Вас калі-небудзь цікавіла, як пачуваюцца замежныя турысты, прыехаўшы ў Беларусь? Мала з кім могуць паразумецца па-англійску, не разумеюць кірыліцы, мясцовыя парадкі падаюцца дзіўнымі… Каб адчуць увесь спектр гэтых эмоцый – ад абурэння да захаплення – беларусу варта паехаць у Албанію. 

Рыхтуйцеся размаўляць жэстамі і малюнкамі

Першае, што можа адпудзіць ад паездкі ў Албанію, – дарога. Прамых рэйсаў з Мінска ў Тырану не існуе. З Варшавы да сталіцы Албаніі можна даляцець за 250 еўра. 

Пры жаданні зэканоміць, можна дабірацца з дзвюма перасадкамі: з Варшавы ляцець да грэчаскіх Салонікаў (танныя авіялініі лоў-косты ў два бакі абыдуцца ў 60 еўра), а пасля з Салонікаў да Тыраны ехаць аўтобусам (30 еўра ў адзін бок). 

На час летніх адпачынкаў, ад мая па лістапад, беларусы могуць наведваць Албанію без візы. Цягам іншых месяцаў праз мяжу пусцяць са звычайным Шэнгенам. 

Абвесткі пра час і месца пахавання памерлых вывешваюць проста на дамы.

Абвесткі пра час і месца пахавання памерлых вывешваюць проста на дамы.

вуліца ў Тыране.

вуліца ў Тыране.

Албанская мова хоць і адносіцца да індаеўрапейскіх, але не ўвахо­дзіць у ніводную моўную сям’ю. Таму валоданне англійскай, іспанскай ці польскай ніяк не дапаможа вам зразумець албанца. Прычым па-англійску там гавораць вельмі слаба: разлічваць можна хіба толькі на моладзь ці супрацоўнікаў турыстычных фірм. 

Албанія гістарычна звязаная з Італіяй, якая знаходзіцца праз мора, таму італьянская можа дапамагчы. Але збольшага даводзіцца паразумявацца пры дапамозе мімікі і жэстаў, а таксама запісаў і малюнкаў. 

Да мора можна дабрацца, праспаўшы свой прыпынак

Мы дабіраліся да Албаніі аўтобусам з суседняй Македоніі. Памежны кантроль паміж Балканскімі краінамі, што не ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз, захаваўся. Але адбываецца па-балканску расслаблена: памежнікі не заходзяць у аўтобусы, пашпарты ім прыносіць кіроўца. Багаж не правяраюць, пячаткі не ставяць.

Ужо з вокнаў аўтобуса Албанія здзіўляе незвычайнымі пейзажамі: высокія скалістыя горы, дарога серпанцінам, выцвілая на сонцы трава, рэдкія вясковыя дамы і спічастыя мінарэты – вежы мячэцяў. 

Гульня ў карты ў цэнтральным парку.

Гульня ў карты ў цэнтральным парку.

Дамы-вясёлкі.

Дамы-вясёлкі.

Тое, што аўтобус усё ж разлічаны на мясцовых, а не замежнікаў, мы зразумелі надта позна. Кіроўца некалькі разоў спыняўся ў Тыране – там, дзе зручна пасажырам. Мы ж цярпліва чакалі галоўнага аўтавакзала. Калі аўтобус пачаў выязджаць з горада, занепакоіліся. З дапамогай пасажыркі-македонкі звярнуліся да кіроўцы.

Аказалася, аўтобус спыняўся на вакзале – ну так, не на самім вакзале, а на вуліцы насупраць, бо ўсе нармальныя людзі і так разумеюць, што гэта вакзал! А мы самі вінаватыя, бо не трэба сядзець, вушы развесіўшы, – так нам пераклалі эмацыйную прамову кіроўцы.

