Тое самае пачуццё, калі прыгатаваўся крычаць:”Ессс”, але мяч, які пасля ўдару Сяргея Галюка толькі драпнуў сетку звонку, пакідае межы футбольнага поля.
Пра гэта і іншыя расчараванні ад матча “Маладзечна ДЮСШ 4” – “Асіповічы”, які ўсё ж скончыўся нечыей – 1:1, у нашым рэпартажы.
Гледачы па-ранейшаму не цешаць каманду наведваннем стадыёну. Магчыма, таму што гульня была ў будны дзень, у 17.30. Хаця, паклаўшы руку на сэрца, і ў выхадныя дні аншлагамі стадыён пахваліцца не можа.
Трыбуны амаль пустыя, чаго не скажаш пра фанацкі сектар: хлопцы ў чорных майках падбадзёрваюць і заўзеюць за сваю каманду.
У гульні супраць Асіповічаў маладзечанцы згулялі наступным складам: Антон Галгоўскі, якога пасля атрыманай траўмы замяніў наш малады варатар Радзівон Субач, Максім Чабрыцкі, яму на замену ў пачатку другога тайма выйшаў Арцём Грыб, Юры Малько, якога замяніў Ігар Нарожнік, Аляксандр Альховік, Сяргей Дрозд, Юры Бугай, Дзмітры Касцюк, Павел Галубовіч, Ігар Талькоўскі, Юры Пустаход, Антон Талстога ў пачатку другога тайма спачатку замяніў Сяргей Космач, а таго пасля траўмы, замяніў Сяргей Галюк.
На пытанне да трэнера каманды Аляксандра Гармазы, чаму менавіта стартавы склад каманды быў такім, трэнер адказаў:
– Нармальны склад, мы такім складам перамаглі “Мантажніка”. Блізіцца завяршэнне чэмпіянату, не да эксперыментаў цяпер.
Асіповічы цяпер займаюць другі радок турнірнай табліцы, маладзечанцы дыхаюць у патыліцу.
Ад таго, якія каманды ўвойдуць у першую тройку табліцы, будзе залежыць, ці згуляюць каманды ў першай лізе.
Глядач і прыхільнік футболу Уладзімір, пасля гульні, сказаў мне:
– Прэса, вы ж пойдзеце прасіць, каб каманду ўзялі ў першую лігу?
А каманда, калі меркаваць па гульні, у першую лігу хоча і імкнецца.
Калі ў першым тайме Асіповічы пераконвалі гаспадароў у тым, што перамога павінна дастацца ім: ствараліся небяспечныя моманты каля варот Антона Галгоўскага, такія, што ў адным з эпізодаў Антону ўсё ж давялося сысці на лаўку запасных. Гол у першым тайме гульцы Асіповічаў у вароты Радзівона Субача ўсе ж забілі.
У другім тайме маладзечанцы ўстрапянуліся і гульня пайшла на палове поля гасцей.
Атакі маладзечанцаў усё ж скончыліся голам, які Ігар Нарожнік забіў варатару Асіповічаў. Затым, натхніўшыся поспехам таварыша па камандзе, вароты гасцей атакуе Юры Пустаход. Затым, той самы гол Сяргея Галюка, калі гледачы набралі паветра ў грудзі, каб закрычаць: “Ес!”, але мяч па-здрадніцку праляцеў па-над варотамі.
Да канца матчу лік не змяніўся, дзве “бела-зялёныя” каманды разышліся мірна. Хаця трэнер маладзечанцаў застаўся незадаволеным.
– Вядома, хацелася іншага выніку. Значыць, нечага не дапрацавалі.
Вяртаючыся да расчараванняў матча, падсумую: перамагчы хацелася, але не атрымалася, гледачоў на стадыёне было мала. І трэці радок турнірнай табліцы застаўся за маладзечанцамі.
Наступны матч маладзечанцы згуляюць з камандай Чысці “Забудова-буд”. Папярэдне, гульня адбудзецца 24 верасня.