“Пачатак новага і, думаю, цікавага шляху” – напісала на сваёй старонцы “Укантакце” віляйчанка Ангеліна Лазар. Сёлета дзяўчына скончыла вілейскую гімназію №2 і здала тэставанне па рускай мове на 100 балаў.

Як склаўся лёс Ангеліны і іншых стабальнікаў нашага рэгіёна?

Ад ранку да ночы. Ад панядзелка да панядзелка

Ад 1 верасня Ангеліна Лазар стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Яшчэ са школы яна зацікавілася хіміяй і біялогіяй. Тады і задумалася пра прафесію доктара. Зразумела, што хоча дапамагаць людзям, дарыць ім на­дзею.

–  Пачуццё ад таго, што ты дапамог каму-небудзь, – самае лепшае з усіх пачуццяў на свеце, – кажа студэнтка.

Ужо з першых дзён Ангеліна зразумела, што вучыцца будзе цяжка: ад ранку да ночы, ад панядзелка да панядзелка. За пропуск лекцыі – адпрацоўка, пропуск практычных заняткаў – рэч увогуле немагчымая.

Навучання па падручніках – мала. Трэба хадзіць у анатамічныя пакоі, разглядаць косткі і розныя органы. Часу на асабістыя інтарэсы амаль няма. Аднак гэта кампенсуецца вялікай цікавасцю і пазнавальнасцю вучобы.

З’явіліся клопаты, звязаныя са зменай калектыву, з жыццём без бацькоў. Але з гэтым рана ці позна сутыкаюцца ўсе.

Дзяўчына задаволеная сваім выбарам. Спадзяецца быць добрым доктарам і, вядома, чалавекам.

Ад суму па роднай Смаргоні нікуды не дзецца

Выпускніца смаргонскай школы №7 Лізавета Скробат сёння студэнтка БДУ. Школу яна скончыла з залатым медалём. А вынік  100 балаў атрымала на тэставанні па рускай мове. Факультэт міжнародных адносін у вядучым універсітэце краіны Ліза выбрала нездарма. Лічыць, што тут яна атрымае добрую адукацыю, а пасля знойдзе прэстыжную работу. Кажа, што вучыцца нялёгка. Заняткі ад 8 гадзін раніцы да 15 – 16 гадзін. Жыць самастойна, на думку дзяўчыны, няпроста, але цікава. Універсітэт – гэта новыя знаёмыя, шматлікія мерапрыемствы. Але ад суму па роднай Смаргоні нікуды не дзецца.

Вучыцца нялёгка, але цяжкасці загартоўваюць

“Стабальніца” Ксенія Капацэвіч з сёмай маладзечанскай гімназіі таксама абрала міжнародныя адносіны ў БДУ. Лічыць, што ў гэтым універсітэце міжнародныя адносіны выкладаюць найлепш. Ксенія заўсёды любіла вывучаць мовы. У БДУ паляпшае веданне англійскай і пачала вывучаць нямецкую. Кажа, што пачынаць нешта “з нуля” заўсёды цікава, калі побач цудоўны выкладчык.

Ёсць і цяжкасці. Трэба хутка пісаць канспекты, засвойваць шмат новых ведаў. Канешне, не ўсё атрымліваецца. Але цяжкасці загартоўваюць.

Дзяўчына прызнаецца, што быў час, калі сярод натоўпу адчувала сябе адзінока. Аднак гэта хутка прайшло. Агульныя інтарэсы збліжаюць людзей.

Складана, але неверагодна цікава

386 балаў – такая сума была пасля здачы ўсіх тэстаў у маладзечанкі Ганны Вашынкі, якая скончыла гімназію-каледж мастацтваў. На 100 балаў яна здала грамадазнаўства. І за іншыя прадметы таксама атрымала высокія балы. У БДУ яна вывучае міжнароднае права. Кажа, юрыстам марыла стаць з дзяцінства. У школе паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах па грамадскіх навуках. Замежныя мовы таксама заўсёды падабаліся дзяўчыне.

– Высокая рэпутацыя факультэта міжнародных адносін цалкам апраўданая, – кажа Ганна. – Тое, што вучыцца тут складана, я зразумела з першых дзён. Складана, але неверагодна цікава.