Развод – тэма, якую асабліва не закранаюць у размовах, калі толькі сам чалавек не хоча падзяліцца сваімі пачуццямі, каб пазбавіцца ад негатыву. Бо за кожнай жыццёвай сітуацыяй стаяць перажыванні, разбітыя надзеі. Калі доўгім і трывалым шлюбам ганарацца, то разводам асабліва не пахвалішся, хаця і прайшлі часы, калі гэтага саромеліся.

Мы вырашылі паразмаўляць на гэту тэму з рознымі спецыялістамі, каб высветліць, што стаіць за гэтым балючым словам.

Тры дні ў шлюбе – і вырашылі развесціся

– Нашы спецыялісты павінны быць яшчэ і вельмі добрымі псіхолагамі, – адзначае начальніца аддзела ЗАГС Маладзечанскага райвыканкама Ала Івашкевіч. – Варта своечасова ўбачыць: сапраўды лю­дзі хочуць разысціся альбо гэта робіцца пад уплывам злосці.

Часам пары, якія мала пажылі ў шлюбе, пасля першай жа спрэчкі бягуць у ЗАГС, але цяпер ужо не за запаветным штампікам.

– У адзін з аўторкаў залятае да нас мала­дзенькая дзяўчына і адразу з парога – дайце мне заяву на развод, – узгадвае начальніца ЗАГСа. – А я ж памятаю, што толькі ў пятніцу пара распісалася, што, за выхадныя нажыліся? Сказала, каб прыходзіла разам з мужам, толькі тады прыму заяву. Але не вярталася, хутчэй за ўсё, памірыліся.

Фота allyou.gr.

Фота allyou.gr.

Як заўважае спе­цыяліст, раней больш сур’ёзна падыходзілі да шлюбаў, стараліся прыстасавацца адзін да аднаго. Цяперашняя моладзь, калі што не так, знаходзіць хуткае выйсце – разбегчыся.

Неяк у ЗАГС прыйшла пара пісаць заяву на развод. Спецыяліст задала ім толькі адно пытанне: чаму вырашылі развесціся. І тут пачалося: яна пачала абурацца, што муж пры першай жа няўдачы паскардзіўся маме. Тая адчытала нявестку. Паразмаўляўшы пры староннім чалавеку, маладыя зразумелі, што хочуць быць разам. Проста трэба размяжоўваць, што можна расказаць бацькам, а што лепш вырашыць самім, а калі накіпела, лепш адразу выказацца.

– Калі будзе хоць адзін такі выпадак з дзесяці, што мы дапамаглі знайсці паразуменне паміж мужам і жонкай, упэўнілі не разводзіцца, – гэта ўжо поспех, – адзначае Ала Івашкевіч. – Калі бачым, што сям’і не хапае элементарнага – пагаварыць сам-насам, выказацца, раю звярнуцца да псіхолага. Часта абураюцца: “Мы што, псіхі?!” Тлумачу, што раю псіхолага, а не псіхіятра. Ён павінны не вылечыць вас, а дапамагчы знайсці паразуменне.

Разводзіліся і жаніліся чатыры разы

Фота vientosurfoto.blogspot.com.

Фота vientosurfoto.blogspot.com.

Спецыяліст узгадвае, што была пара, якая разводзілася і сходзілася чатыры разы. Пасварацца – разводзяцца, памірацца – ідуць па штамп.

– У маладым узросце, па маіх назіраннях, ініцыятарамі разводаў становяцца жанчыны, у сталых  шлюбах – мужчыны, – расказвае Ала Івашкевіч. – Прычына – закахаўся ў другую. Калі ж на развод падаюць жанчыны пасля доўгіх гадоў сямейнага жыцця, у многіх выпадках муж п’е. Яны доўга церпяць, аднак некалі чаша перапаўняецца, у выніку – развод.

А вось прыказцы “не выходзь замуж у маі – усё жыццё бу­дзеш маяцца” спецыяліст ЗАГСа не дае веры.

Па яе словах, у гэтым месяцы не большая колькасць разводаў, чым у іншых. Можа, людзі і мучацца, аднак заявы на развод не прыносяць.

Развод у лічбах

Фота espanarusa.com.

Фота espanarusa.com.

1-2 месяцы – такі тэрмін пасля падачы заявы даюць сямейнай пары на тое, каб яны захавалі сям’ю.

2 месяцы – такі час у шлюбе пражылі сёлета тры пары. Гэта пакуль самы непрацяглы тэрмін сямейнага жыцця.

10 – столькі ў сярэднім разводаў у ЗАГСе за месяц па ўзаемнай згодзе і калі няма дзяцей і скаргагаў на маёмасць. 

35 – сярэдні ўзрост большасці жанчын, якія разводзяцца.

38 – сярэдні ўзрост большасці мужчын, якія разводзяцца.

84 рублі – столькі каштуе працэдура разводу.

253 – столькі разводаў прыпадае на 413 шлюбаў. Нават больш, чым кожны другі шлюб, распадаецца (дадзеныя за 7 месяцаў 2016 года).

32 984 – столькі шлюбаў скасавалі ў краіне ў 2015 годзе.

2000 год – паводле афіцыйнай статыстыкі, на гэты час прыпадае пік разводаў. Тады развяліся 43 тысячы 512 чалавек. Больш за ўсё скасавалі разводаў у Мінску – 8 406.

Чытайце заўтра, 17 ліпеня, парады псіхолага, як перажыць развод лягчэй.

Фота livestrong.com.

Фота livestrong.com.