Вучні, настаўнікі і бацькі з нямецкага горада Гёцінгена на тыдзень прыехалі да сваіх сяброў з маладзечанскай школы №5.
Педагогі Моніка Шліпер і Сабіна Кляйнберг у Беларусі не першы раз. Заўважылі, што ў гарадах стала шмат зеляніны і больш людзей. А вось маладзечанцы па-ранейшаму гасцінныя. Сяброў з Германіі прымаюць у сем’ях настаўнікаў і вучняў пятай школы, радуюць цікавымі мерапрыемствамі.
Сярод іх – майстар-клас па беларускіх народных танцах. Яго зладзілі ў гімназіі-каледжы мастацтваў вучні сёмага харэаграфічнага класа са сваёй настаўніцай Галінай Курыловіч.
Навучанне.
Трасуха, крутуха, весялуха, полька з прысюдамі і полька на дзве нагі. Госці з Германіі цёпла ўспрымалі ўсе беларускія танцы. Пасля кожнага яны шчыра апладзіравалі і крычалі зразумелае ўсім “брава!” і “супер!”.
Стаміліся!
Потым прыйшоў час і немцам паспрабаваць сябе ў беларускіх народных танцах. Сямікласнікі запрасілі да сябе нямецкіх вучняў і настаўнікаў і паказалі ім самыя простыя рухі.
Атрымлівалася не адразу. Адным не хапала вытрымкі і фізічнай падрыхтоўкі, другім – ведання моў. Тлумачылі па-руску, па-англійску. У зусім складаных выпадках ратавала мова жэстаў.
Полечку трасуху нямецкія і беларускія школьнікі выканалі сумесна.
Пад пільным позіркам юнага настаўніка.
– Танцы для гасцей мы не вучылі спецыяльна, – расказала настаўніца харэаграфіі. Вучні танцуюць з першага класа. У іх рэпертуары шмат беларускіх танцаў, бо гэта прадугледжана праграмай. Проста з усіх мы выбралі самыя цікавыя і яркія.
Ох! Нялёгкія гэтыя беларускія танцы. Фота Аксаны Ярашонак.
Па словах гасцей з Германіі, усе народныя танцы крыху падобныя паміж сабой. Беларускія і нямецкія таксама. Адзінае, свае народныя танцы немцы часцей танцуюць у крузе.
Танцоры-сямікласнікі прызналіся, што вучыць харэаграфіі нямецкіх школьнікаў ім было нескладана.
– Мова танца зразумелая ўсім, – падтрымала сваіх вучняў Галіна Курыловіч.
Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.