24 кастрычніка а шостай гадзіне вечара ў малой зале Палаца культуры адбудзецца прэзентацыя дакументальнага фільма Вольгі Пятровай “Музыка пад Брайлем”, а таксама будзе працаваць фотаэкспазіцыя Юліі Шаблоўскай “Асяроддзе пражывання: у цемры”.

Фатограф расказала, колькі працавала над фотапраектам, чаму вырашыла ўзяцца менавіта за яго:

Фатограф Юлія Шаблоўская.

Фатограф Юлія Шаблоўская.

“Праект пачынаўся як вучэбны з фотагісторыі пра невідушчага мужчыну Аляксандра Жыдовіча. Аднак пасля месяца амаль штодзённых сустрэч вучоба перарасла ў сяброўства, сяброўства стала жыццём. Так з’явіўся яшчэ адзін герой, яшчэ адзін сябар, яшчэ адно асяроддзе пражывання.

Маладзечна – своеасаблівае месца “Х” для невідушчых людзей

Бо ў горадзе ёсць прадпрыемства, дзе працуюць інваліды па зроку, школа-інтэрнат, дзе вучацца невідушчыя і дзеці са слабым зрокам.

Кожны герой з майго праекта – чалавек-унікум, чалавек-знаходка, чалавек з незвычайнай яркай пазіцыяй. Саша Жыдовіч праз інваліднасць асуджаны на адзіноту ў сценах сваёй аднапакаёвай кватэры, але кожны вечар ўключае ў пакоі святло. “Тут жыве чалавек!” – ганарліва тлумачыць ён сваё дзеянне.

Саша Еўдакімаў – малады выкладчык музычнага каледжа таксама не лічыць інваліднасць падставай апусціць рукі. Ён – той самы прыклад нязломнай стойкасці духу і чалавечай упартасці.

Данік Савеня – брыльянт майго фотапраекта

Хлопчык мог памерці, не дажыўшы да свайго першага дня нараджэння. Ён не толькі выжыў, але і праславіўся сваім голасам і выдатным розумам.

У Беларусі інваліды па зроку і цяпер застаюцца адной з самых неабароненых груп насельніцтва. Ім цяжэй знайсці працу па-за сістэмнымі прадпрыемствамі, практычна немагчыма выйсці за рамкі прымальных прафесій для гэтай катэгорыі інвалідаў, нямногім удаецца знайсці не толькі фінансава дастойную работу, але і займацца пры гэтым любімай справай.

Мы не бачым іх. Яны не бачаць нас. Сваім фотапраектам я вырашыла дапамагчы гэтым людзям выйсці на святло”.