Еўрасаюз гатовы пры неабходнасці пашырыць тэхнічную дапамогу Беларусі, у тым ліку для правядзення стрэс-тэстаў БелАЭС.

Пра гэта паведаміў у аўторак намеснік генеральнага дырэктара па энергетыцы Еўракамісіі Герасімас Томас па выніках візіту ў Беларусь.

– Мы ўжо падтрымліваем працу двух экспертаў, якія дапамагаюць беларускаму Дзяржатамнагляду, і гатовы павялічыць абʼёмы гэтай падтрымкі, – сказаў Томас.

Паводле кіраўніка Дзяржатамнагляду Вольгі Лугоўскай, беларускі бок гатовы прыняць дапамогу Еўрасаюза.

14 верасня намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што стрэс-тэсты АЭС правядуць у снежні гэтага года. Па выніках стрэс-тэстаў падрыхтуюць нацыянальны даклад, які перададуць у Еўракамісію.