Цяпер немаўляці Абрахіму Хасанк пяць месяцаў: у яго клетках ДНК трох чалавек – яго маці, бацькі і донара.

Генетычны матэрыял донара павінен дапамагчы дзіцяці пазбегнуць атрымання ў спадчыну генаў маці, якія могуць прывесці да развіцця хваробы. Лекары лічаць, што гэтая методыка адкрывае новую эру ў медыцынскіх даследаваннях і можа дапамагчы многім іншым сем’ям з падобнымі сітуацыямі.

Бацькі дзіцяці родам з Іарданіі. Маці дзіцяці з’яўляецца носьбітам сіндрому Лея – гэта захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы. Пры гэтым сама яна здаровая, але праз генетычную мутацыю ў яе загінула ўжо двое дзяцей.

Парламент Вялікабрытаніі летась ухваліў адну з тэхнік зачацця, у якой могуць удзельнічаць тры чалавекі. Падчас яе апладняюцца адразу некалькі яйцаклетак, а некаторыя эмбрыёны знішчаюцца. Аднак мусульманская пара адмовілася ад выкарыстання гэтай тэхнікі па рэлігійных меркаваннях.

У выніку муж і жонка звярнуліся да навукоўцаў з Цэнтра па лячэнні бясплоддзя “Новая надзея” ў Нью-Ёрку, дзе працуюць лекар Джон Чжан і яго каманда.

Навукоўцы распрацавалі новы метад апладнення, які прадугледжвае перанос ядра клеткі. Навукоўцы вынялі ядро з яйцаклеткі маці і перанеслі яго ў яйцаклетку донара, з якой таксама было выдаленае ядро. У выніку, у іх атрымалася яйцаклетка з ДНК маці і мітахондрыямі донара. Менавіта ў мітахондрыі ўтрымліваюцца ДНК, якія пераносяць сіндром Лея. Затым навукоўцы апладнілі новую клетку спермай бацькі.

Было атрымана пяць эмбрыёнаў, толькі адзін з якіх развіваўся нармальна. Яго ў выніку і падсадзілі да маці. Дзіця нарадзілася праз дзевяць месяцаў.

Гэты метад пакуль яшчэ не быў ухвалены ў ЗША, таму для ажыццяўлення аперацыі амерыканскія навукоўцы з’ехалі ў Мексіку.

У свеце цяпер жыве каля 30-50 чалавек, народжаных з яйцаклетак, у якія былі перасаджаныя мітахондрыі ад трэцяй асобы. У ЗША ў 1990-х гадах праводзіліся падобныя эксперыменты па лячэнні бясплоддзя. Затым гэтыя метады былі забароненыя, бо некаторыя дзеці пакутавалі на анамаліі генетычнага развіцця.

“Наша Ніва” паводле .