„Сябры! Трэба тэрмінова знайсці ў Мінску тры пары лапцяў. Сваяк з Сінгапура (родам з Астраўца) хоча набыць сабе і для двух тамашніх калег-праграмістаў – філіпінца і індуса”.

Такая абвестка ў сацсетцы не магла не прыцягнуць маю ўвагу. З лапцямі дапамога ўжо не спатрэбілася – майстры ўсё ж знайшліся. Але сустрэча з героем абвесткі ўсё ж адбылася. Астраўчанін Ігар Губчык і яго жонка Ксенія з Баранавіч спецыяльна для “РГ” распавялі пра сваё сінгапурскае жыццё. 

“Як можна не ведаць пра Беларусь?”

– Як у вас з’явілася ідэя з лапцямі?

Ігар: Мы ўжо прывозілі з Беларусі гадзіннікі і цукеркі. І гэтым разам падумалі, што б такое прывезці, каб такое беларускае-беларускае? У галаву прыйшлі лапці. Я паказаў іх на фота сваім калегам і яны сказалі: давай, прывозь! Для сінгапурскага клімату самае тое ў лапцях на працы хадзіць.

– Давайце пачнём ад пачатку: як вас занесла на іншы канец свету?

Ігар: Я пераехаў у Сінгапур у красавіку 2012 года, Ксюша – праз тры месяцы.

Я быў аспірантам БДУІР і мая навуковая праца была звязаная з апрацоўкай выяваў. Аднойчы мне патэлефанаваў мой навуковы кіраўнік і запытаўся: хочаш працаваць у Сінгапуры? На што я адказаў: а чаму б і не? Хаця нават не ведаў, дзе гэта. Аказалася, што мой кіраўнік – добры знаёмы дырэктара сінгапурскай фірмы, які па нацыянальнасці рускі.

Я даслаў рэзюмэ, пераклады дакументаў, паразмаўляў па скайпе з будучым начальнікам. І праз два месяцы атрымаў паведамленне: прыязджайце, мы адкрылі вам працоўную візу.

Ксюша: Мы з Ігарам на той момант былі разам чатыры гады і з іх толькі два дні правялі паасобку. Мы нават працавалі разам у адным універсітэце. Таму спачатку навіне пра Сінгапур я не ўсцешылася: новая краіна, невядома дзе, навошта туды ехаць? Было страшна.

– Ці былі праблемы з мовамі?

Ігар: Я валодаў англійскай на сярэднім узроўні. Працаваў выкладчыкам ва ўніверсітэце, дзе ў мяне былі групы замежных студэнтаў, таму якая-ніякая практыка была.

У Сінгапуры чатыры дзяржаўныя мовы: англійская, кітайскі дыялект мандарын, малайская і хіндзі. Так што з англійскай там не прападзеш.

Ксенія: Мне было цяжка з мовамі. Спачатку я працавала ў рускім рэстаране памочнікам повара. Валоданне англійскай было не такім прынцыповым крытэрыям, а крышыць салаты і чысціць бульбу я ўмею. Пасля перайшла на поўны працоўны час – 55 гадзін на тыдзень.

З мужам амаль не бачыліся. У такім тэмпе вытрымала паўгода і звольнілася. Адвучылася на курсах англійскай мовы, пасля чаго тры месяцы шукала працу і ўладкавалася па спецыяльнасці на праграміста.

– Як выглядае дарога да Сінгапура?

– Спачатку едзеш цягніком да Масквы, адтуль ёсць прамы рэйс. Ён дарагі, таму часцей мы ляцім з перасадкамі. Адзінаццаць тысяч кіламетраў пралятаеш за дзесяць гадзін. Розніца ў часе з Беларуссю – пяць гадзін.

Там ніхто не ведае, што такое Беларусь, таму мы ўсім расказваем. Як, вы не ведаеце пра Беларусь? Яна ж па памеры як Малайзія! Такая вялікая краіна, а вы не чулі?!

Рыс, рыс і яшчэ раз рыс

Ігар: У Сінгапуры 90% пакояў здаецца без права карыстання кухняй. То бок ты маеш пакой, ванную, а паесці ходзіш у шматлікія вулічныя забягалаўкі і сталоўкі. Там прадаюць у асноўным рыс, на якім непрызвычаены чалавек доўга не працягне. Прычым накладаюць гару рысу, малюсенькі кавалачак курыцы і прастую лустачку агурка. Я заўсёды прашу наадварот – рысу ў два разы меней, а курыцы і гародніны – паболей.

Мы наймалі кватэру з кухняй і знаёмыя вельмі здзіўляліся: як гэта – гатаваць ежу? Дарэчы, паходы ў госці там таксама дзіва, людзі большыя індывідуалісты. Сябры сустракаюцца на нейтральнай тэрыторыі. Таму сяброў знайсці складана. Калі мы запрашаем да сябе, усе вельмі здзіўляюцца: як, прама дамоў?! Але прыходзяць.

Аднойчы частавалі гасцей дранікамі. Яны былі ў захапленні – як вы гэта робіце? Пасля таго, як мы паказалі, яны сказалі – ой не, мы гэтым займацца не будзем, надта складана!

Затое ў іх ёсць традыцыя сямейнай вячэры ў нядзелю. У нашым спальным раёне ў нядзелю пустыя вуліцы – усе бавяць час з сем’ямі.

