Пенсіянерка з вёскі Жодзішкі на Смаргоншчыне 1938 года нараджэння пайшла ў грыбы з нявесткай. Яны ад’ехалі за 4 кіламетры ад вёскі ў лес. Праз некаторы час нявестка заўважыла, што свякрухі няма побач.

Нявестка шукала яе ў лесе, аднак не знайшла. На шляху жанчына папярэджвала ўсіх, каго бачыла, аб знікненні пенсіянеркі. Нават пакідала свой нумар тэлефона. Але надышоў вечар, а жанчыны не было. Нявестка звярнулася ў міліцыю.

Міліцыянеры адразу пачалі шукаць пенсіянерку, але не знайшлі.

Як патлумачыў старшы оперупаўнаважаны Смаргонскага РАУС капітан міліцыі Павел Аляхно, мясцовасць у гэтым лесе прамая, таму ўспомніць адкуль ты прыйшоў даволі складана. Нават людзям, якія добра ведаюць гэты лес даводзіцца старанна запамінаць маршрут, каб не заблукаць.

Усю ноч супрацоўнікі міліцыі шукалі жанчыну. Раніцай да пошукаў далучыліся супрацоўнікі патрульна-паставой службы Смаргонскага РАУС і мясцовага МНС. Праз некалькі гадзін пенсіянерку знайшлі.

Як патлумачыла жанчына, яна адышла ад нявесткі далей у лес, а дарогу назад знайсці ўжо не змагла. Доўгі час яна блукала па лесе і трапіла ў балота. Нейкім чынам ёй удалося выбрацца, але ў вадзе застаўся абутак.

Стомленая жанчына прылегла адпачыць. Прачнуўшыся, змагла выйсці з лесу на дарогу, дзе яе і знайшлі міліцыянеры.

Цяпер пенсіянерка ў бальніцы. У хуткім часе яна вернецца дамоў.

Паводле gaigrodno.by