Гродзенскі абласны драматычны тэатр адкрыў 26 сезон Мінскага абласнога драматычнага тэатра на сцэне Палаца культуры 22 верасня.

Гродзенцы прывезлі на суд маладзечанскаму гледачу французскую камедыю “ Нечаканае ўварванне”.

Пачатак спектакля быў больш, чым інтрыгуючы: дзве забяспечаныя дамы моцна бальзакаўскага ўзросту вяртаюцца дадому з курорта. Адкрываюць дзверы і трапляюць на вечарыну: араб, полька і партугалец п’юць дарагое шампанскае гаспадынь, вячэраюць на іх абрусе.

Дарэчы, гэта пра абрус скажа ў пачатку спектакля герой, што рэчы як людзі. Пад замком пачынаюць псавацца і смярдзець… А акажацца, што гэты выраз стане лейтматывам усяго спектакля.

Няпрошаныя госці ўзрушылі ў гаспадынь усе лепшыя якасці: дабрыню, чуласць, спагаду, жаданне дапамагаць і любіць чалавека, які знаходзіцца побач.

Мяркую, што гледачы, якія ўбачылі гэты спектакль, ні на хвіліну не пашкадавалі, што вечар чацвярга правялі ў тэатры.

А тое, што сезон адкрылі не маладзечанцы, шкада, але ж наперадзе яшчэ столькі сустрэч з акцёрамі Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Галоўнае, не прапусціць афішу.