Ксюша: – Я навучылася гатаваць там нашы стравы – бульбу, салаты, курыцу. Мы проста не можам есці рыс тры разы на дзень! А ў іх калі забраць рыс – гэта будзе каравул! Як у нас бульбу.

Ёсць яшчэ садавіна дуран – такая зялёная і шыпастая. На выгляд нічога, але, калі разрэзаць, – страшэнна смярдзіць памыйкай, на ўсю ваколіцу, горш не бывае, есці гэта немагчыма! А мясцовыя нічога, ядуць і хваляць.

Да таго ж там амаль няма салодкага, таму беларускія шакаладкі і зефір вельмі хутка разыходзяцца. Яшчэ адзенне купляем толькі ў Беларусі – там яно вельмі дарагое, бо ўсё імпартнае.

Забарона на жвачкі і малпы на вуліцах

Ігар і Ксенія: У краіне шмат забаронаў і высокія штрафы за іх парушэнне. Нельга есці па-за пунктамі харчавання, каб не брудзіць на вуліцы. Жвачкі там не купіш, а правезці праз мяжу можна толькі адну ўпакоўку. Калі вязеш болей – гэта кантрабанда. Усё для таго, каб пасля не адкалупваць засохлыя жвачкі ад асфальту і з-пад крэслаў.

Законы вельмі суворыя. За крадзеж адразу саджаюць. Але ў выніку ўзровень злачыннасці там адзін з самых нізкіх на планеце.

Вельмі жорстка караюцца праявы расізму: проста высылаюць з краіны без права вяртання нават як турысту. Калі ў доме на паверсе тры кватэры і ў дзвюх з іх жывуць кітайскія сем’і, то трэцюю не прададуць кітайцам – толькі малазійцам, японцам ці індусам. Каб не ствараліся кланы.

Увогуле няма ДАІ. У шашу ўмантаваныя датчыкі руху, якія перадаюць інфармацыю ў святлафоры: колькі машын, у якім кірунку едуць, і святлафоры аўтаматычна падстройваюцца пад гэта. І паўсюль камеры.

Машын у Сінгапуры нашмат менш, чым у Беларусі, – краіна маленькая, таму зямля на вагу золата. Каб мець сваю машыну, трэба плаціць нерэальна высокія падаткі. Напрыклад, купляючы новае аўто ты плаціш не толькі прадаўцу, але і каля 70 тысяч долараў падатку за права карыстання зямлёй. І пасля штогод яшчэ нейкую суму. Затое сістэма грамадскага транспарту выдатная.

Складана прызвычаіцца да таго, што круглы год і ноч, і дзень доўжацца па 12 гадзін. А сёмай раніцы ўстае сонца, а сёмай вечара – садзіцца, прычым цямнее рэзка, літаральна цягам 15 хвілін.

Круглы год там тэмпература каля +30 і амаль стопрацэнтная вільготнасць. Прывыкнуць цяжка. Кандыцыянерам стараемся нячаста карыстацца, тады лёгка захварэць. Дома толькі на ноч уключаем.

Няма цэнтралізаванай падачы гарачай вады. Толькі калі самому ставіць бойлер. А па вуліцах бегаюць малпачкі і ігуаны, як у нас каты. Карміць іх строга забаронена.

Дарэчы, па вуліцах бегае шмат тараканаў – вялікіх, тлустых. Сінгапур вельмі чыстая краіна, а тараканы там звычайныя насякомыя, якія проста жывуць у прыродзе, як у нас хрушчы.

Астравец вельмі змяніўся за апошнія гады

Ігар: Я скончыў школу №1 у Астраўцы, нават срэбраны медаль атрымаў! Бабуля жыла ў вёсцы Каменка, але цяпер дома не засталося.

Агароды былі вялікія, я нават замест каня з плугом хадзіў! Цяпер кантактую толькі з бацькамі і сястрой, якая там жыве.

У Астраўцы я не быў ужо даўно – з сям’ёй сустракаюся ў Мінску. Цяпер не маю пропуска ў памежную зону, і мясцовай прапіскі таксама.

З таго, што бацька паказваў праз камеру, бачыў, што пасля пачатку будоўлі АЭС горад моцна памяняўся.

Калі я з’язджаў, самы высокі будынак налічваў пяць паверхаў. Я нават калі ў Мінск пасля Астраўца прыехаў, для мяне высокія дамы дзівам былі. Цяпер ёсць шматпавярхоўкі, новыя дарогі, нават два святлафоры паставілі! Прыязджаюць новыя людзі, горад развіваецца.

Раней усе адтуль з’язджалі, а цяпер мінчане да нас едуць на працу.

Да АЭС стаўлюся неадназначна. Астравец быў адной з самых чыстых тэрыторый Беларусі. Цяпер церпіць прырода – ужо праклалі новыя дарогі, чыгунку. Рака мялчэе. З аднаго боку станцыя дасць энергетычную незалежнасць Беларусі, з другога – энергію можна атрымліваць і ад ветру, сонца ці вады.

Бацькі жывуць у Астраўцы і пакуль не былі ў нас у Сінгапуры, але спадзяюся, што атрымаецца іх выцягнуць у госці.