Работнікі пракуратуры Мядзельскага раёна працуюць па папярэджанні карупцыі на прадпрыемствах. За першае паўгоддзе 2016 года тут правялі чатыры праверкі.

Пяць чалавек прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. Трох службовых асоб пракурор афіцыйна папярэ­дзіў пра неабходнасць выканання антыкарупцыйнага заканадаўства.

Высветлілі, што ў таварыствах “Сваткі” і “Занарачанскі” не афармлялі пісьмовыя абавязацельствы службовых асоб і кіраўнікоў іншых падраздзяленняў гаспадарак. Гэты дакумент трэба афармляць у пісьмовай форме. Калі яго няма, вінаватага звальняюць з працы.

У таварыстве “Будслаўскае” з работнікаў, якія сапсавалі аўтамабілі прадпрыемства, не спаганялі грошы на рамонт тэхнікі. Аўтамабілі незаконна рамантавалі за грошы гаспадаркі.

У “Сватках” і “Занарачанскім” знайшлі парушэнні ў правядзенні дзяржаўных закупак. Стала вядома, што ў “Занарачанскім” план закупак на 2015 год не складалі і на афіцыйным сайце www.icetrade.by не размяшчалі. Неабходную камісію таксама не стваралі. Таму нельга казаць пра празрыстасць дзяржаўных закупак за сродкі гаспадарак.

У санаторыі “Журавачка” галоўная медсястра пазначала ў табелі лжывыя звесткі аб правядзенні заняткаў па лячэбнай фізкультуры іншай медсястрой. Заняткі не праводзіліся. Аднак зарплату за іх работніца атрымлівала.

Бухгалтар у гаспадарцы “Мядзелаграсэрвіс” зрабіла няправільную справаздачу па жывёлагадоўлі. У выніку ў аддзел статыстыкі трапілі няправільныя звесткі.

Выканальнік абавязкаў агранома ў таварыстве “Будслаўскае” перадаў у бухгалтэрыю прадпрыемства няправільныя звесткі пра выкарыстанне хімічнага прэпарата для апрацоўкі збожжа. 20 літраў прэпарата былі незаконна спісаныя.

Пра гэта расказаў пракурор Мядзельскага раёна Іван Малафей.