Гісторыя, якая скончылася для маладзечанскага водаканала судом, адбылася ў лютым 2015 года, калі работніцы не выдалі кірзавыя боты, каб яна праз Цэнтральную плошчу аднесла дакументы ў райвыканкам.

Гісторыя, насамрэч, сур’ёзная.

А адбылося вось што. У лютым 2015 года кантралёр водаканала, тая самая, хто ходзіць па кватэрах і правярае лічыльнікі на ваду, выправілася ў райвыканкам перадаць паперы.

Як назло, у той дзень выпаў снег. Калі жанчына праходзіла па Цэнтральнай плошчы, яна паслізнулася і ўпала. Траўма была сур’ёзная. Жанчына зламала сцягно.

Яна палічыла, што вінаваты водаканал, які не выдаў ёй для такіх шпацыраў кірзавыя боты, а не ўласная неасцярожнасць або слізкая плошча..

Тое ж самае сказалі і ў інспекцыі аховы працы, калі правялі экспертызу і прызналі, што прычынай падзення стала “незабяспечанне кірзавымі ботамі”.

Палічылі шкоду, усталявалі працэнт непрацаздольнасці.

І жанчына папрасіла праз суд кампенсаваць ёй шкоду ў памеры, увага, 320 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

І вось 1 верасня гэтага года адбываецца чарговае пасяджэнне суда. У ім прымаюць удзел 11 чалавек: сама пацярпелая, яе адвакат, начальнік інспекцыі па ахове працы, работнікі водаканала, былы дырэктар водаканала і, уласна, суддзя.

Судовыя спрэчкі вакол кірзавых ботаў доў­жыліся амаль чатыры гадзіны.

– Пацярпелая, вы прызнаяце тое, што прычынай падзення магла стаць ваша ўласная неасцярожнасць?

– Не. Я лічу, што вінаваты дырэктар водаканала, які не  выдаў мне кірзавыя боты.

На што прадстаўнікі водаканала, у сваю чаргу, задалі пытанне:

– Ці абула б жанчына кірзавыя боты 40 памеру ўзімку для таго, каб прайсціся па горадзе і перадаць паперы па прызначаным адрасе? І затым, абыходзячы за працоўны дзень каля 30 кватэр, ці здымала б яна гэтыя боты за кожным разам?

І так чатыры гадзіны: адзін бок даказваў, што калі б на жанчыне былі тыя самыя кірзавыя боты, то падзення не было б. І тое, што водаканал павінны выконваць свае абавязкі: ёсць у інструкцыі па тэхніцы бяспекі пункцік  “выдаць спецабутак”, павінны выдаць.

Іншы бок заклікаў да здаровага сэнсу і спрабаваў апраўдацца тым, што жанчына ведала, што ёй павінны быць выдадзеныя боты і сама іх не забірала. І што  кірзавыя боты на гумовай падэшве – гэта далёка не панацэя ад зімовых падзенняў.

У выніку доўгіх спрэчак і размоў, падчас якіх ва ўдзельнікаў судовага пасяджэння разрываліся мабільныя тэлефоны, у якіх было толькі адно пытанне: “Ты дзе?”. Першага ж верасня дзеці ­ўдзельнікаў суда па справе кірзавых ботаў зачакаліся сваіх бацькоў з торцікамі і віншаваннямі, суддзя абвясціў, што рашэнне суда будзе агучанае другога верасня.

У 9:20 на наступны дзень суд вынес рашэнне інспекцыі па ахове працы  правесці перарасследаванне і вызначыць поўны шэраг вінаватых асобаў у няшчасным выпадку.

Справа не завершаная. Працяг будзе.