Усё большую папулярнасць набываюць шлюбы ў беларускім стылі: у вышыванках, з вянкамі, традыцыйнымі народнымі абрадамі… І гэта не даніна модзе, імкненне вылучыцца сярод астатніх, а ўласнае жаданне вярнуцца да каранёў, вытокаў.

Вяселле ў шляхецкім стылі зладзілі Уладзіслаў Мароз і Ксенія Сайкова. Іх урачыстасць адбылася 27 жніўня на Браслаўскіх азёрах.

Фота Віталя Матусевіча.

Фота Віталя Матусевіча.

200 чалавек былі сведкамі прапановы

Уладзіслаў родам з Маладзечна, цяпер жыве ў Мінску, займаецца мастацтвам. На адной з сустрэч творчай суполкі “Вячоркі Замалёўкі” ў студыю завітала і Ксенія.

– Яна адразу прыцягнула мой погляд, – расказвае Уладзіслаў. – Аднак падчас першай сустрэчы было неяк няёмка заляцацца. Нашы адносіны пачаліся пасля таго, як мы з’ездзілі ў музей народнай архітэктуры і быту ў Строчыцах. Там я бліжэй пазнаёміўся з Ксюшай, запрасіў на спатканне.

Пара сустракалася крыху менш за год, калі Уладзіслаў саспеў для таго, каб зрабіць прапанову.

Фота Віталя Матусевіча.

Фота Віталя Матусевіча.

– Вырашыў зрабіць гэта 14 студзеня, – расказвае мужчына. – Ксюша танцуе ў этнагурце “Кэтры”, і ў гэты дзень у іх быў канцэрт. Папярэдне я дамовіўся з кіраўніком, калектывам, што пасля выступлення зраблю прапанову рукі і сэрца. Мяне падтрымалі. І вось я станаўлюся на адно калена і прашу Ксенію выйсці за мяне замуж. Шчыра кажучы, не чакаў такой рэакцыі: спачатку яна здзівілася, пасля паказаліся слёзы шчасця і, нарэшце, я пачуў чаканае “так, згодная”.

– А як я магла адмовіцца, – узрушаецца Ксенія. – Стаяць 200 чалавек, глядзяць на мяне і чакаюць станоўчага адказу. Перад такім натоўпам неяк сорамна адмаўляцца.

У пачатку лета пара аднесла заяву ў ЗАГС і пачала падрыхтоўку. Зразумела, што рабілі ўсё спешна – у жніўні вяселле. Як прызнаюцца маладыя, шукалі прымальнае месца па ўсёй краіне, абзванілі каго толькі можна. І, нарэшце, з’ездзілі на Браслаўскія азёры, дзе ім усё спадабалася.

– Калі рыхтаваліся да ўрачыстасці, вызначыліся, што будзем рабіць у шляхецкім стылі, – адзначае Уладзіслаў. – І Ксюша здаўна цікавілася гісторыяй, народнымі традыцыямі, абрадамі, я таксама не быў абыякавым да гэтага. Таму ўсе нашы веды і зацікаўленні знайшлі адлюстраванне ва ўрачыстасці.

Фота Віталя Матусевіча.

Фота Віталя Матусевіча.

Вясельныя боты прыйшлося нацягваць гадзіну

Пачалі маладыя падрыхтоўку з касцюмаў – замаўлялі ў знаёмай дызайнеркі Дыяны Лавейкінай. Як пасля аказалася, многія госці таксама звярнуліся да яе па касцюмы. Нягледзячы на сціслыя тэрміны, спецыяліст выдатна справілася з задачай, але прыйшлося працаваць над уборамі і дзень, і ноч – як пчолцы.

– А вось ад вясельнага абутку засталося шмат разнастайных адчуванняў, – усміхаецца Уладзіслаў. – Справа ў тым, што замаўляў у майстра боты, якія зрабіў на свой манер, і перад урачыстасцю загадзя не прымераў. Як па­чаў абуваць, а яны ні ў якую. Правазіўся каля гадзіны,  каб усцягнуць, аказалася, што ў іх нізкі пад’ём, а ў мяне наадварот, таму не хацелі налазіць. Аднак нічога, калі ўсцягнуў, то боты нібы ўеліся ў нагу. Усё вяселле і прабыў у іх. Паступова разнасіліся.

Фота Віталя Матусевіча.

Фота Віталя Матусевіча.

Прымусілі гасцей набыць народныя строі

А вось многія госці, запрошаныя на ўрачыстасць, былі ў шоку, калі ім сказалі прыехаць на вяселле ў народных строях альбо вышыванках. Некаторыя абураліся, што за глупства прыдумалі маладыя, іншыя, наадварот, былі ўсцешаныя гэтай прапановай, таму з задавальненнем пачалі пошукі.

Некаторыя госці вылучыліся таксама сярод астатніх. Так Дзмітры Капцюх быў у вышыванай сарочцы, якая дасталася ў спадчыну ад дзеда. Ёй больш за 80 гадоў.

– Сарочку сваімі рукамі вышывала ў свой час бабуля, – расказвае Дзмітры. – Зробленая яна з матэрыялу, які нечым нагадвае шоўк. Блакітнай ніткай на грудзях і рукавах вышыты сімвал сям’і. Захоў­вае сарочку мая мама, але апранаю толькі на ўрачыстасці, каб не згубіць, каб не страціўся прыгожы знешні выгляд.

Мужчына быў настолькі прыемна ўзрушаны вяселлем, што плануе ў будучым зрабіць нешта падобнае.

Вышыванцы Дзмітрыя больш за 80 гадоў, яна дасталася ў спадчыну ад дзеда. Фота Віталя Матусевіча.

Вышыванцы Дзмітрыя больш за 80 гадоў, яна дасталася ў спадчыну ад дзеда. Фота Віталя Матусевіча.

У лесе і ў полі шукалі матэрыялы для дэкарацый

Фота Віталя Матусевіча.

Фота Віталя Матусевіча.

Крыху менш за тры месяцы пара рыхтавалася да ўрачыстасці. Аднак сціслыя тэрміны не пужалі пару, яны нават узяліся самастойна зрабіць дэкарацыі.

– На гэта пайшло шмат часу, – узгадвае Уладзіслаў. – Прыйшлося абысці лес, каб сабраць мох, кару, галінкі дрэў і іншыя рэчы, патрэбныя для аздаблення.

Фота Віталя Матусевіча.

Фота Віталя Матусевіча.

Вырашылі зрабіць вянкі, таму гулялі па палях у пошуках патрэбных кветак. Аднак высілкі таго каштавалі, мы рэалізавалі задуманае, госці былі ў захапленні.

Частавалі гасцей караваем, запечаным шчупаком па старажытным беларускім рэцэпце. Само мерапрыемства таксама было прадуманае і не адрывалася ад агульнай тэматыкі. Незвычайныя гукі рабілі валыншчык і барабаншчык, якія стваралі настрой вяселля. Аднак кожны мог замовіць музыку, якая падабаецца яму. Былі і незвычайныя конкурсы, напрыклад, выпіць чарку гарэлкі з шаблі.

Фота Віталя Матусевіча.

Фота Віталя Матусевіча.