Да нас у рэдакцыю прыйшоў ліст ад маладзечанскага аўтааматара. Ліст напісаны так эмацыйна і маляўніча, што мы вырашылі не рэдагаваць яго, а ў такім выглядзе накіраваць у Маладзечанскую ДАІ.
“Пятнічная пагодлівая раніца. Нічога не прадвяшчала бяды. Але раптам, знянацку моцны трэск і шум дна аўтамабіля, якое чапляецца за асфальт. Адарваны бампер, прабіты паддон і бензабак…
Менавіта так і варта было б пачынаць гэту гісторыю, аднак аўтару пашанцавала, бо ён своечасова заўважыў гэты бетонны слупок, які “воздвиг нерукотворно” жыхар аднаго з дамоў па Вялікім Гасцінцы.
Адразу нараджаецца пытанне: чым перашкаджае мужчыну, якому на выгляд 60-65 гадоў, сівому, у сіняй кашулі ў клетачку, які жыве ў другім пад’ездзе, гэты праезд?
Верагодней за ўсё, у яго няма ўласнага аўтамабіля і яму надакучылі машыны, якія дымяць выхлапнымі газамі і сноўдаюць у яго пад вокнамі.
Але пачакайце. Тут нават у базарны дзень у лепшым выпадку праездзе два-тры аўтамабілі ў гадзіну.
І вось што цікава, а самім жыхарам дома хіба не трэба пад’язджаць да пад’езда?
А цяпер давайце падумаем, якія ж законы парушыў той чалавек, што ўсталяваў слупок:
1. Ён займаецца самаўпраўствам, гэта відавочна. Да таго ж гэта можа быць незаконны захоп зямлі. Сумняваюся, што ён сваю “творчасць” узгадніў з аддзелам архітэктуры ці іншай горадабудаўнічай службай? А ці падумаў гэты “народны архітэктар” пра тое, што ён можа стаць прычынай псавання прыватнай маёмасці?
2. А як жа права грамадзян на свабоднае перамяшчэнне? Менавіта гэты чалавек не захацеў, каб там ездзілі!
3. А як да пад’езда будзе пад’язжаць “хуткая дапамога” або пажарныя?
Ананімна, калі ласка”.
Гэтыя пытанні мы задалі намесніку начальніка Маладзечанскай ДАІ Уладзіміру Мумрыкаву:
– Каб атрымаць поўны і кампетэнтны адказ, нашаму інжынеру неабходна выехаць на гэта месца і ацаніць абстаноўку. Адказ абавязкова дадзім.
Слупок у двары перашкаджае праехаць машынам