Чалавек у акулярах, які дзень і ноч праводзіць перад камп’ютарам, мяняе мабільны тэлефон кожны месяц і не здольны размаўляць ні пра што іншае, акрамя тэхналогій, – такі вобраз малюе ўяўленне многіх з нас, калі гаворка заходзіць аб праграмістах.

Што думаюць пра гэты вобраз яны самі? Каб даведацца пра гэта, карэспандэнт “РГ” паразмаўляла з трыма выхадцамі з нашага рэгіёна, якія працуюць у сферы праграмавання.

Павел Смаленскі, 28 гадоў, Вілейка

Я з дзяцінства захапляўся камп’ютарамі і пазней ужо слаба бачыў сябе ў нейкай іншай прафесіі. Тады, калі я паступаў ва ўніверсітэт, не было такога ажыятажу вакол IT-сферы. Паступіць было нескладана. Вучыцца таксама. Былі прадметы, якія патрабавалі больш высілкаў, – найчасцей тыя, якія не тычыліся праграмавання.

Ды і з працай праблем не было – у нас у сярэднім на трэцім курсе ўсе пачыналі працаваць. Многія засталіся ў Мінску, бо менавіта там працавалі падчас вучобы.

У цяперашняй сітуацыі праграмісты могуць жыць камфортна ў любой краіне, не абавязкова для гэтага ехаць у ЗША ці яшчэ некуды. Да таго ж у Беларусі заробак праграміста выйграе ў параўнанні з сярэднім па краіне. У іншых краінах гэта не так відаць.

У Нідэрландах, дзе я цяпер жыву, праграмісты зарабляюць на ўз­роў­ні інжынера і значна саступаюць па заробках дактарам. У Беларусі ж добраму праграмісту дакладна хопіць на пару машын у год. Але, вядома, і заробкі, і машыны ў праграмістаў бываюць абсалютна розныя.

Паўла Смаленскага з Вілейкі праца прывяла ў Нідэрланды. Фота забяспечана Паўлам Савіцкім.

Паўла Смаленскага з Вілейкі праца прывяла ў Нідэрланды. Фота забяспечана Паўлам Савіцкім.

І крытэрыі паспяховай кар’еры ў кожнага свае. Для мяне – гэта калі праца прыносіць задавальненне і амаль як свята, за якое яшчэ і добра плацяць.

Калі гавораць, што праграмісты – замкнутыя людзі, я думаю, што такія абагульненні памылковыя. Мне падаецца, гэты стэрэатып паходзіць з тых часоў, калі мала хто працаваў праграмістам – хутчэй тыя, хто сапраўды быў цалкам захоплены гэтай прафесіяй. Звычайным людзям яны падаваліся нуднымі. Цяпер, калі ў праграмісты бяруць усіх запар, такое меркаванне – міф.

Бліжэйшым часам я планую застацца ў гэтай прафесіі. Калі стамляюся ад экрана, то выхо­джу на прыроду, еду куды-небудзь для змены абстаноўкі, кантактую з людзьмі ці чытаю кнігі. Нічога ж не замінае пры жаданні ўзяць гадавы адпачынак і аб’ехаць увесь свет.

Дар’я Баневіч, 26 гадоў, Смаргонь

Мэты стаць праграмістам у мяне ніколі не было, неяк так атрымалася. Я паступіла ў БДУІР на інжынера-праграміста-эканаміста. І паколькі пасля абароны мне свяціла размеркаванне, душачкая мая пачала троху хвалявацца.

На чацвертым курсе я пабачыла аб’яву ва ўніверсітэце: вядзецца набор на навучальны курс па аўтаматызаваным тэставанні. Мы з аднагрупніцай вырашылі паспрабаваць. Анкета, сумоўе – і вось я на курсах. Пасля іх мяне ўзялі вучыцца далей. Цягам усяго навучання рэгулярна праводзяцца сумоўі для працаўладкавання. Такім чынам на пачатку пятага курса я ўжо пачала афіцыйна працаваць на рэальным праекце. Пасля мяне туды ж і размеркавалі, усё прайшло гладка.

Як сама праца? Залежыць, вядома, дзе ты працуеш. Заўсёды ёсць, што рабіць, але заданні бываюць тэрміновыя і нетэрміновыя, таму можна зрабіць сабе гнуткі графік.

Спецыфіка такая, што трэба пастаянна вучыцца, бо напрацовак і тэхналогій шмат, іх аб’ём расце з кожным днём. Таму, каб быць вядомым праграмістам, трэба быць рэальна захопленым: каб праграмаванне было адначасова і працай, і хобі. Такі чалавек рызыкуе быць вузканакіраваным. Але сустракаюцца сярод іх і цікавыя рознабаковыя людзі. Не ведаю, як у іх гэта атрымліваецца.

Зразумела, увесь працоўны дзень сядзіш перад экранам, стасункі з людзьмі збольшага віртуальныя. Пераважна праца камандная, таму ад атмасферы ў калектыве шмат што залежыць. Калі каманда міжнародная, то ёсць магчымасць пакантактаваць з іншаземцамі, нават на непрацоўныя тэмы, з’ездзіць у камандзіроўку ці пазнаёміць іх з Беларуссю.

Праца часам нудная, часам стрэсавая. Таксама хапае бюракратыі, хаця зразумела, што не ў такім аб’ёме, як у дзяржаўных установах. Калі стамляешся, то марыш аб механічнай неінтэлектуальнай працы па чоткім рэжыме. Каб да шасці вечара адтарабаніў і пайшоў дамоў.

