“Рэгіянальная газета” завітала да жыхаркі Краснага Любові Сірыські ў той момант, калі на пліце кіпелі манты, у каструльцы замешвалася цеста на пірагі, у халадзільніку таміліся рулеты, а ў духоўцы гатаваліся сочнікі.

Любоў Васільеўна рыхтавалася да свайго 65-годдзя.

– Гасцей будзе ня­шмат, толькі самыя блізкія – 27 чалавек.

У Любові Сірыські чацвёра дзяцей, 10 унукаў і двое праўнукаў.

– Яшчэ адзін праўнук на падыходзе.

Любоў Васільеўна шмат гадоў працавала поварам, многа дзе ез­дзіла. Таму і меню на яе святочным стале будзе з розных страў свету.

Так, напрыклад, у халадзільніку ўжо гатовая яўрэйская пастрама, манты з Азіі, узбекская нацыянальная страва – ханум. Рэцэптам ханума Любоў Сірыська падзялілася з нашымі чытачамі. 

Каб прыгатаваць ханум, трэба раскачаць цеста, як на пельмені, на яго пакласці пароўну фаршу, бульбы, цыбулі, загарнуць, каб атрымаўся рулет паўмесяцам і гатаваць на пары.

Любоў да кулінарыі, прызнаецца жанчына, у яе ад бацькі, які быў поварам. А таксама іграў на скрыпцы і на гітары. А ад маці ў Любові Васільеўны любоў да спеваў і да кветак. Агарод гаспадыні з Краснага двойчы станавіўся лаўрэатам конкурсу  “Стыль. Гармонія. Прыгажосць”, за самае прыгожае афармленне падворка.

Любоў Сірыська

Любоў Сірыська

Аднак не толькі падворкам заняты час Любові Васільеўны, побач з ёй, тут жа у Красным, жывуць усе дзеці і ўнукі.

– Пасля школы дзеці ідуць да мяне. Адразу з парога крычаць: “Бабуля, у нас ёсць катлеты?” А што тут казаць пра выхадныя! Унукі і праўнукі шумныя, актыўныя. А вечарам, калі начуюць у мяне, просяць, каб я ім спявала калыханку з фільма “Доўгая дарога ў дзюнах”. Пакуль усіх дзяцей не “пераспяваю”, не заснуць.

Так павялося ў сям’і, што і Любоў Васільеўна, і яе маці, і потым дачка браліся шлюбам у 18 гадоў.

– Першы муж рана памёр. А з другім ужо жывём 35 гадоў. Вядома, не ўсё гладка, але муж такі чалавек, які сам ні разу не папрасіў прабачэння. Заўсёды першая іду мірыцца я.

А пазнаёмілася Любоў Сірыська з мужам вось як.

Працавала яна тады ў будаўнічай арганізацыі. Ужо пасля муж Любові Васільеўны расказваў, што ўпершыню і ўбачыў яе на працы.

– Мы фарбавалі дзіцячы садок. Каб дастаць да патрэбнага месца, мяне калегі ўзялі за ногі і спусцілі ўніз галавой. У гэты час будучы муж праходзіў побач. І падумаў: “Во якая бясстрашная дзяўчына, трэба жаніцца”.

Потым яны сустрэліся ў гасцях.

– А ён мне не спадабаўся, я адразу мянушку яму дала: шэра-бура-малінавы. Бо вусы былі каштанавыя, валасы – русыя, а бровы і павейкі – белыя. Але ў гасцях пасадзілі нас побач. Налілі ў чарку віна, а я не п’ю, і ён таксама. Прапанаваў раздзяліць віно на дзве чаркі. Так і атрымалася: думалі, што дзелім віно, а аказалася, раздзялілі ўсё жыццё на дваіх.

А потым выбраннік Любові Васільеўны праводзіў яе дадому.

– Папрасіў нумар тэлефона. Сказала. Каб не забыцца, запісаў яго шклом на плоце сяброўкі, у якой былі ў гасцях. Але падумаў, што на раніцу не знойдзе гэтай штыкеціны, таму перапісаў тым жа шклом на семачку гарбуза. Праз многа гадоў я знайшла тую семачку ў шкатулцы.

Цяпер, праз 35 гадоў сямейнага жыцця, Любоў Сірыська, здаецца, знайшла формулу шчаслівага замужжа:

– Мужа нельга раніць. Трэба быць пакладзістай, саступаць яму. Калі вы будзеце кожны вечар сустракаць яго з працы з качалкай, паверце, ён знойдзе тую, што будзе сустракаць яго з усмешкай.

Пасля вячэры калорыі трэба “выхадзіць”

 Хаця Любоў Сірыська і гатуе смачную і каларыйную ежу на ўсю сям’ю, але пры гэтым сама выглядае нашмат маладзей за свае гады.

– Я пастаянна нешта гатую, таму што люблю гэтым займацца. Калі зусім трэба хутка нешта спячы да чаю, то пяку вяртуту.

Звычайнае цеста, якое гатуецца на пельмені, раскачваецца тонка-тонка, па цесце паліваецца алей і пасыпаецца цукар. Затым гэтае цеста трэба скруціць у трубачку, з трубачкі робіцца бублік. Кладзецца ўсё на патэльню і пячэцца з двух бакоў. Цеста раскачваць трэба вельмі тонка, інакш вяртута не прапячэцца.

– У чым сакрэт маладосці?

– Не скардзіцца. Гэта па-першае. А па-другое, прытрымлівацца рэжыму. У мяне кожны дзень пад’ём у 6:30. Пакуль ляжу ў ложку, ужо раблю першыя фізічныя практыкаванні: закідваю ногі ўгору, падымаю тулава. Потым устаю.

Цягам дня таксама памятаю пра тое, што трэба і папрысядаць, і масаж зрабіць, і з эспандарам пазаймацца. Вячэраю толькі да 18:00. Пры гэтым, калі бачу, што на гадзінніку ўжо 17:45, то бягу на кухню, хуценька гатую вячэру, каб паспець да 18:00. Пасля вячэры ні ў якім разе не сяджу, бо трэба “выхадзіць” калорыі. Я ці ў агародзе нешта раблю, ці ў хаце, ці проста гуляю пешшу да нашага Красненскага “лебядзінага” возера. Спаць кладуся не пазней за 23:00.

Дала Любоў Васільеўна яшчэ адну параду: не спяшыць, лепей справу адкласці, чым рабіць яе на бягу.

– Не спяшайцеся жыць, усміхайцеся, працуйце, нясіце людзям дабро. У гэтым шчасце.