У Маладзечне затрымалі мужчыну, які хадзіў па краме ў нацысцкім галаўным уборы, расказаў начальнік прэс-службы УУС Мінскага аблвыканкама Яўген Сачак.

Пра гэта піша “Наша ніва” паводле БелТА.

“Пра мужчыну, які ў краме па вуліцы Будаўнікоў гуляў у фуражцы шэра-зялёнага колеру з нацысцкай сімволікай (эмблемай чэрапа і арла), у міліцыю паведамілі пакупнікі. Жыхар Маладзечна растлумачыў, што галаўны ўбор набыў у ламбардзе. Прычынаў, якія прымусілі яго надзець і прыйсці ў такім выглядзе ў краму, ён не назваў. Праводзіцца праверка, а дзеянням грамадзяніна даецца прававая ацэнка. Па дадзеных МУС, гэта першы такі выпадак у краіне”, –  адзначылі ва УУС.

Яўген Сачак дадаў, што, хутчэй за ўсё, у дачыненні да мужчыны будзе складзены пратакол па артыкуле 17.10 (прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Мужчыну пагражае штраф у памеры да 10 БВ.