Развод – тэма, якую асабліва не закранаюць у размовах, калі толькі сам чалавек не хоча падзяліцца сваімі пачуццямі, каб пазбавіцца ад негатыву. Бо за кожнай жыццёвай сітуацыяй стаяць перажыванні, разбітыя надзеі. Калі доўгім і трывалым шлюбам ганарацца, то разводам асабліва не пахвалішся, хаця і прайшлі часы, калі гэтага саромеліся.

Мы вырашылі паразмаўляць на гэту тэму з рознымі спецыялістамі, каб высветліць, што стаіць за гэтым балючым словам, а таксама з людзьмі, якія перажылі гэтую сітуацыю. 

Частыя камандзіроўкі, сяброўкі мужа сталі прычынай разводу

Наста, 30 гадоў.

Пара пражыла ў шлюбе паўтара года. На развод падала Наста.

– Па пашпарце мы муж і жонка, а на самой справе як і не выходзіла замуж, – расказвае Наста. – У мужа частыя камандзіроўкі, паедзе на два тыдні, а я, як кажуць, і не дома, і не замужам. А вернецца дамоў, пачынаюцца сустрэчы з сяброўкамі, невядомыя званкі. Зразумела, што я нервавалася, паводзіны мужа раздражнялі.

У мужа частыя камандзіроўкі, паедзе на два тыдні, а я, як кажуць, і не дома, і не замужам. Фота foto-basa.com.

У мужа частыя камандзіроўкі, паедзе на два тыдні, а я, як кажуць, і не дома, і не замужам. Фота foto-basa.com.

Спачатку пара вырашыла не заводзіць дзяцей, так пражылі недзе паўгода. Пасля гэта пытанне зноў паўстала – муж не хацеў абцяжарваць сябе дзецьмі, хацеў пажыць для сябе.

– Так доўга працягвацца не магло, – з боллю ўзгадвае жанчына. – Якая гэта сям’я, калі няма дзяцей. Доўга вагалася, перш чым падаць на развод. Сказала пра гэта мужу, ён як быццам быў не супраць.

Калі жанчына падала заяву, пераехала да сястры. У ЗАГСе далі адтэрміноўку на тое, каб захаваць сям’ю.

– У гэты час многае перадумала, пачала капацца ў сабе, апраўдвала яго, – узгадвае Наста. – Калі б ён прыклаў намаганні, знайшлі б кампраміс, бо я старалася памірыцца. Сям’ю можна было б выратаваць. Ён нічога не зрабіў…

На судзе прэтэнзіі Насты былі зразумелыя. Чаму муж пагаджаецца на развод і чым ён незадаволены, не маглі высветліць. Не сышліся характарамі, сказаў ён, аднак у мяне вельмі добрая жонка, мяне яна цалкам задавальняе.

Пасля таго, як сям’я разышлася, у кожнага з’явіліся новыя адносіны.

– Дзіўна, але ў шлюбе ён ні ў якім разе не хацеў дзяцей, – разважае Наста. – А тут стаў жыць з дзяўчынай і яна зацяжарала, але не жаніўся. Пасля разводу мы часам сустракаемся, размаўляем, ён скардзіцца на жонку, на сумеснае жыццё. І хацеў бы вярнуцца, аднак час ужо прайшоў, тым больш у яго дзіця. Я не буду разбураць сям’ю.

І цяпер не разумею, чаму жонка вырашыла развесціся

Станіслаў, 30 гадоў.

Фота legkopolezno.ru.

Фота legkopolezno.ru.

Мужчына з будучай жонкай сустракаўся чатыры месяцы. Спачатку сталі жыць разам, пасля ажаніліся. Вырашылі не рабіць пышную ўрачыстасць, проста распісаліся.

Пасля гэтага маладая паехала ў іншы горад да сваіх бацькоў, каб рашыць некаторыя праблемы. А праз некалькі дзён званок: “Ведаеш, Стас, мы паспяшаліся распісацца. Я не хачу гэтых адносінаў, нам варта развесціся,” – адзначыла жанчына.

