Калі і пачынаць новае жыццё з панядзелка, то чаму б гэта не зрабіць са змены прафесіі?

Так вырашыла я, калі раніцай у панядзелак не паехала ў рэдакцыю, а завярнула па дарозе на аўтамыйку “Космас”, дзе дамовілася дзень адпрацаваць у ролі аўтамыйшчыцы.

У прынцыпе, напярэдадні працоўнага дня мяне не інструктавалі наконт таго, з чаго па­чы­наць мыццё машын, у якіх прапорцыях разводзіць неабходную “хімію” для іх чысткі.

Адзінае, пра што папярэдзілі, абувацца так, каб не намоклі ногі.

Яшчэ да таго, як адчыніліся вароты мыйкі, пад’ехалі дзве машыны.

Многія гаспадары аддаюць перавагу ранішняму “душу” для свайго аўто, каб на працу паехаць на чыстай машыне.

– А вечарам у нас чарга з маршрутак “Мала­дзечна-Мінск”, – расказвае гаспадар мыйкі Аляксандр Казлоў, – скончаць свой працоўны дзень у 20:30 – і да нас. Каб назаўтра ў Мінск паехаць чыстымі.

Першая наведніца мыйкі, якую абслугоў­ваю я, прыехала рабіць комплекс. Гэта значыць пачысціць салон і багажнік, а затым вымыць аўто.

З першай маёй машынай мне дапамагае мыйшчык Сяргей Канановіч.

Як толькі машына заязджае на мыйку, Сяргей адразу пачынае даставаць з яе дыванкі, вызваляць ад рэчаў багажнік.

Кручуся пад нагамі, пытаюся:

– А мне што рабіць?

Сяргей уключае пыласос:

– На.

У прынцыпе, у тым, што ты прыбіраеш машыну пыласосам, няма нічога складанага: адзінае, трэба яго засоўваць у самыя недаступныя шчыліны.

Здараецца ў аўтамыйшчыкаў, што, калі чысцяць пыласос, туды трапляюцца і дробныя цацкі, і манеткі, здаралася, трапляліся і ручкі.

Гаспадыня машыны тут жа, побач, чакае, пакуль машыну прывядуць у належны стан.

Хаця на мыйцы ёсць і кліенцкая зона з кававым апаратам, і столік з лаўкамі на вуліцы.

Ганна, так завуць гаспадыню аўто, кажа, што раней сама з задавальненнем мыла і чысціла сваю машыну, а цяпер, калі ў яе двое дзяцей і сабака, аддае машыну ў рукі прафесіяналам.

– Ай, ды ну яе. Мне што, шкада тых 15 рублёў? А так тут і па­чы­сцяць, і вымыюць, і не трэба самой пэцкацца.

Калі справа даходзіць да націрання панэлі, чысткі шкла знутры, Сяргей зноў просіць мяне пагуляць.

– Каб машына была чыстая, трэба скарыстацца шасцю рознымі сродкамі, тлумачыць Сяргей, – гэта сродкі для скуры, пластыку, шкла. Плюс тая хімія, якой мыецца машына звонку.

Пакуль Сяргей націрае машыну, накіроў­ваюся да машыны, якая толькі-толькі заехала на мыйку. Гэта вялікі чырвоны бус. Яе пачынае мыць сам гаспадар мыйкі – Аляксандр.

– А што рабіць мне? – чапляюся я да Аляксандра.

– Стой і глядзі, як раблю я, будзеш мыць другі бок. Машына вялікая, таму “хімію”, каб яна не высахла, мы наносім не адразу на ўсю машыну, а спачатку на адзін бок, потым на другі.

У той час, пакуль назіраю за тым, як працуюць іншыя, даведваюся, што самае папулярнае слова на мыйцы – кёрхер.

Так тут называюць шланг, з якога мыюць машыны. Уласна, прыбор называецца “мыйка машын высокага ціску”, а кёрхер (Karcher) – гэта фірма, якая такія машыны выпускае. Ну, як ксеракс, ведаеце.

