Падобная сітуацыя, паводле яе слоў, адзначаецца ў Расіі, краінах Еўропы і іншых рэгіёнах.
– Катастрафічны рост выпадкаў атлусцення адзначаюць практычна ва ўсім свеце, – заявіла спецыяліст і адзначыла, што сёння атлусценне дактары разглядаюць як “эпідэмію XXI стагоддзя”.
Прафесар адзначыла, што за апошнія 10 гадоў частата атлусцення ўзрасла ў сярэднім на 25–40%. Такі бурны рост, лічыць яна, абумоўлены ўплывам “заходняга ладу жыцця”.
– У першую чаргу, вельмі змянілася харчаванне. Змяніўся звыклы рацыён, лад жыцця і мыслення, – сказала Бяляева. – Сядзенне за камп’ютарам сёння бяда не толькі падлеткаў і моладзі, але і людзей сталага ўзросту. Усё гэта ўплывае вельмі сур’ёзна на мысленне, на паводзіны.
– І што самае страшнае, да 80% дзяцей з атлусценнем ад 10 да 16 гадоў будуць пакутаваць на яго ў дарослым жыцці. Асабліва гэта тычыцца тых дзяцей, чые бацькі маюць такую ж праблему, – патлумачыла спецыяліст.
Яна падкрэсліла, што атлусценне цягне рызыку развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў, такіх як артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмія, раннія формы атэрасклерозу.
Яшчэ адно ўскладненне атлусцення – цукровы дыябет. Паводле звестак Міжнароднай дыябетычнай асацыяцыі, штогод ва ўсім свеце больш за 200 дзяцей захворваюць на цукровы дыябет II тыпу.
На думку Бяляевай, прафілактычныя мерапрыемствы на сямейным узроўні і мэтанакіраваная тэрапія на этапе дзяцінства – адзіная магчымасць знізіць рызыку сардэчна-сасудзiстых захворванняў і дыябету II тыпу ў дарослым жыцці.
– І калі ў дзіцячым і падлеткавым узросце гэтым не займацца, у дарослым жыцці, на вялікі жаль, гэта зрабіць практычна немагчыма. Атрымаць вынік удаецца адзінкам, – лічыць яна.