць 57 чалавек. Кіруе камітэтам з дня яго ўтварэння ў 2011 годзе Пётр Варачкоў.
– За пяць гадоў працы нам, вядома, ёсць чым пахваліцца, – пачынае размову Пётр Варачкоў, – хаця б тым, што за гэтых пяць гадоў мы тройчы станавіліся лепшым падраздзяленнем Мінскай вобласці.
За пяць гадоў 3 600 крымінальных спраў, якімі займаўся Маладзечанскі РАСК, былі накіраваныя ў суд.
– З гэтых спраў у Маладзечне не было ні аднаго апраўдальнага прыгавору, – падкрэслівае Пётр Варачкоў, – гэта значыць, што ўсе справы вядуцца дасканала. І ў суд мы накіроўваем толькі тыя, віна чалавека ў якіх цалкам даказаная і мы ў гэтым ні на адзін працэнт не сумняваемся.
Сёлета ў суд накіраваныя 600 крымінальных спраў.
Такая колькасць паспяхова раскрытых спраў, лічыць Пётр Варачкоў, заслуга перш за ўсё калектыву.
– Маладзечанскаму аддзелу ўсё часцей даручаюць расследаванне цяжкіх спраў. І на тое ёсць падставы.
Сёлета восем раскрытых крымінальных спраў – гэта восем злачынстваў, якія здзейснілі службовыя асобы.
На чатыры з паловай гады асуджаны былы доктар з Маладзечна, які здзейсніў 11 службовых злачынстваў, супрацоўнік Вілейскай ДАІ, ён вінаваты ў дзевяці правапарушэннях.
– Здараліся і такія выпадкі. Напрыклад, дырэктар аднаго прадпрыемства атрымоўваў новую службовую машыну і афармляў яе на сваю дачку. Або іншы дырэктар цягам трох гадоў запраўляў уласны аўтамабіль дзяржаўным бензінам. Зразумела, што пра такія выпадкі нам становіцца вядома. Заводзім крымінальныя справы.
Адна з рэзанансных спраў, якую цяпер расследуе Маладзечанскі Следчы камітэт – гэта справа аб махлярстве. Махляр з 2011 года падмануў 37 грамадзян.
– Цяпер мы прымушаем вінаватага выплачваць матэрыяльную шкоду пацярпелым.
Амаль завершаная справа ў адносінах да аўтамабільнага махляра.
– Мужчына тэлефанаваў па аб’явах тым, хто прадаваў свой аўтамабіль. Прасіў прадаць яму аўто ў растэрміноўку, даваў першы ўнёсак 100 долараў, затым гэтую машыну ён прадаваў іншым людзям. Так ён рабіў у Мазыры, Салігорску, Маладзечне і іншых гарадах. Усяго па краіне мужчына падмануў 18 аўтаўладальнікаў.
Ад нас сыходзяць толькі на павышэнне
Пётр Варачкоў кажа, што вакантных месцаў у Следчым камітэце няма.
– Калі ад нас і сыходзяць людзі, то толькі на павышэнне. Тады на іх месца мы бяром маладых спецыялістаў, выпускнікоў юрыдычнага факультэта БДУ, Акадэміі МУС, Акадэміі кіравання. У Следчы камітэт уладкавацца не проста. Нашы будучыя супрацоўнікі праходзяць псіхалагічныя тэсты, праверку на паліграфе.
Следчыя павінны разумець, што кожная справа важная, ці то скрадзеная гусь, ці то мільёны грошай.
Аднак ёсць справы, якія да сёння не раскрытыя.
– Да гэтага часу баліць і выклікае шмат пытанняў справа з забойствам дзяўчыны на прыпынку “Фестывальны”.
Пасля кароткага расповеду пра дасягненні і цяжкасці ў следчай справе, Пётр Варачкоў разам са старшым следчым Юрыем Багушэвічам зладзіў экскурсію па тых пакоях у Следчым камітэце, якія грамадзянін, што не мае праблем з законам, бачыць толькі ў кіно: пакой для допытаў, пакой для апазнанняў.
Пакой для апазнанняў, дарэчы, такі самы, як у амерыканскім кіно – вы бачыце падазраваных, яны вас – не.
– Літаральна некалькі дзён таму тут праходзіла апазнанне людзей, якія падазраюцца ў рабаванні банка ў Беразінскім, – расказвае Пётр Варачкоў. – Апазнавалі і жанчыну, якую потым асудзілі за наркотыкі.
Дарэчы, колькасць злачынстваў у Маладзечанскім раёне, звязаных з наркотыкамі, сёлета зменшылася.
– Магчыма, людзі разумеюць, што па артыкулах, звязаных з наркотыкамі, сядзець давядзецца ад 10 да 15 год, можа, таму не рызыкуюць сваёй свабодай.
Юры Багушэвіч падчас экскурсіі па Следчым камітэце паказаў чамаданчык, з якім эксперты-крыміналісты выязджаюць на месца злачынства.
У гэтым чамадане ёсць усё, што трэба, каб па адбітках пальцаў, слядах ад абутку, сліне ці воласе чалавека знайсці і раскрыць злачынства.
Пётр Варачкоў расказаў, што ў сярэднім у суткі следчыя тройчы выязджаюць на месца злачынства, дзе неабходная прысутнасць супрацоўнікаў Следчага камітэта.
– Канешне, больш за ўсё спраў – крадзяжы.
Аднак, што дзіўна, за гэты год следчыя ўжо пяць разоў выязджалі на здарэнне, калі чалавек паміраў ад таго, што ў стане алкагольнага ап’янення душыўся кавалкам мяса.
– І, вядома, следчыя не ведаюць, што такое нармаваны працоўны дзень, – кажа Пётр Варачкоў, – яны ведаюць, што значыць “не дай бог ты не зняў трубку”.