Вы ведаеце, калі ў Вілейку прыязджаў рускі цар Мікалай Другі? За што палітрук Мікалай Кісялёў атрымаў званне Праведніка народаў свету? А як звязаны з Вілейкай  вядомы акцёр і клоўн Юрый Нікулін?    

Выканальнік абавязкаў дырэктара Вілейскага краязнаўчага музея Алена Стрэж і навуковы супрацоўнік Надзея Аўдзей адказвалі на гэтыя пытанні на Трэцім нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”.  Форум праходзіў у Магілёве ад 30 верасня да 2 кастрычніка.

У агульнай экспазіцыі Мінскай вобласці работнікі музея прадставілі свой інтэрактыўны праект “Дзве вайны – памяць адна”.

 – Гэты праект мы зладзілі яшчэ ў 2015 годзе, – распавядае навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Надзея Аўдзей. – Год атрымаўся юбілейны: 70 год вызвалення Беларусі ад фашыстаў і 100-годдзе вызвалення нашага горада ў час Першай сусветнай вайны. Месца на форуме было няшмат, таму хацелася ўсё паказаць цэласна і яскрава.

Надзея адзначае, што ўсю інфармацыю яны прадставілі па-сучаснаму: на банерах.

На першых трох размясцілі звесткі пра Першую сусветную вайну: бой пра Вілейку 1915 года, прыезд Мікалая Другога ў горад, дзейнасць святароў у часы вайны.

А Другую сусветную паказалі праз трох яркіх асоб, якія звязаны з Вілейкай.

Першы – гэта лётчык Уладзімір Панін. Яго самалёт падбілі ля вёскі Снежкава ў самым пачатку вайны. У свой час гэтае імя, як і шмат іншых, адкрыў вілейскі краязнаўца Анатоль Рогач. Цяпер на месцы, дзе падбілі самалёт, стаіць помнік.

Прадставілі таксама інфармацыю пра партызанскі рух 1943 года на Вілейшчыне.  Расказалі пра палітрука і партызана Мікалая Кісялёва,  які выратаваў жыццё 218 яўрэям. За што і атрымаў званне Праведніка народаў свету.

І яшчэ адна цікавая асоба – Міхаіл Шуйдзін. Чалавек, танк якога першым увайшоў у Вілейку ў час вызвалення горада. Стэнд, прысвечаны Шуйдзіну, назвалі “Герой, які дорыць смех”. А ведаеце чаму? Пасля вайны гэты чалавек доўгі час выступаў у клоўнскім дуэце разам з Юрыем Нікуліным.

Дапаўнялі экспазіцыю Вілейскага музея плакаты часоў Вялікай Айчыннай вайны, літаратура па гісторыі горада, буклеты пра помнікі Вілейшчыны.

Надзея Аўдзей лічыць, што такія форумы патрэбныя. Заўсёды ёсць на што паглядзець. Кажа, вельмі ўразіла экспазіцыя музея Валожына. Яе прысвяцілі каталіцкаму святару Уладзіславу Чарняўскаму.  Парадавалі музеі Маладзечна, Лагойска, Заслаўя.

Але разнастайныя экспазіцыі – не адзінае, што было на форуме. Музеязнаўцы, гісторыкі, рэстаўратары дзяліліся тут сваім досведам, ідэямі аб супрацоўніцтве. Народныя майстры прапаноўвалі паўдзельнічаць у майстар-класах.

Агульная экспазіцыя Мінскай вобласці “Памятай мінулае. Шануй сучаснае. Думай пра будучае”, куды ўваходзілі выставы музеяў нашага рэгіёна, заняла на форуме першае месца.