Новая Гута. Яна не аджывае свой век, як шматлікія беларускія вёскі, не становіцца бесперспектыўнай.

Яна жыве сённяшнім днём з верай у будучыню, шчыра шануючы памяць сваіх продкаў і гістарычнае мінулае ўвогуле.

Старыя яе жыхары свае сядзібы пакідаюць у спадчыну сваім нашчадкам. А іншыя дамкі набываюцца пад лецішча гарадскімі жыхарамі. Жыццё вёскі працягваецца, і, мала таго, яна набывае сучасны выгляд.

Чысціня вёскі, як самой вуліцы, так і яе падворкаў, – гэта вынік клопатаў сельсавета, ЖКГ і, галоўным чынам, саміх яе жыхароў.

Магу з упэўненасцю сказаць, што Новая Гута і яе жыхары могуць служыць прыкладам для іншых.

Новая Гута была спаленая ўшчэнт 5 мая 1943 года. Жыхары яе выратаваліся, але не ўсе.

Хтосьці загінуў ад рук фашысцкіх карнікаў і іх памагатых, іншых забілі невядомыя ўзброеныя бандыты, якіх нямала швэндалася па лясах падчас вайны.

А яшчэ многія жыхары Новай Гуты аддалі свае жыцці на франтах вайны. Магілкі іх параскіданыя па ўсёй Еўропе.

Родным, вядома, наведаць іх месцы пахавання было магчыма.

Вось таму летась,  праз 70 год пасля вайны, вяскоўцы  гуртам вырашылі  сваю агульную праблему.

Яны вярнулі з чужыны, ды і ўвогуле з забыцця, імёны сваіх загінулых родных і землякоў на іх малую радзіму.

Вясной 2015 года на вясковым сходзе прайшло абмеркаванне па ажыццяўленні гэтай задумкі. Запрошаныя на вясковы сход старшыня Хаценчыцкага сельсавета Святлана Валовік і намеснік старшыні Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў Максім Місько ідэю падтрымалі, паабяцаўшы магчымую дапамогу ў гэтай справе. Вяскоўцы сабралі сродкі, каб набыць помнік.

 А ўсё астатняе, як кажуць у народзе, з усяго свету па нітачцы, а голаму кашуля.

Усе арганізацыйныя пытанні ўзяў на сябе аўтар ідэі, аўтар  гэтых радкоў.

Прозвішчы загінулых выгравіраваў на пліце цудоўны народны ўмелец з Маладзечна Генадзь Шурпік.

Абрамленне гэтай пліты зрабіў Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў. А сам помнік зрабілі мясцовыя жыхары з пня спілаванай здзічэлай  грушы.

Гэта вялізнае ў некалькі абхватаў дрэва ўжо дажывала сваё апошняе стагоддзе і таму складала небяспеку вяскоўцам.

Цяпер шматвекавая груша стала помнікам, урачыстае адкрыццё якога адбылося 13 чэрвеня мінулага года.

Пасля адкрыцця прайшоў больш за год, і ўжо сёння з упэўненасцю можна сказаць, што гэты народны шэдэўр мастацтва праіснуе яшчэ шмат часу, нагадваючы лю­дзям сваё паходжанне і таксама гістарычнае мінулае вёскі і яе жыхароў.

Вяскоўцы з самага адкрыцця і па сённяшні дзень клапатліва і з пяшчотай адносяцца да створанага іх рукамі помніка.

Акрамя штучных кветак, помнік патанае ў жывых, якія мясцовыя гаспадыні пасадзілі на клумбах вакол.

За помнікам наглядаюць усе жыхары. Ніхто не пройдзе міма, заўважыўшы штосьці няладнае, каб гэту хібу не выправіць.

Хочацца асобна адзначыць такіх вяскоўцаў, як Валянціна Несцярэнка, Ванда Масальская, Ганна Філіповіч, за іх клопаты па доглядзе за помнікам.

А таксама ўсіх вяскоўцаў і карэнных, і прыезджых, якія ўспрынялі чужы боль, як свой, і  ўзялі ўдзел у гэтай добрай і патрэбнай справе па ўшанаванні памяці загінулых падчас другой Сусветнай вайны. 

Узведзены неабыякавымі людзьмі жывы помнік натуральна жыве, а разам з ім жыве і памяць пра трагічнае мінулае вёскі Новая Гута.