Горад, вуліцы якога запоўненыя натоўпам людзей. Усе ў чорным і з парасонамі ў руках. З раніцы да вечара не заканчваецца залева, але людзі ўпарта ідуць па лужынах.

Так выглядала Варшава ў гэты панядзелак, 3 кастрычніка. На вуліцы горада выйшлі людзі, пратэстуючы супраць ініцыятывы аб забароне абортаў. Так званы “Чорны пратэст” прайшоўся ледзь не па ўсіх польскіх гарадах.

На панядзелак быў абвешчаны агульнапольскі страйк жанчын. У гэты дзень яны адмовіліся выходзіць на працу, а таксама займацца дамашнімі справамі. У цэнтры Варшавы гэта адчувалася: у кавярнях абслугоўвалі пераважна мужчыны-афіцыянты, ды і за столікамі сядзелі адны мужчыны.

У прадуктовай краме, купляючы бутэльку вады, давялося выслухаць апраўданне ад прадавачкі, якая пачувалася нязручна на працоўным месцы ў гэты дзень. Яна не магла далучыцца да пратэсту, але апранулася на працу ва ўсё чорнае. 

Чалавек, які раптам апынуўся ў цэнтры гэтых падзей і быў апрануты у светлыя штаны і яркую куртку, пачуваў сябе ніякавата. Асабліва ўлічваючы той факт, што ў той жа дзень адбываўся і своеасаблівы “белы пратэст”. Людзі, якія падтрымліваюць ідэю аб поўнай забароне абортаў, апраналіся ў белае і прыходзілі ў касцёлы. Незалежна ад поглядаў, цябе аўтаматычна “прыпісваюць” да аднаго з бакоў, ацэньваючы па адзенні.

Фота ru.rfi.fr.

Фота ru.rfi.fr.

Як і многія іншыя акцыі пратэсту ў Польшчы, гэтая прайшла мірна і завяршылася без інцыдэнтаў. Адрознівалася яна двума момантамі: па-першае, колькасцю ўдзельнікаў. У адной Варшаве колькасць пратэстуючых налічвала некалькі соцень тысяч.

Па-другое, яркімі і агрэсіўнымі лозунгамі на транспарантах: “Урад настолькі гнуткі, што залазіць нам у ….”, “Хочам нараджаць у каханні, а не пасля гвалту і тэрору”, “Акрамя маткі ў мяне ёсць мозг і сэрца”.

Ад 1993 года ў Польшчы легальны аборт можна зрабіць толькі ў тым выпадку, калі цяжарнасць пагражае жыццю і здароўю жанчыны, калі дзіця было зачата ў выніку гвалту ці інцэсту, або калі дзіця можа нарадзіцца з сур’ёзнымі генетычнымі захворваннямі.

Новая ініцыятыва, на падставе якой ствараўся законапраект, магла забараніць аборты і ў гэтых выпадках. Гэта ўжо не першая ініцыятыва новага польскага ўрада, абранага летась, якая выклікае бурную хвалю незадаволенасці ў грамадстве. Правячая партыя “Права і Справядлівасць” і прэм’ер-міністр Польшчы Беата Шыдла выступілі за ўхваленне ініцыятывы.

Што варта ведаць беларусу пра сітуацыю ў Польшчы

Адгалоскі польскіх падзей, трапляючы ў Беларусь, часам набываюць дзіўныя формы. Напрыклад, даводзіцца сутыкацца з выказваннямі, што ўсе полькі выступаюць за аборты. Аднак не ўсё так адназначна. Усіх пратэстуючых можна ўмоўна падзяліць на чатыры групы.

Па-першае, прадстаўніцы феменісцкіх арганізацый і іх прыхільніцы. Пад лозунгам “Маё цела – мая справа” яны адстойваюць права жанчын самастойна прымаць рашэнні ў выпадку цяжарнасці.

Па-другое, тыя, хто не бачыць у абортах нічога добрага, але жадае, каб у крайніх выпадках – гвалт, інцэст, генетычныя мутацыі – полькі ўсё ж маглі пазбавіцца цяжарнасці.

Па-трэцяе, тыя, хто не жадае, каб іх маральны выбар абмяжоўваўся законам. Сюды трапляюць нават веруючыя каталічкі, якія кажуць пра тое, што такія справы не рэгулююцца законапраектам. Калі жанчына свядома ідзе на аборт, разумее яго наступствы, але гатовая ўсё жыццё несці на сабе цяжар гэтага граху і ўчынку, то ўсё ж мусіць мець права на такое рашэнне.

Фота ru.sputniknewslv.com.

Фота ru.sputniknewslv.com.

У чацвертых, сярод праціўнікаў новай ініцыятывы шмат тых, каго ўвогуле мала хвалюе сітуацыя з абортамі. Яны проста выступаюць супраць самога новага ўрада. “Чорны пратэст” – яшчэ адна чарговая нагода выказаць сваё незадавальненне.

Ужо ў сераду стала вядома, што сотні тысяч пратэстоўцаў усё ж дамагліся свайго. Ініцыятыва аб поўнай забароне абортаў не была падтрыманая польскім сеймам. Пратэст паказаў і тое, як грамадства можа ўплываць на развіццё падзей унутры краіны.

Польскае заканадаўства ў гэтай сферы пакуль застанецца без зменаў.  Але кіруючая партыя моцна падарвала свой аўтарытэт сярод жанчын. Нават тыя, хто год таму галасаваў за ”ПіС”, у абурэнні выйшлі на вуліцы ў панядзелак.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2015 годзе ў Польшчы было зроблена 977 абортаў (для параўнання – у Беларусі 25 тысяч цягам 2015).

Пазаўрадавыя арганізацыі рэкамендуюць памножыць лічбу на дзесяць, улічваючы нелегальныя аборты і аборты, зробленыя за мяжой, якія не ўваходзяць у афіцыйную статыстыку.

Дыскусіі наконт забароны абортаў дайшлі і да Беларусі, дзе перарваць цяжарнасць можна легальна па ўласным жаданні. Як вы лічыце, чаму можа навучыць беларусаў досвед краіны-суседкі? Выказвайцеся ў каментарах.