Сваімі ўражаннямі ад наведвання краіны гор, віна і прыгожых спеваў з чытачамі “Рэгіянальнай газеты” дзеліцца наша чытачка Ганна Кішкурна. 

– Калі вам аднойчы захочацца пабываць у краіне, дзе мора, горы і віно у адным сасудзе, то гэта Грузія, – пачынае свой расповед дзяўчына. 

Менавіта таму, што Ганне і яе сястры хацелася ўсяго і адразу – выбар выпаў на Грузію.

Падарожнічалі дзяўчаты ўдзвюх.

– Адправіліся ў падарожжа мы з Вільні.

Калі ехаць з зоны Шэнгена ў Грузію, то білеты будуць каштаваць дзесьці 120 еўра туды-назад, а на акцыях можна знайсці і танней.

Грузія падарожніц сустрэла вельмі гарачым надвор’ем пасля беларускага халоднага лета.

– Мне прыйшлося адразу здымаць маіх дзесяць кофтаў.

Першы горад – Тбілісі.

– Жылі мы ў хостэле, але для мяне ён быў вельмі дзіўны – матрац на драўляных дошках замест ложка, такі ж драўляны стол у якасці кухні.

Каштуе хостэл на адну ноч – 20 лары ( нашых 20 дэнамінаваных рублёў). Пры гэтым, як прызнаецца Ганна, умовы для жыцця там жудасныя.

У першы ж дзень падарожніцы вырашылі, што прыехаць у Грузію і не пакаштаваць традыцыйнай кухні – гэта злачынства.

– Выбар паў на хінкалі і хачапуры і, канешне ж, як жа без дамашняга віна? Гэтыя стравы можна знайсці ўсюды.

Хачапуры ў сярэднім каштуюць 6 лары (6 нашых дэнамінаваных рублёў адпаведна), хінкалі прадаюцца паштучна. Адна штука – 50 капеек.

– Самае смачнае віно мы знайшлі ў нейкай незразумелай “забягалаўцы”, каштавала яно недзе 6 рублёў на нашы грошы.

У наступныя дні дзяўчаты наведалі горад Сігнагі – мясцовыя называюць яго горадам любові. І накіраваліся  да гары Казбек.

– Там, калі мы дайшлі да адзнакі 2000 метраў над узроўнем мора, было так прыгожа, як на малюнку, і мая сястра чытала нам верш, які напісаў Пушкін, седзячы, верагодна,  амаль на тым жа месцы, гле­дзячы на манастыр і на Казбек.

У Сігнагі таксама жылі ў хостэле.

– Там, як і паўсюль, гаспадар пачаставаў нас віном. Дзіўна, але ў мяне склалася ўражанне, што ў Грузіі справа гонару пачаставаць кожнага госця  віном.

Перадапошні наш пункт падарожжа быў горад Батумі на марскім ўзбярэжжы.

Гэты горад нічога не мае агульнага з астатняй Грузіяй. Ён суперсучасны: высокія шкляныя дамы, усе свецціца агнямі. Гэта чыста курорт.

– Калі мы прыехалі ў хостэл, аказалася, што месца няма, але аднекуль тут жа набегла шмат людзей, якія прапаноўвалі ім кватэру або пакой. Але мы зрабілі больш мудра: збеглі у невялікую вёску, таксама на ўзбярэжжы, недалёка ад мяжы з Турцыяй. Што самае цікавае, нам вельмі пашанцавала з надвор’ем, хаця ўсе прагнозы прадракалі дождж і навальніцы.

Дзякуючы гаспадару  хостэла, дзяўчаты трапілі на сапраўднае грузінскае застолле. Стол быў накрыты пад вадаспадам. Было шмат ежы, віна, грузінскіх песень і, самае галоўнае, грузінскіх доўгіх паэтычных тостаў, якія нязменна пачынаюцца словамі: “Высока-высока  ў гарах”…

Апошні пункт падарожжа – Кутаісі.

Вядома, за адзін ты­дзень шмат чаго пабачыш, але калі я запыталася ў Ганны пра яе  агульнае ўражанне ад Грузіі, яна адказала:

– Каровы ходзяць паў­сюль, нават у цэнтры горада. І бібіканне… Я спачатку не разумела, чаго яны адзін аднаму бібікаюць? Аказваецца, калі хтосьці абганяе, то трэба абавязкова бібікнуць.

А абганяюць там кіроўцы адзін аднаго пастаянна. Просяць прабачэння аўтамабільнымі сігналамі так, што ў прыезджых беларусачак ад гулу балела галава.

А можа, яна балела ад вялікай колькасці выпітага грузінскага віна?