Бібліятэка і ровар. На першы погляд, рэчы зусім несумяшчальныя. Але ўдзельнікі традыцыйнага бібліятэчнага велапрабегу змаглі звязаць іх разам.
17-18 верасня ў Вілейскім раёне супрацоўнікі раённай бібліятэкі пры ўдзеле Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі арганізавалі падарожжа “Па бібліятэках – на раварах”.
Такі велапрабег ладзяць у Беларусі ў трэці раз. У мінулыя гады раварысты падарожнічалі па Баранавіцкім і Барысаўскім раёнах. Сёлета месцам для вандроўкі абралі Вілейшчыну.
На старт! Фота Віктара Тонкавіча.
А пачалося ўсё з велапрабегу “Мінск-Каўнас”. Бібліятэкары Нацыянальнай бібліятэкі паўдзельнічалі ў ім у 2014 годзе і вырашылі зрабіць нешта падобнае ў Беларусі.
У сёлетнім падарожжы – раварысты з Мінска, Фаніпаля, Вілейкі, Смаргоні, Ратамкі, Барысава. Большасць з іх на Вілейшчыне ўпершыню. Кажуць, адразу звярнулі ўвагу на цудоўную прыроду краю.
Майстар-клас па саломапляценні. Фота Віктара Тонкавіча.
Аказалася, што далёка не ўсе ўдзельнікі прабегу – бібліятэкары. Іх не было нават паловы. Як прызналася адна з удзельніц, тут проста людзі, якія любяць кнігу і ровар. Удзельнічаць у вандроўцы мог кожны ахвотны.
Гарбузовая каша для амерыканца
Кожны год у такіх велапрабегах удзельнічае амерыканец Джон. Мужчына жыве ў Мінску, мае беларускае грамадзянства. У сталіцы ён працуе праграмістам і займаецца экалогіяй. Таму адразу заўважыў у школе сметніцы для паасобнага збору смецця. І пахваліў педагогаў, якія правільна выхоўваюць дзяцей.
Выстава беларускіх страў у Крывым Сяле. Фота Віктара Тонкавіча.
Джон добра ведае рускую і беларускую мовы. Любіць чытаць беларускія газеты. А нарадзіўся ён ў Нью-Ёрку. Яго мама працавала тут бібліятэкарам. Вось адкуль такое цёплае стаўленне да кнігі і да прафесіі.
Фота Віктара Тонкавіча.
Сваё падарожжа раварысты пачалі ад бібліятэкі сямейнага чытання ў Вілейцы. Кіраваў групай экскурсавод мясцовага краязнаўчага музея Віктар Тонкавіч.
У Абадоўцах. Фота Віктара Тонкавіча.
Побач з дарослымі на раварах ехалі падлеткі. Самага маленькага ўдзельніка, улічваючы яго ўзрост, везлі на машыне. Хлопчыку нядаўна споўнілася пяць месяцаў. І большую частку велапрабегу ён праспаў.
Прыехалі ў Ілью. Фота Аксаны Ярашонак.
А вось чатырохгадовы “аматар” кніжак сумленна хадзіў з бацькамі-раварыстамі на ўсе запланаваныя экскурсіі і выставы.
Першым прыпынкам падарожнікаў стала Крывое Сяло. У сельскім клубе для іх зладзілі майстар-клас. Тут мясцовыя майстры вучылі гасцей рабіць сувеніры з саломкі.
Караткевіч на чатырох мовах. Фота Аксаны Ярашонак.
А бібліятэкары Крывога Сяла прапанавалі вандроўнікам выставу “Энцыклапедыя беларускай кухні”. Тут прадставілі стравы з твораў Ніла Гілевіча, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа.
Амерыканец Джон у ільнскай бібліятэцы.
Калдуны, верашчака, бабка, каша з бульбы і гарбузы, салёнае сала, самаробны сыр і тварог, пальцам пханая кілбаса, аладкі. Усе “экспанаты” можна было пакаштаваць. І гэта было дарэчы для раварыстаў. За час вандроўкі яны не толькі крыху стаміліся, але і добра прагаладаліся. Тым больш, па словах кіраўніка групы, стравы былі адна смачнейшая за другую.
У музеі Ільянскія далягляды.
У Абадоўцах бібліятэкі няма ўжо некалькі год. Аднак вёска зацікавіла раварыстаў старадаўнімі гаспадарчымі будынкамі, паркам, сажалкамі. Некалі ўсё гэта належала абадоўскаму пану Мечыславу Багдановічу.
Чытачка з Мінска – у ільянскай бібліятэцы
У Ільі з ліпеня гэтага года сельская бібліятэка пераехала ў школу. Тут гасцей сустрэлі бібліятэкары Наталля Шабуня і Лідзія Будай. Падарожнікі з цікавасцю пагарталі кнігі. Асабліва ўразіла іх “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча на чатырох мовах: беларускай, украінскай, англійскай і рускай.
Адзін з самых маленькіх раварыстаў. Фота Аксаны Ярашонак.
У школьных народных музях “Ільянскія далягляды” і “Вілейшчына літаратурная” мясцовыя школьнікі разам з кіраўнікамі Валянцінай Ярашонак і Людмілай Маркевіч правялі экскурсіі. Госці даведаліся пра літаратараў, звязаных з Вілейшчынай, пазнаёміліся з гісторыяй Ільі і навакольных вёсак.
Цікавы куфар.
Дзякуючы велапрабегу ў ільянскай бібліятэкі з’явіўся новы чытач. Дакладней, чытачка. Юную мінчанку Лізавету, якая падарожнічала разам з мамай, вельмі зацікавіла кніга пра чараўнікоў беларускага пісьменніка Алеся Бадака. Зацікавіла так, што дзяўчынка з Мінска запісалася на абанемент у ільянскую бібліятэку.
Мінчанка Ліза запісалася ў ільянскую бібліятэку і ўзяла кнігу Алеся Бадака.
Пажаданні ад удзельнікаў прабегу.
Экскурсіяй, вячэрай і начлегам у дзіцячым цэнтры “Надзея” падарожнікі скончылі першы дзень.
У Надзеі. Фота Віктара Тонкавіча.
А раніцай 18 верасня іх ужо сустракала Вязынь. Мясцовыя бібліятэкары расказалі пра сваю працу. Работнікі клуба зладзілі канцэрт.
У Вязыні. Фота Віктара Тонкавіча.
Кола амаль у 100 кіламетраў замкнулася. Фота Віктара Тонкавіча.
Вандроўка скончылася 18 верасня на вілейскай плошчы.