Беларусь заняла 120-е месца ў рэйтынгу, складзеным па 33 “медыцынскіх” індыкатарах устойлівага развіцця. На адным узроўні з Беларуссю апынуліся Расія (119), Украіна (118) і Сірыя (117), наперадзе – КНДР і Гандурас. 

Рэйтынг краін па індыкатарах устойлівага развіцця, звязаных з медыцынай, жыццём і здароўем, быў складзены аўтарытэтным медыцынскім часопісам The Lancet. Рэйтынг (даступны па спасылцы) пабудаваны зыходзячы з сумарнай ацэнкі па 33 паказчыках, кожны з якіх разлічваўся па шкале ад 0 (горшы вынік) да 100.

Сярод крытэраў, якія ўлічваліся пры ранжыраванні краін:

1. дзіцячая смяротнасць,

2. смяротнасць сярод немаўлят,

3. смяротнасць у дарожна-транспартных здарэннях,

4. залішняя вага ў дзяцей,

5. узровень спажывання алкаголю і тытунекурэння,

6. захворванне ВІЧ, на сухоты і гепатыт B,

7. колькасць самагубстваў.

Акрамя таго, эксперты глядзелі на смяротнасць ад гвалтоўных дзеянняў і смяротнасць у войнах. Разлік па кожным крытэры вёўся на аснове аналізу сітуацыі з 1990 па 2015 год.

Першае месца ў рэйтынгу заняла Ісландыя. У першую пяцёрку таксама ўваходзяць Сінгапур, Швецыя, Андора і Вялікабрытанія. Апошняе, 188-е месца, заняла Цэнтральнаафрыканская рэспубліка, дзе зафіксаваны найгоршае становішча спраў з захаваннем гігіены, вельмі высокая смяротнасць ад войнаў і малярыі.

Беларусь займае ў рэйтынгу 120-е месца з сярэднім паказчыкам 53 з максімальна магчымых 100. Для параўнання, у лідараў рэйтынгу – Ісландыі, Сінгапура і Швецыі – па 85 балаў. На адной прыступцы з Беларуссю размясціліся Балівія і Егіпет. Апярэджваюць Беларусь такія краіны, як Гандурас, КНДР, Манголія.

Становішча Беларусі ў рэйтынгу самае горшае сярод краін былога СССР. Найлепшы вынік з краін постсавецкай прасторы – у Эстоніі (29-е месца). Таджыкістан, Казахстан, Азербайджан, Туркменія, Узбекістан уваходзяць у першую сотню.

Індыкатары, якія браў для складання рэйтынгу The Lancet, грунтаваліся на прынятых у верасні 2015 года на Генасамблеі ААН Мэтах устойлівага развіцця. Яны ўключаюць у сябе 17 глабальных мэтаў (ліквідацыя галечы, ліквідацыя голаду, забеспячэнне доступу да адукацыі і г.д.), 169 задач і 230 мэтавых паказчыкаў. Мэты ўстойлівага развіцця, па плане ААН, павінны быць дасягнутыя на працягу 15 гадоў.

“Наша Ніва” паводле .