Гэты жнівень стаў “ураджайным” на літаратурную творчасць для маладзечанкі Марыі Бельскай. У Мінску выйшла яе кніга “Таямніца”. А ў Краснадары – калектыўны паэтычны зборнік “Берагі сяброўства”, куды ўвайшлі вершаваныя пераклады Марыі.

Што натхняе паэта на  творчасць? Як выдаць бясплатна зборнік вершаў? І як у мамы траіх дзяцей знаходзіцца час на літаратуру? Пра гэта наша размова з паэткай.

– Марыя, калі вы прыйшлі да таго, што вам патрэбны зборнік?

­ – У 2005 годзе памерла мая бабуля. З ёй і з вёскай былі звязаны самыя яркія ўспаміны ў жыцці. Пад уплывам гэтых пачуццяў я напісала паэму “Цэнтр сусвету”. Вось тады я адчула патрэбу, што твор абавязкова павінны быць надрукаваны, увекавечаны. 

– Сёння многім маладым паэтам бясплатнае выданне зборніка здаецца чымсьці фантастычным. Як у вас усё атрымалася?

– На адной імрэзе літаб’яднання “Аг­мень”прысутнічаў паэт з Мядзельшчыны Рагнед Малахоўскі. Пасля майго выступлення ён падышоў і распавёў, што займаецца выданнем кніг у бясплатнай серыі “Маладая паэзія Беларусі”. Спытаў, дзе можна пачытаць мае вершы. Я дала спасылкі на інтэрнэт-парталы. Рагнед пазнаёміўся з маёй творчасцю і сказаў, што няма ніякіх перашкод для выдання зборніка.

– Цяжка было прыдумаць назву сваёй першай кнізе?

– Назву Рагнед падказаў. У мяне быў больш доўгі варыянт. “Таямніца”– назва аднаго з маіх вершаў, прысвечанага Мала­дзечну.  Да таго ж гэта прыгожае беларускае слова.  У нашай роднай мове шмат такіх слоў: скажаш адно – і ўсё зразумела, і нічога больш не хочацца.

– Ці ўсім у зборніку вы задаволеныя?

 – Спачатку я думала, што кніга будзе ў два разы таўсцейшая. Хацелася ўключыць туды і рускамоўныя вершы, і тэксты ўласных песень. Цяпер разумею: напэўна, лепш, што кніга атрымалася цалкам на беларускай мове.

 – Зборніка доўга чакалі?

– Каля года. За гэты час у мяне з’явіліся новыя вершы. Але дадаць у кнігу іх не атрымалася.  Затое ёсць ужо матэрыял для будучых зборнікаў. Ды і на пытанні пра ўласную творчасць стала зручна адказваць: вось гэтыя вершы ўвайшлі ў зборнік, а гэтыя я напісала пасля выдання кнігі.

Як адчувае сябе чалавек пасля выдання ўласнага зборніка?

– Адчуванне такое: адбылося! Да гэтага мае вершы друкаваліся ў калектыўных зборніках. Але ўласная кніга – зусім іншае.

– Паэтычны талент перадаецца ў спадчыну?

– Напэўна, так. Мая мама пісала вершы і наведвала мясцовае літаратурнае аб’яднанне. Мае дочкі цяпер складаюць цудоўныя казкі. Думаю, і сачыненні ў школе ў іх будуць добрыя атрымлівацца. Вельмі пастараюся, каб яны як мага даўжэй не ведалі, што сачыненні цяпер можна спампаваць з інтэрнэта.

– Што натхняе вас на творчасць?

– Добыя кнігі. Максім Багдановіч, Надзея Ясьмінска. Здараецца, чытаеш кнігу і тут жа бярэшся за аловак, каб пачаць пісаць нешта сваё. Са школы люблю Ніла Гілевіча і Уладзіміра Караткевіча. Натхняе прырода і добрая музыка.

– А з маладых творцаў падабаецца хто-небудзь?

– З маладых уразіў Рагнед Малахоўскі. Я не была знаёмая з яго творчасцю. Але неяк ён скінуў спасылку на паэтычны партал, прапанаваў пачытаць яго вершы і пакінуць  водгук. Я адразу засумнявалася: гэта ж чалавек, які рыхтуе да друку маю кнігу. А раптам мне яго вершы не спадабаюцца.Трэба будзе нешта прыдумляць, бо дрэннае ж пісаць не захочацца. Але вершы насамрэч былі шыкоўныя, і нічога прыдумляць не спратрэбілася. Падабаецца таксама фэнтэзі Уладзіміра Садоўскага.

– Ведаю, што вершы вы пачалі пісаць са школы. Настаўнікі якую-небудзь ролю адыгралі ў вашай творчасці?

– О, так! Настаўнікі – гэта наша ўсё. У маёй творчасці – па 100 працэнтаў ад кожнага. Гэта настаўніца рускай мовы Іна Ларына, настаўніца беларускай мовы Вольга Сурма і замежнай мовы Вольга Малярэвіч.

“Калі Маша не слухае мяне на ўроку, а піша нешта сваё, я не рабіла ёй заўваг. Ведала: на перапынку яна падыдзе да мяне з чарговым вершам”, – прызналася неяк настаўніца замежнай мовы.

­ – Не так даўно вы пачалі займацца перакладамі з рускай мовы на беларускую. Некаторыя пісьменнікі лічаць, што гэта – марнаванне часу. А вы?

– Не, пераклады – патрэбная справа. Мой верш пра Максіма Багдановіча пераклала на рускую мову паэтка з Анапы Ірына Іваськова. Мясцовыя кампазітары напісалі музыку да гэтых слоў. І цяпер песню пра Багдановіча спяваюць у Расіі. Каб не пераклад, наўрад ці даведаліся б пра мяне і мае вершы ў іншай краіне. Спадзяюся, што і вершы рускіх паэтаў, перакладзеныя мной на беларускую мову, зайгралі новымі фарбамі.

– Як вы знаходзіце час на творчасць?

­ – Ствараць трэба “па-за часам”. Яшчэ са школы я пісала вершы на аўтобусных прыпынках, у транспарце, па дарозе куды-небудзь. Я нават слаба ўяўляю, як гэта можна сесці за стол, ўзяць аркуш паперы, аловак і “наваяць” шэдэўр.

– У іншых жанрах сябе спрабуеце?

– Так. Мару напісаць фэнтэзі на беларускай мове. Але гумарыстычнае. Бо фэнтэзі без гумару – гэта нецікава.