У першай жа маладой спадарыні, якая ідзе з дзіцём па вуліцы ў Кушлянах, пытаюся, як праехаць да музея Багушэвіча. Яна трохі сумелася. Але кажа, што не ведае, і прапануе пад’ехаць да крамы. Там, маўляў, ходзяць людзі, і яны падкажуць.

Больш сталая жанчына ўсміхнулася, пачуўшы маё пытанне, павіталася. І на добрай беларускай мове скіравала ў бок сядзібы Багушэвіча. А яшчэ патлумачыла, што цяпер у вёсцы жывуць і працуюць нетутэйшыя людзі, і яны могуць і не ведаць, дзе тут што.

Дырэктар музея Алесь Жамойцін. Фота svaboda.org.

Дырэктар музея Алесь Жамойцін. Фота svaboda.org.

Паэт Алесь Жамойцін, загадчык музея вельмі дэталёва вывучыў спадчыну Багушэвіча. Ён распавядае цікавыя факты з жыцця пісьменніка, пра якія раней нідзе не даводзілася чытаць. Сядзіба (драўляны дом, збудаваны яшчэ ў 1876 годзе) дагледжаная. З даволі немалой экспазіцыі можна атрымаць уяўленне не толькі пра жыццё і лёс Багушэвіча, яго паўстанцкую і літаратурную дзейнасць, але і пра эпоху ХІХ стагоддзя і побыт тагачаснай дробнай шляхты.

А вось у кабінеце аўтэнтычныя рэчы, якія служылі самому Францішку Багушэвічу.

Працоўны стол, тры крэслы з элементамі разьбы-пляцення, шкатулка на стале – гэта арыгінальныя рэчы Багушэвіча, – расказвае спадар Жамойцін.

Здавалася б, што такога: усяго толькі стол і крэслы. Але калі ведаць вартасць асобы Багушэвіча для Беларусі, успрымаецца гэта як нешта незвычайнае.

Цікаўлюся ў загадчыка музея: ці шмат наведнікаў прыяжджаюць у Кушляны, каб пабыць у аўтэнтычным доме Багушэвіча? Аказваецца, нямала: на год да 2000 экскурсантаў. Пераважна гэта людзі дарослыя, якія едуць праз прыватныя фірмы. А значыць, кожны выбіраецца ў шлях толькі з уласнай ахвоты.

 – Як правіла, большасць людзей прыяжджае з Мінска. Шмат з Барысава, Маладзечна. Трошкі меней з Градна, бо ў іх значна даўжэйшы шлях, ды з іншых гарадоў.

Спадар Жамойцін кажа, што сярод наведнікаў больш людзей з адукацыяй, звычайныя сюды не спяшаюцца. А я цікаўлюся: чым, на ягоную думку, сёння прываблівае адукаваных людзей спадчына Багушэвіча?

– А ведаеце, мы ўсе цяпер шукаем гераічнае ў нашым мінулым, бо нам самім не хапае смеласці выказваць свае пачуцці, думкі, светапогляд. Таму ўсе мы абапіраемся на тых рашучых, ахвярных людзей, якія былі ў нашым мінулым. А Багушэвіч, безумоўна, адзін з іх…

А вось сярод экспанатаў цікавы дакумент таго часу, калі Багушэвіч працаваў адвакатам у Вільні. Гэта заява жыхара Крэва да віленскага суддзі. Ён просіць дазволу, каб ягоныя інтарэсы ў судзе абараняў менавіта Багушэвіч: “…бо Багушэвіч паходзіць з нашага народа, выдатна ведае нашу мову, і лічу, што сапраўды ўважлівым адвакатам да маёй старасці можа быць толькі Багушэвіч”. А побач рэзалюцыя Багушэвіча: “Згодны весці справу бясплатна”.

Памятны камень Багушэвіча. Фота svaboda.org.

Памятны камень Багушэвіча. Фота svaboda.org.

Ізноў цікаўлюся ў спадара Жамойціна: ці часта музей наведваюць школьнікі, наколькі яны ведаюць Багушэвіча?

– Ведаеце, на жаль, Багушэвіч яшчэ не выкладаецца ў школе так, як выкладаецца Шаўчэнка для ўкраінцаў. Шаўчэнка падаецца арганічна, як нацыянальнае і блізкае для народа. А ў нас Багушэвіч вывучаецца як паэт-дэмакрат, як яшчэ некалі вызначылі пры савецкай уладзе. Але пра яго не гавораць, што ён быў чалавекам ахвярным не толькі ў плане сацыяльнага вызвалення, але і нацыянальнага. Гэта і настаўнікамі часта не ўспрымаецца, і дзецям, на жаль, не перадаецца. А значыць, і ў душах нашых ён не так глыбока, як Шаўчэнка ва ўкраінскіх… Гісторыя вучыць таму, што калі з фізічнага плана дзеяч здымаецца прымусова, пад прыгнётам, і пражывае цяжкае жыццё, то ягоныя ідэі найболей укараняюцца ў наступных пакаленнях. А на маю думку, Багушэвіч прайшоў шлях пакутніка…

У экспазіцыі шмат здымкаў сям’і Багушэвіча, ягоных дваіх дзяцей. А ці падтрымлівае музей сувязь з нашчадкамі пісьменніка? Аказваецца, радні, якая прызнае сябе нашчадкамі Багушэвіча, шмат, і пераважна яны жывуць у Польшчы.

Сядзіба Багушэвіча ў Кушлянах. Фота svaboda.org.

Сядзіба Багушэвіча ў Кушлянах. Фота svaboda.org.

– Такая сувязь з’явілася на пачатку 90-х: у нас тут ладзіліся святы. Мы іх запрашалі. Яны прыяжджалі і ўдзельнічалі. А цяпер у нас не так часта бываюць святы. Мы цяпер не настолькі багатыя і самі не дасылаем ім запрашэнняў.

Сядзім на вуліцы побач з домам Багушэвіча, глядзім з горачкі на цудоўны ландшафт – мару кожнага мастака. Пытаюся ў паэта Жамойціна: як уплывае праца ў музеі на яго творчасць?

– Вядома, знаходжанне тут спрыяе творчасці. Але ў разрэзе працы я стаўлю творчасць Багушэвіча наперадзе. Таму што тое, што сёння можна абудзіць у чалавеку лепшае, ягоную цікавасць да беларускай культуры, то лепей за Багушэвіча я наўрад ці скажу. У яго нашмат лепшая моўная база. Бо па мілагучнасці, па вымаўленні, артыкуляцыі мы ўсе прайграем Багушэвічу. Што можна сказаць словамі Багушэвіча, думаю, словамі Жамойціна не заўсёды выкажаш. А што тут пішацца добра, гэта так.

Я спадзяваўся, што на развітанне паэт прачытае свой верш, а ён дастаў дудачку і зайграў…