Акрамя маладога пісьменніка, студэнты ў раздзеле “Руская і ўсходнееўрапейская навуковая фантастыка” вывучаюць Віктара Пялевіна, Карэла Чапека, Станіслава Лема, Яўгенія Замяціна і іншых. Іх увазе прапануюць тры апавяданні Дзічэнкі: “Энергія”, “Камітэт па расстрэлу паэтаў” і “Чырвоная баранеса”. Сярод пытанняў для студэнтаў паводле твораў беларускага аўтара: якія сляды савецкай гісторыі вы бачыце ў штодзённым жыцці ў “Энергіі”? ці бачыце вы ў “Камітэце па расстрэлу паэтаў” адгалоскі “Мы” Замяціна? ці з’яўляюцца апавяданні навуковай фантастыкай?
Апошнія публікацыі Дзічэнкі можна ўбачыць у рыжскім часопісе “Этажы” і газеце “Звязда”. Там размешчаныя апавяданні з новага зборніка з 40 апавяданняў на беларускай мове “Сонечны чалавек”, які хутка выйдзе ў друк. Андрэй піша па-руску, для кнігі яму дапамагалі перакладаць творы.
Ён выдаваў першыя кнігі яшчэ ў студэнцтве, але сёння лічыць вартымі ўвагі апошнія тры: “Ты – мяне”, “Пліты і правалы” і “Сонечны чалавек”.
Да папярэдніх работ ставіцца крытычна:
– Вельмі сырыя рукапісы, якія па збегу абставін станавіліся кнігамі. Больш нагадваюць сачыненні інфантыльнага школьніка, які начытаўся “Нейраманта” Ульямса Гібсана. Прыклад таго, як пісаць не трэба. У ранніх тэкстах я быў прывязаны да геаграфіі, таму свядома сябе неяк абмежаваў. Пісаў хутчэй тое, што бачыў, а не што адчуваў. Другое нашмат важней. Бачнае зменлівае і падманлівае, пачуцці больш падобныя да канстанты. Яны не зменяюцца, толькі становяцца глыбей.
Пісьменнік акрэслівае свой жанр так:
– Нават не апавяданне, а кароткія ўрыўкі з нейкага памежнага быцця. Зрок нас падманвае. Напрыклад, каханне можна ўбачыць толькі па другарадных праявах. Але глыбіні ў гэтых дэталях няма. Дэталі ж могуць быць і пастаноўкай. А пачуцці пастаноўкай не будуць ніколі, яны шчырыя.
Жанр навуковай фантастыкі ў адносінах да Дзічэнкі не зусім карэктны. Сам аўтар вызначае яго як рэальнасць, даведзеная да абсурду.
– Я ў юнацтве слухаў гурт “Тэатр Яду”. Тое, як ён мяшаў у творчасці паралельныя вымярэнні, натхніла. Абсурд прыцягвае бясконцасцю інтэрпрэтацый. Можна чытаць “Малой” Бэкета ці “Дэзінсектар” Бероуза і штораз знаходзіць там новыя вуглы для светапогляду. Гэта своеасаблівая пятля Мёбіуса, толькі ў літаратуры.
Андрэй, разумеючы неабходнасць развівацца ў літаратуры, пачаў больш чытаць. Адкрыў для сябе пісьменнікаў Ілью Масадава, Герарда Рэве, П’ера Гіёта.
– Калі чытаеш іх, разумееш, што такое літаратура, заўважаеш, якая яна стройная і прыгожая.
У спіс амерыканскага каледжа апавяданні Дзічэнкі трапілі выпадкова. Пісьменнік Уладзімір Казлоў паказаў іх перакладчыцы сваіх твораў Андрэа Грэговіч. Тая пераклала, і праз яе тэксты трапілі ў каледж.
Дзічэнка не лічыць гэтую падзею поспехам, на яго думку, у літаратуры поспехаў наогул не можа быць, толькі прыемныя моманты. Як, напрыклад, той выпадак, калі амерыканскі часопіс “New Pop Lit” апублікаваў яго тэкст пасля Нобелеўскай прэміі Алексіевіч. У прадмове рэдактар пазначыў, што беларускі аўтар атрымала ўзнагароду, і яны друкуюць таксама беларускага аўтара.
Але сам Андрэй не спяшаецца называць сябе беларускім аўтарам. Ён нарадзіўся ў Калінінградзе, а пасля сям’я пераехала ў Вілейку, куды размеркавалі тату-ваеннага.
– Я хоць і чалавек, які з дзяцінства адчуваў сябе рускім, усё жыццё пражыў у Беларусі. Гэта з мяне не дастаць. Але ўся гэта мая шаманская метафізіка і ёсць балоцістая пляцоўка, у якой месціцца Беларусь. Ведаю, што я на сваім месцы.
З вілейскіх успамінаў Андрэю падабаецца прыгадваць, як збіраліся з дзецьмі ў Доме культуры ў арганізатара Аляксандра Кнебелева:
– Многа гаварылі, чай літрамі пілі. Міхалыч быў эрудзіраваным, выдатным настаўнікам і расказчыкам. У старэйшых класах там бавіў увесь час. Столькі кніг і фільмаў адкрыў па яго рэкамендацыі. Сумую па ім, як па добрым сябры. Усе мае сябры-равеснікі сталі вельмі паспяховымі, прыемна з імі сустракацца.
Андрэй закончыў гістарычны факультэт БДПУ, але адразу пасля яго пачаў працаваць журналістам. Сярод іншых захапленняў Дзічэнкі – філасофія і эзатэрыка. Ён мяркуе, што яму моцна пашанцавала і ў працы, і ў творчасці:
– Каля пяці гадоў таму я верыў у нейкую сваю выключнасць, пасля цвяроза зірнуў на рэчы. Перарос ужо свой радыкалізм.
На пытанне, ці шчаслівы, пісьменнік адказвае, што цяпер усё добра, і ён нарэшце знайшоў гармонію.
Урывак апавядання Андрэя Дзічэнкі “Еўропа”, які перамог у конкурсе “Мост Сяброўства 2015”
З працяглым скрыпам адсунуўшы крэсла, Алеся ўстала і пачала свой аповед.
“Еўропа – гэта спляценне прыгожых асоб і думак, якія нібы накіраваныя ў будучыню. І гэта пры тым, што чалавек на яе тэрыторыі бязмэтна перасоўваецца і шмат думае. Затым ён дасягае аблокаў і п’е іх, як таплёнае малако. Пасля гэтага спатыкаецца і пачынае плакаць. Але не ўсім запар, а толькі далёкім птушкам, якія кружаць над ім і чакаюць, як бы ім падзяўбсці Еўропу. Калі сабраць усе думкі гэтай тэрыторыі ў адзіны сказ, то там зусім не будзе косак. Для ўсіх слоў не хопіць радкоў, а літары змяшаюцца ў вялікі і нясмачны кактэйль, які нам усім калі-небудзь прыйдзецца распіць і падзякаваць невядомаму кухару.
Часам Еўропа пачынае надзімацца ў велізарны шар, напоўнены агнём. Тады нам усім трэба бегчы. Я адзін раз бачыла гэты шар. Ён цалкам складаўся з мікраскапічных вочных яблыкаў, працятых чорнымі сасудамі з атрутнай вадкасцю, пасля якой няма жыцця і тым больш карцін свету. Мне стала вельмі страшна, і з тых часоў думкі мае былі накіраваныя толькі ў квадраты. Там, дзе ёсць квадраты, няма месца Еўропе”.
Сказаўшы сваю прамову, Алеся выйшла з класа, каб аддыхацца.