Паколькі выбару не было, мы выйшлі на наступным прыпынку – у горадзе Дурэс, на самым беразе Адрыятычнага мора. Атрымалася зэканоміць 1,5 еўра – столькі каштуе квіток ад Тыраны да Дурэса. 

Без чаю, затое з кавай па-турэцку

У Албаніі трэба быць цярплівым і расслаблена ўспрымаць рэчаіснасць. Аўтобус не спыніўся на вакзале і завёз у суседні горад? Расслабцеся і ідзіце на бераг мора. 

Вы хочаце даведацца, з чаго зробленая страва, але афіцыянт толькі паціскае плячыма і паўтарае нешта па-албанску? Расслабцеся, хай будзе гастранамічны эксперымент. 

На выхадных не працуюць абменнікі, а ў вас ніводнага албанскага лека? Расслабцеся і трэніруйце навыкі гандлю, прапаноўваючы аплату ў еўра. 

Дзюрэс, дамы ў кропачку.

Дзюрэс, дамы ў кропачку.

Жылы дом.

Жылы дом.

Шукаючы канкрэтныя месцы, мы рабілі так: паказвалі мінаку спачатку фотаздымак месца, а потым карту, у якую ён павінны быў тыкнуць пальцам. Праверана, гэта працуе!

Цэны ў Албаніі прыемныя для беларуса. Асабліва калі параўноўваць з суседнімі Грэцыяй і Чарнагорыяй, дзе разлічваюцца ў еўра. Кава з пірожным абыдзецца ў адзін еўра, столькі ж каштуе літр малака ці дзясятак яек. Суткі ў двухмесным нумары хостэла – каля 11 еўра. 

У Албаніі варта пакаштаваць каву па-турэцку і мясцовыя слодычы: баклаву ці тулумбі, часцей за ўсё зробленыя на мёдзе. Есці іх без горкай кавы наўрад ці атрымаецца, бо ад салодкасці проста зводзіць зубы.

А вось звычайнага чаю вы тут не знойдзеце, як, зрэшты, і на цэлых Балканах. Тут яго проста не п’юць. Розныя зёлкі кшталту мяты, ліпы ці крапівы – калі ласка! А вось чорны і зялёны чаі можна знайсці толькі ў некаторых крамах альбо ў кавярнях еўрапейскіх сетак. 

Ад атэізму да “лёгкага ісламу”

Адзін са стэрэатыпаў пра Албанію: там адны мусульмане! Насамрэч яны складаюць каля 60% насельніцтва, а 40% – хрысціяне, колькасць каталікоў і праваслаўных прыкладна роўная.

Таксама варта ўлічыць і тое, што некалькі дзесяцігоддзяў афіцыйным светапоглядам у Албаніі быў… атэізм. Ад 1964 да 1989 года, калі краінай кіраваў камуніст Энвер Ходжа, у краіне дзейнічала забарона на любую рэлігію. 

Цяпер колькасць мусульман расце, пра што нагадвае будоўля ў цэнтры Тыраны: будуюць вялікую мячэць з чатырма мінарэтамі. 

Тое, што ў краіне жывуць мусульмане, відаць і па прыбіральнях. У іх ёсць бідэ альбо ўнітаз са спецыяльным кранікам для падмывання – паводле шарыяту мусульманін не можа карыстацца туалетнай паперай. 

Самі албанцы гавораць, што ў іх “лёгкая версія” ісламу. Жанчыны не носяць хусткі і не закрываюць твар. Прайшоўшыся па вуліцах Тыраны, з гэтым можна пагадзіцца: куды больш жанчын у хіджабах сустракаеш на вуліцах у суседніх сталіцах – Скоп’е і Сараеве. 

Аднак нечаканы пачатак мусульманскай малітвы ўсё ж можа напалохаць непадрыхтаванага чалавека. Трэба мець жалезныя нервы, каб не падскочыць на месцы, калі пасярод вечаровай цішыні з гучнагаварыцеляў на мінарэтах рэзка пачынае гучаць малітва па-арабску.