Мужчына быў у шоку: не разумеў, што адбываецца, што паўплывала на рашэнне жонкі. Імкнуўся разабрацца, але безвынікова.

– Праз некаторы час паспрабаваў высветліць сітуацыю, – расказвае Станіслаў. – І што самае дзіўнае: прапанавала, каб  падаў на развод менавіта я. Чаму? Ты – ініцыятар, табе і карты ў рукі. І тут выплыла, што яна ўжо два разы была замужам. А з колькасцю новых разводаў павялічваецца дзяржаўная пошліна на чарговы развод.

Перш чым пара развялася, жонцы трэба было дачакацца пашпарта, які мянялі, бо яна ўзяла прозвішча мужа. Развялі іх праз месяц. Аднак і сёння мужчына не разумее, чаму яго каханая так хутка памяняла рашэнне.

– Напэўна, чатырох месяцаў мала, каб даведацца больш адно пра аднаго, лепш зразумець, – дзеліцца досведам Станіслаў. – Перш чым ісці ў ЗАГС, высветліце, ці супадаюць у вас планы на будучыню, інтарэсы з другой палавінкай. А то ў вашым уяўленні будзе адна карцінка шчаслівай будучыні, а ваш абраннік ні сном ні духам пра гэта.

Я знайшла сілы пачаць новае жыццё

Антаніна, 60 гадоў.

З мужам яна прыжыла 23 гады, нарадзіла двое дзяцей – сына і дачку. Аднак апошні час жыць стала проста немагчыма.

– Па-першае, мы не былі зробленыя з аднаго цеста, – разважае Антаніна. – Трэба, каб у мужа і жонкі былі аднолькавыя інтарэсы, планы на жыццё. Як аказалася, мы былі розныя. Да гэтага дадалося яшчэ і тое, што муж піў. А выпіўшы, ён станавіўся буйным, гаварыў лухту, чапляўся да мяне, да дзяцей.

Жанчына доўга трывала, аднак у адзін момант цярпенне лопнула.

– Я папярэдзіла, калі сітуацыя не зменіцца, падам на развод, – адзначае Антаніна. – Прайшло паўгода, аднак усё засталося па-ранейшаму. І я прыняла канчатковае рашэнне – развод. Муж першы час спрабаваў выратаваць сітуацыю, аднак ён карыстаўся не тымі метадамі, вяртацца да былога не хацелася.

Фота tamim513.blogspot.com.

Фота tamim513.blogspot.com.

Дзеці Антаніны былі дарослыя, ужо вучыліся ва ўніверсітэтах, таму падтрымалі маці. Разумелі, што так жыць нельга. З раздзелам маёмасці пытанняў не паў­стала. Муж застаўся ў Мінску, жанчына пераехала ў Валожын, стала абуладкоўваць жыллё.

– Развяліся – і як быццам адкрылася другое дыханне, – адзначае Антаніна. – Вырашыла, што буду будаваць сваё жыццё самастойна, так, як я хачу, а не спадзявацца, што муж зменіцца і адносіны наладзяцца, гэта ілюзія, у якую вераць многія жанчыны.

Праз некаторы час у жыцці Антаніны з’явіўся іншы мужчына. Спачатку яна не ўспрымала ніяк гэтыя адносіны, аднак той быў настроены сур’ёзна.

– Гэта быў зусім іншы чалавек, з іншым выхаваннем, – расказвае жанчына. – Мне з ім было проста, утульна і камфортна, упершыню за многа гадоў я адчула сябе прывабнай, патрэбнай. А гэтае многае значыць, як кажуць, выраслі крылы.  З ім я адчула, што магу быць шчаслівай. Мы разам ужо 16 гадоў.

Жанчынам, якія вагаюцца – захоўваць сям’ю альбо падаць на развод, Антаніна дае наступную параду:

– Сям’ю павінны захоў­ваць двое, а не ­адзін чалавек. У такім выпадку нічога не атрымаецца. Цяжка ўвесь час цярпець прыніжэнні, старацца прыстасавацца. Знайдзіце ў сабе сілы пачаць новае жыццё – і ўсё атрымаецца.

Фота lenzor.com.

Фота lenzor.com.