18 снежня вечарам жыхар Смаргоні ехаў на тэхнічна спраўным службовым грузавіку, аўтабетоназмяшальніку “Івека”. Пасля выгрузкі бетону ён выехаў з прамысловай пляцоўкі атамнай электрастанцыі.

Ведаючы аб парадку дагляду і праезду праз кантрольна-прапускны пункт, пад’ехаў да варот аднаго з іх.

Кантралёр спачатку праверыла пасажырскую частку салона для папярэджання крадзяжу. Зачыніўшы пасажырскія дзверы кабіны, накіравалася да дзвярэй кіроўцы для праверкі і сканавання асабістага пропуску кіроўцы. Яна абыходзіла машыну спераду, калі кіроўца пачаў ехаць без дазволу кантралёра і наехаў на яе.

У выніку аварыі кантралёр атрымала цялесныя пашкоджанні, сярод якіх траўма галавы, тулава, канечнасцяў, пераломы рэбраў, паяснічных пазванкоў, сцягна і іншыя. Кіроўца парушыў адразу некалькі патрабаванняў Правілаў дарожнага руху. У прыватнасці, не ўпэўніўся, што яго дзеянні будуць бяспечнымі і не стануць перашкодай для дарожнага руху.

Абвінавачаны віну не прызнаў. На судзе ён ўдакладніў, што вёз бетон на пляцоўку будаўніцтва АЭС. На КПП кантралёр адчыніла пасажырскія дзверы і, нічога не сказаўшы, зачыніла. Так як іншых машын не было, а шлагбаўм быў падняты, кіроўца вырашыў, што атрымаў дазвол на праезд.

У люстэрках ён нікога не бачыў, перад машынай таксама ніякіх перашкод не было бачна. Праехаўшы некалькі метраў, пачуў крыкі і спыніўся. Іншы кантралёр сказала, што пад машынай чалавек. Якраз пад’ехала яшчэ машына, з кіроўцам якой ён пачаў здымаць кола, каб вызваліць жанчыну.

Муж загінулай на судзе распавёў, што ў той дзень сыну жанчыны патэлефанавалі калегі, сказалі пра здарэнні і што цяпер яна ў Астравецкай раённай бальніцы. Удвух яны паехалі ў бальніцу. Там муж толькі бачыў, як жонка крычала і прасіла абязбольванне. 24 снежня яе перавялі ў Мінск, а 15 студзеня яна памерла.

Фота s13.ru.

Фота s13.ru.

Адна з калег пацярпелай выступіла сведкай па справе і патлумачыла, што пачула крыкі і выбегла на вуліцу. Убачыла, што пад коламі машыны кантралёр, закрычала пра гэта кіроўцу. Пачуўшы, ён выскачыў і пачаў дапамагаць жанчыне. Кантралёр распавяла правілы працэдуры праходжання КПП.

Паводле экспертызы, кіроўца быў цвярозы. Падчас даследавання няспраўнасці ў машыне не знайшлі. На следчым эксперыменце было даказана, што кіроўца мог бачыць чалавека са свайго месца ў бакавым люстэрку ў тым становішчы, у якім загінулая была перад пачаткам руху аўто.

Абвінавачанаму 29 гадоў. Халасты, працуе кіроўцам на прадпрыемстве “СержБудТранс”. Жыве ў Смаргоні, раней не судзімы.

Суд прыгаварыў абвінавачанага прызнаць вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека.

Яму прызначылі пакаранне – пазбаўленне свабоды на два гады з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем на пяць год. З прадпрыемства, на якім працаваў асуджаны, спагналі сем тысяч рублёў маральнай школы на карысць мужа загінулай.

Асуджаны падаў апеляцыю ў абласны суд, бо не быў згодны з прыгаворам. З прыгаворам не была згодная і астравецкая пракуратура, у сувязі з чым таксама накіравала апеляцыю ў абласны суд.

Абласная судовая калегія вызначыла змяніць прыгавор Астравецкага суда. Замянілі два гады пазбаўлення свабоды на два гады абмежавання свабоды з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Памер спагнання з прадпрыемства на карысць мужа загінулай павялічылі з сямі тысяч рублёў да дзесяці.