Закінуты бункер у цэнтры Тыраны.

Закінуты бункер у цэнтры Тыраны.

Музей Энвера Ходжы даўно перастаў дзейнічаць.

Музей Энвера Ходжы даўно перастаў дзейнічаць.

Для турыстаў мячэці маюць і практычны сэнс: каля іх заўсёды ёсць фантанчыкі з пітной вадой, таму не даводзіцца траціцца на ваду ў бутэльках.

Адначасова з гэтым краіна імкнецца ўступіць у ЕС. Культ усяго “еўрапейскага” відаць на вуліцах: крамы з назвамі “Еўрамэбля” ці “Еўра­стандарт” ёсць у кожным раёне. 

Хавайся ў бульбу? Не, у бункер

Агулам Тырана выглядае бедным горадам. Нават малюнкі на дамах – вясёлкі, кружочкі ці палоскі, – якія пачалі маляваць па загадзе апошняга мэра Тыраны, не ў стане схаваць іх стары, пашарпаны выгляд.

На вуліцах шмат ба­дзяжных жывёл, асабліва вялікіх сабак, якія збіваюцца ў зграі. На дарогах можна пабачыць такую карціну: чалавек на вазку ці на мыліцах хо­дзіць паміж машынамі, што стаяць на святлафоры, і просіць міласціну. 

У Албаніі не прой­дзешся са спакойнай душой па “зебры”. Зялёнае святло не гарантуе, што праз секунду ля цябе не тармазне машына на поў­най хадзе. Настолькі часта даводзіцца бачыць, як людзі ідуць і едуць на чырвоны, што міжволі задаешся пытаннем, навошта ўвогуле ставяць святлафоры. 

Народная вопратка ў сувенірнай краме.

Народная вопратка ў сувенірнай краме.

Пальмы для Албаніі такія ж звыклыя, як клён для Беларусі.

Пальмы для Албаніі такія ж звыклыя, як клён для Беларусі.

плошча Скандэрберга, нацыянальнага героя- Албаніі.

плошча Скандэрберга, нацыянальнага героя- Албаніі.

Цяжка тут зразумець і расклад транспарту. Жадаючым даехаць да Шкодры, што ў 100 кіламетрах ад Тыраны, не трэба шукаць касу, гля­дзець расклад і загадзя набываць квіток. 

Касы проста не існуе, як і раскладу ў пісьмовым выглядзе. Прыхо­дзіш на вакзал, крычыш “Шкодра!”, даеш кіроўцу паперку, на якой просіш напісаць час адпраўлення (выкарыстоўваючы жэст “гадзіннік”) і цану (паказваеш манеты). І праз пяць хвілін выязджаеш з Тыраны.

На развітанне з Албаніяй варта абавязкова наведаць хаця б адзін бункер. Камуністычная прапаганда сцвярджала, што вакол адны ворагі, ад якіх кожную хвіліну можна чакаць нападу. Адзінае выйсце – будаваць бункеры на выпадак атак. У час Энвера Ходжы іх пабудавалі каля 800 тысяч: па адным на чатырох албанцаў. 

Цяпер многія з іх разбураныя альбо схаваныя – сучасныя албанцы не заўсёды ганарацца сваім камуністычным мінулым. У некаторых арганізавалі кавярні ці хостэлы. А большасць з тых, што захаваліся, выкарыстоўваюцца як падвалы ці неафіцыйныя туалеты. 

Магніты, попельніцы і скрынкі ў выглядзе бункераў – адзін з самых папулярных сувеніраў. 

Менавіта такімі незвычайнымі дэталямі гісторыі і культуры Албанія і прыцягвае турыстаў. Яна прынясе шмат адкрыццяў тым, хто зможа расслабіцца і адкрыцца ёй насустрач.

Аўтар артыкула каля аднаго са шматлікіх бункераў.

Аўтар артыкула каля аднаго са шматлікіх бункераў.