Пасля таго, як адзін бок машыны вымыты, да працы прыступаю я.

Па-першае, кёрхер – гэта, праўда, апарат высокага ціску. Калі карыстаешся ім першы час, адразу адчуваецца, як ён так і хоча вырвацца з рук.

– Што гэта за лёгкі душ на адлегласці? – крытыкуе маю працу Аляксандр, – падыдзі бліжэй.

І як толькі я гэта зрабіла, стала зразумела, чаму мыйшчыкі вельмі часта мокрыя з ног да галавы.

Пры блізкай адлег­ласці пырскі вады ляцяць і на цябе, і ты стаіш увесь у такім вільготным воблаку.

Пасля таго, як першы бруд змыты, машына апрацоўваецца хіміяй, якую тут называюць “пярвічка”. Хаця правільна гэта называецца тамер ад насякомых.

– Гэта робіцца для таго, – тлумачыць Аляксандр, – каб ад машыны “адсталі” розныя “гадасці” – машкара, напрыклад.

Потым на машыну наносіцца шампунь. І машына пераўтвараецца ў “зефірку”. Яна становіцца белай і пухнатай.

Калі легкавы аўтамабіль мыецца бескантактна, шампунь дзейнічае сам і дастаткова толькі змыць пену вадой, то вялікія бусы часта даво­дзіцца шараваць швабрай.

– Так шаруюць толькі вельмі брудныя машыны.

Бяру ў рукі швабру, пачынаю мыць машыну.

– Ты малая, – кажа Сяргей, – цяжка будзе да верху даставаць.

Нічога не цяжка!

Але зноў крытыкуюць, на гэты раз Аляксандр.

– Дзяўчына, давай больш інтэнсіўна, што ты яе шкадуеш? Толькі бруд размазваеш.

Пачынаю церці больш шчыра. Прызнаюся, адчуваць боль у руках пачала амаль адразу. Але гэта прыемны боль, як ад ранішняй зарадкі. Не ведаю, ці так бы гаварыла, каб памыла запар дзясятак бусаў.

Але гаспадар буса ўсміхаецца, значыць, усё нармальна. Спадзя­юся, што перамываць за мной не давядзецца.

– А ці былі незадаволеныя кліенты? – пытаюся ў гаспадара.

– Ведаеце, амаль не было. Быў непрыемны выпадак, калі чалавеку нацерлі машыну сіліконам, а мы, не ведаючы пра гэта, яе памылі. І на машыне з’явіліся разводы. Таму мы цяпер папярэджваем, што мыйшчыкі павінны ведаць пра тое, што кліент рабіў са сваёй машынай. Пакінуў каментар кліент у нашых групах у сацыяльных сетках, што аднойчы прыехаў, а мыйка зачыненая. Ну і такое, бывае, здараецца па прычынах, якія ад нас не залежаць. Таму мы і прапаноўваем нашым кліентам запісвацца на мыйку па тэлефоне загадзя, асабліва ў выхадныя дні. Так мы і час эканомім, і настрой не псуём.

Пасля таго, як шампунь змыты, машыну трэба пасушыць.

Але перад гэтым, каб машына даўжэй заставалася чыстай, наносяць воск.

А ў самым канцы машына сушыцца. Робяць гэта “згонам”, або гумовай шчотачкай, пасля выціраюць анучкамі.

І такія працэдуры робяцца на мыйцы з дня ў дзень.

Ёсць тут і пастаянныя кліенты.

– Мне часта гавораць, – кажа Сяргей, – што цяпер буду мыцца толькі ў вас. Ага, лепш бы “на чайнік” што пакідалі. Але я не ў крыўдзе, хочуць мыць машыну ў мяне, значыць, давяраюць.

А пра што шкадую я, дык пра тое, што на маёй “змене” так ні адна машына не прыехала на паліроўку фараў ці “чарненне гумы”.

Відаць, давядзецца яшчэ раз мяняць прафесію, каб даведацца што гэта такое.