Так пажартавала следчая Валожынскага РАСК Юлія Селятыцкая, якая сустрэла мяне на парозе новага будынка Следчага камітэта, у які валожынскія следчыя пераехалі год таму.
Аднак у кожным жарце толькі доля жарту, тым больш, калі даведваешся, што з 10 следчых – палова якраз прадстаўніцы чароўнага полу.
Ды і сам начальнік Следчага камітэта Віталь Юрэвіч прызнаўся, што яму з дзяўчатамі працаваць гэтак жа проста, як і з супрацоўнікамі-мужчынамі:
Начальнік Следчага камітэта Віталь Юрэвіч. Фота Наталлі Тур.
– А дзяўчаты больш дысцыплінаваныя і больш уважлівыя. Ды і звярнуцца з просьбай да дзяўчыны прасцей. Адзіная наша праблема – гэта тое, што дзяўчаты маладыя. А значыць, у іх то вяселлі, то дэкрэты, то маленькія дзеці. Не, гэта ўсё добра, але з гэтым даводзіцца лічыцца.
А справы ў следчых хапае. Толькі за 2016 год у суд перададзеныя 150 спраў. Гэта значыць, на аднаго следчага прыходзіцца 15.
– Я адно магу сказаць, дай любому майму супрацоўніку справу і ён з ёй справіцца. Узяць хаця б нашага старшага следчага Сяргея Лапціка.
Старшы следчы Сяргей Лапцік. Фота Наталлі Тур.
Сяргей Лапцік зімой расследаваў махлярства, якое ўчыніла група асоб у асабліва буйным памеры.
Нагадаем, што справа была такой.
Двое расіян прыехалі ў Беларусь, каб набыць цэлую фуру мяса. Яны звярнуліся па дапамогу да свайго знаёмага беларуса. Той паабяцаў дапамагчы, але зрабіў інакш.
Беларус уцягнуў у справу свайго знаёмага дырэктара кампаніі-перавозчыка.
Пакуль расіяне скуплялі ў прадпрымальнікаў мяса і напаўнялі ім рэфрыжэратар, іх беларускі знаёмы разам з уладальнікам рэфрыжэратара распрацоўвалі схему, як адабраць мяса.
У прызначаны дзень перад расіянамі разыгралі сапраўдны спектакль. Увечары на тэлефон кіроўцы рэфрыжэратара паступіў званок ад дырэктара з указаннем рабіць тое, што яму скажуць.
Калі кіроўца фуры праязджаў Валожыншчыну, машыну спыніў чалавек у камуфляжы, што стаяў побач з аўто з пробліскавымі маячкамі.
Расіяніну, які быў у кабіне побач з кіроўцам, мужчына заявіў, што дакументы на мяса выклікаюць сумнеў, таму машына з грузам будзе дастаўленая ў Валожынскі РАУС для праверкі. І што, хутчэй за ўсё, мяса канфіскуюць. Расіяніну прапанавалі выйсці з кабіны, а фура ў суправаджэнні машыны з мігалкамі з’ехала.
– Як потым нам прызнаваўся той пацярпелы расіянін, каб яго высадзілі дзе ў горадзе, ён бы і не падумаў звяртацца ў міліцыю, бо дакументаў жа на мяса ён не меў, але той сам не ведаў, дзе ён знаходзіўся.
Калі гаварыць пра статыстыку злачынстваў, то яна такая ж, як і па ўсёй рэспубліцы.
На першым месцы ідуць, вядома, крадзяжы, ці, як правільна называюць іх следчыя, маёмасныя злачынствы. Сёлета ў Валожынскім РАСК знаходзілася 177 заяў на такія злачынствы.
На другім месцы – нявыплачаныя аліменты. Такіх заяў у РАСК – 20.
Трэцяе месца і 13 заяў на ўхіленне ад адбывання пакарання.
Ну і чацвертае месца па колькасці заяў (па сем заяў) дзеляць паміж сабой злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, і хуліганства.
Акрамя такіх злачынстваў, якія можна падпарадкаваць статыстыцы, у практыцы бываюць і злачынствы, расследаваннем якіх следчыя могуць ганарыцца.
Сёлета старшы следчы Аляксандр Шульга расследаваў службовае злачынства, якое здзейсніла бухгалтар Валожынскага райспажыўтаварыства. Яна з аўтамагазіна скрала 233 мільёны недэнамінаваных рублёў.
Старшы следчы Аляксандр Шульга. Фота Наталлі Тур.
Праца ў Следчым камітэце, прызнаецца Віталь Юрэвіч, зладжаная.
– Следчыя дзяжураць суткамі. Супрацоўнікі РАСК, вядома, папярэджаныя, што тэлефон падчас дзяжурства з рук выпускаць нельга.
Ніхто ж не можа даць адказ, колькі разоў за дзяжурства давядзецца выехаць на месца здарэння. Бывае, што выездаў 3-4, а здараецца і такое, што за некалькі дзён следчыя не выязджаюць ні на адно здарэнне.
Акрамя таго, у аддзеле рэгулярна праходзяць залікі па фізічнай падрыхтоўцы, па агнявой падрыхтоўцы.
– Следчыя любяць займацца спортам, – кажа Віталь Юрэвіч, – Некаторыя нават удзельнічаюць у сур’ёзных спаборніцтвах. Але асноўная задача Следчага камітэта – гэта расследаванне злачынстваў. З гэтым супрацоўнікі Валожынскага РАСК спраўляюцца выдатна.
Намеснік начальніка Следчага камітэта Уладзімір Ланько. Фота Наталлі Тур.
Ад гэтага года 12 верасня – афіцыйнае прафесійнае свята следчых краіны.