У выставачнай зале Нікадзіма Сілівановіча пачала працаваць выстава “Нябеснае і зямное” маладзечанскага мастака Сяргея Савіцкага.
На адкрыццё завіталі жыхары горада, сябры музея. Разам з вілейскім мастаком Эдуардам Мацюшонкам прыйшлі навучэнцы яго студыі выяўленчага мастацтва.
Прыгадалі біяграфію мастака. Сяргей Савіцкі нарадзіўся ў Забайкаллі. Потым сям’я пераязджала на Паўночны Каўказ, ва Усходнюю Сібір. Будучы мастак служыў у Манголіі, шмат часу бавіў на берагах Байкала. Вось чаму побач з беларускімі пейзажамі на яго карцінах адлюстраваныя экзатычныя краявіды.
У працах “Дарога ў неба”, “Уваход” – роздум над жыццём пасля смерці. Карціна “Сёмы анёл” нарадзілася пасля прачытання Бібліі.
Сяргей Савіцкі – не прафесійны мастак. Па адукацыі ён інжынер. Аднак, кажа творца, увесь час займаецца самаадукацыяй, знаёміцца з іншымі мастакамі і іх працамі.
– Жывапіс майстра – гэта творчасць уражанняў. Кожны яркі момант яго жыцця фарбамі кладзецца на палатно, – лічыць навуковы супрацоўнік музея Надзея Аўдзей.
Некаторыя карціны Сяргея Савіцкага суправаджаюцца яго ўласнымі чатырохрадкоўямі.
Выстава будзе працаваць да 30 верасня.