Да дзяўчат у гэтай прафесіі нармальнае стаўленне. Праўда, ва ўніверсітэце хапала такіх выкладчыкаў, якія казалі: “Дзяўчына не магла так добра выканаць лабараторную! Табе дапамагалі, таму адзнака ніжэйшая”.

На працы дзяўчат толькі каля 30%. Збольшага тэсціроўшчыцы, але бываюць і распра­цоў­шчыцы. Мужчыны, вядома, з асаблівым настроем ідуць на сумоўе з дзяўчатамі – “ну-ну, паглядзім, што ты можаш”.  Але ў выніку, я думаю, аб’ектыўна ацэньваюць па здольнасцях.

У паўсядзённым жыцці сутыкаешся з сітуацыямі, які раздражняюць. Напрыклад, калі сяброўка кажа: дапамажы падключыць прынтар, ты ж праграміст! А нічога, што ў IT-сферы шмат спецыялізацый?

Ёсць стэрэатып, што калі ты праграміст, то ты раскідваешся грашыма. У цябе апошняя мадэль ноўтбука і тэлефона, ты ў курсе ўсіх апошніх навінак. Сядзіш на працы, папіваеш каву, лазіш па інтэрнэце і нічога не робіш.

Таму я да апошняга не прызнаюся, што я праграміст. Кажу, што працую ў офісе. Калі напрамую пытаюцца, тады ўжо прызнаюся.

Пакуль меркантыльныя пабуджэнні трымаюць мяне ў гэтай прафесіі. Калі сысці на нейкі час, то пасля складана будзе вярнуцца ў форму. А я больш нічога рабіць не ўмею, а перавучвацца не хачу. Таму пакуль застаюся.

Анатоль Савіцкі,  Вілейка

Я вучыўся ў вілейскай гімназіі №1 “Логас”. Дзесьці з 7-8 класа пайшоў вывучаць мову праграмавання turbo pascal. Было цікава пісаць радкі нейкага кода, якія пасля станавіліся нейкім графічным прадстаўленнем.

У 11-м класе я вывучыў часткова мову php, каб напісаць праект і паехаць на 15-ы рэспубліканскі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці вучняў. Мы занялі трэцяе каманднае месца. Я думаў, што паступлю па гэтых выніках. Але давялося здаваць ЦТ. Балы я атрымаў вельмі добрыя: 80 па фізіцы і 89 па матэматыцы. Паступіў на бясплатнае ў БДУІР.

З працай не было складана. Тут як паўсюль: добрых спецыялістаў нідзе не хапае, таму калі ты штосьці ведаеш ці робіш лепей і больш якасна за іншых – працу знойдзеш лёгка. Узрост і працоўны досвед у гэтай сферы не самае важнае. Галоўнае – веды і ўменні. Тэхналогіі мяняюцца вельмі хутка. Можа быць і так, што студэнт ведае ў нейкай сферы болей, чым спецыяліст з пяцігадовым стажам.

Перад тым, як пайсці працаваць, я ў нечым недаацэньваў усе прывабнасці гэтай прафесіі. Напрыклад, тое, што ты хутка бачыш вынікі сваёй працы. Яшчэ раніцай нешта не працавала, а ўжо ў абед запрацавала, можна “памацаць” фінальны вынік сваёй працы. У псіхалагічным плане гэта заўсёды важна.

У пачатку кар’еры вялікую ролю адыгрывае канкурэнцыя. Яна вельмі развівае і стымулюе. Нехта ў выніку становіцца лепей  і лягчэй знаходзіць працу, нехта працягвае “прадаваць сябе” без неабходных ведаў.

Анатоль Савіцкі ў Іспаніі. Фота забяспечана Анатолем Савіцкім.

Анатоль Савіцкі ў Іспаніі. Фота забяспечана Анатолем Савіцкім.

Увогуле, калі маеш добры, стабільны інтэрнэт, то тваё геаграфічнае месцазнаходжанне не мае значэння. Толькі што розніца ў гадзінных паясах карэктуе час званкоў для працоўных нарадаў. Таму велізарная частка праграмістаў працуе на заказчыкаў з Амерыкі ці ЕС. А частка праграмістаў адмыслова выбірае цёплыя экзатычныя краіны і пераязджае туды са сваёй сям’ёй.

Кожны выбірае месца, дзе яму камфортна. Камусьці патрэбны шумны мегаполіс, камусьці экзатычная прырода, камусьці спакойны горад пад Мінскам, каб там выхоўваць дзяцей.

Усе людзі розныя, таму я супраць таго, каб верыць у стэрэатыпы пра людзей канкрэтнай прафесіі. Я не лічу праграмістаў занудамі. Тут справа ў іншым. Калі вам хтосьці будзе з захапленнем распавядаць пра мастацтва, вы падумаеце: які цікавы, загадкавы чалавек. А калі хтосьці будзе з захапленнем казаць пра новыя тэхналогіі і праграмаванне, то вы хутчэй падумаеце: які зануда! Гэта ж нецікава і нікому не трэба, тэхніка ж проста “магічна” працуе і ўсё.

Кожны павінны займацца тым, што яму падабаецца. Як кажуць: хтосьці працуе і ненавідзіць тую пасаду, якую вы любілі б усё сваё жыццё. Мне ж вельмі падабаецца тое, чым я займаюся. Таму планую заставацца ў гэтай прафесіі.