Многія дзяўчаты ў сваім жыцці марыць пачуць тры галоўныя словы: “Ты так паху­дзела”.

Але каб пачуць гэтыя словы, мы чакаем нейкай нагоды: ці то адпачынак на моры, ці то ўласнае вяселле. Або чакаем нейкага панядзелка, з якога добра па­чынаць, ці Новага года.

І амаль кожная з нас, дзяўчат, шукае сабе нейкага стымулу.

І я яго знайшла! Ваш стымул – гэта я. А вы, чытачкі “РГ”, – стымул для мяне.

Але прапаноўваю не чакаць да Новага года, а ўжо ў 2017-ы ўвайсці абноўленымі і лёгкімі.

Да таго моманту, як на сталах з’явяцца тазікі аліўе і тоны мандарынаў, пройдзе 12 тыдняў, чаму б не правесці іх з карысцю?

Дапамагаць нам у гэтым будзе трэнер Руслан Дунец і фітнес-клуб “Тытан”.

Пачынаючы з наступнага тыдня Руслан бу­дзе даваць парады ў спартыўнай зале мне, а на старонках газеты і на сайце “Рэгіянальнай газеты” вам.

У нашай пастаяннай рубрыцы Руслан раскажа, з чаго пачынаць трэніроўкі, паспрабуе развеяць міфы, якія множаць праціўнікі здаровага ладу жыцця, раскажа, як правільна харчавацца, што рабіць, каб не сарвацца, і ці існуюць супрацьпаказанні для наведвання трэнажорнай залы.

– Я адразу магу адказаць на гэта пытанне, – уступае ў размову Руслан, – ёсць такі жарт, у якім толькі частка жарту:

калі вы самі змаглі дайсці да трэнажорнай залы, значыць, вам займацца можна.

Руслан Дунец называе заняткі спортам легалізаваным кайфам, бо, аднойчы паспрабаваўшы, вельмі цяжка “саскочыць” з гэтага. Арганізм, а менавіта кожная наша мышца, якіх у чалавека больш за 600, будзе патрабаваць да сябе ўвагі.

– Галоўнае – гэта правільна паставіць мэту. Мэта ў нашай справе – гэта канкрэтная лічба. Кілаграмы ці сантыметры. А таксама тэрмін, за які можна дасягнуць пастаўленай мэты.

А поспех справы – гэта рэжым і дысцыпліна.

Мая мэта – гэта мінус 10 кілаграмаў да 31 снежня.

– Ну мінус 10 кілаграмаў вы будзеце праз месяц, – запэўніў Руслан. – Што далей рабіць будзем?

Што-што? Імкнуцца да мінус 15, 20…

А вам, паважаныя чытачы, прапаноўваю разам пачынаць змяняць сябе да лепшага, а ў канцы года зладзіць конкурс на нашым сайце. На конкурс трэба будзе даслаць свае два фотаздымкі: да і пасля. Тыя, хто зменіцца больш за іншых, атрымаюць  прыз ад фітнес-клуба “Тытан”.

Сачыце за абнаўленнямі нашай рубрыкі. Наступны артыкул з парадамі, з чаго пачаць, чытайце ў наступную пятніцу, у 16.00.