А 14 верасня ў райвыканкаме народу таксама сабралася няшмат. Тут архітэктар, аўтар праекта, Аляксей Іслямаў прадставіў сваю працу па рэканструкцыі горада супрацоўнікам райвыканкама і жыхарам.
У сваіх межах Вілейка ўжо сфарміравалася. Таму асноўная задача праекта – эфектыўна скарыстаць тэрыторыю горада ў гэтых межах.
Аўтар прапануе зрабіць Вілейку горадам трох плошчаў. Дзве, як вядома, ужо ёсць. А яшчэ адна з’явіцца пры ўездзе ў Вілейку з Мінска.
Крыху пашыраць плошчу Свабоды. На ёй з’явяцца месцы для паркоўкі. Транспарту ў горадзе становіцца ўсё больш. Таму праблема месцаў для стаянкі актуальная для Вілейкі.
Яшчэ адна ідэя – малапавярховыя прыватныя забудовы на невялікіх, у 5-6 сотак, участках зямлі. Гэта, на думку Аляксея Іслямава, зробіць Вілейку падобнай да маленькіх еўрапейскіх гарадкоў.
На плошчы Свабоды з’явяцца месцы для паркоўкі. Фота Аксаны Ярашонак.
Месца, дзе Пляснянка ўпадае ў Вілію, – гістарычны цэнтр горада. У гэтым месцы – самая старая вуліца. Сёння па ёй ходзіць транспарт. Але аўтар праекта плануе зрабіць вуліцу пешаходнай.
Добраўпарадкуюць прыбярэжжа Віліі. Берагі “апрануць” у камень ці бетон. Або проста зробяць насып, які засцеражэ горад ад паводкі. Цалкам рэалізаваць ідэі з прыбярэжжам не дае “Водны кодэкс”. Тут ёсць жорсткія патрабаванні.
Праект дэтальнага плана забудовы.
Сцягнуць фота можна тут
Напрыклад, на прыбярэжнай зоне можна будаваць толькі аб’екты для спорту і адпачынку. Таму ў будучым тут з’явіцца гарадскі стадыён. Удасканаляць дзіцячы пляж.
На думку аўтара праекта, добраўпарадкаванае прыбярэжжа адразу зменіць жыццё горада. Да ракі пацягнуцца людзі.
Побач з анкалагічным дыспансерам з’явіцца новы сквер. Больш ніякіх аб’ектаў тут не плануюць. Бо гэта бальнічная зона. І яна павінна быць ціхай.
У горадзе паўстануць новыя пяці- і сяміпавярховыя дамы.
Аднак гэта не перашкодзіць касцёлу быць своеасаблівай “дамінантай” – галоўнай пабудовай, якую мы бачым пры ўездзе ў горад.
Па словах галоўнага архітэктара раёна Галіны Кажарновіч, рэканструкцыя амаль заўсёды звязаная з балючым пытаннем зносу прыватных дамоў. А іх яшчэ шмат захавалася побач са шматпавярхоўкамі.
Жыхарка Вілейкі Наталля заклапочаная тым, што ж будзе з іх домам-лецішчам на Савецкай.
Касцёл застанецца дамінантай пры ўездзе ў горад.
– У гэтым доме жыла бабуля майго мужа. Потым яго маці. Пасля уласнікам стаў муж. Вядома, што яму гэты дом дарагі як памяць. Але з 1979 года нам кажуць, што дом пойдзе пад знос. Таму ўкладаць нейкія грошы ў яго добраўпарадкаванне мы не можам. Сёння там толькі косім і садзім грады. Хацелася б даведацца, што нам прапануюць, калі дом усё ж знясуць.
Але з такой няпростай сітуацыі можна знайсці выйсце. Па словах Галіны Кажарновіч, сям’я зможа атрымаць раўназначны ўчастак на вуліцы Набярэжнай.
Усе змены ў горадзе запланавалі на два этапы. Першы этап – да 2020, другі – да 2030 года.
Праект плана ляжыць у фае райвыканкама. Кожны жыхар горада можа пазнаёміцца з ім і пакінуць свае заўвагі і пытанні ў спецыяльным журнале. Але журнал пакуль пусты.